Знайсці
18.11.2016 / 11:1228РусŁacБел

«Мне шкада прарасійскіх прапагандыстаў»

Даслаў чытач Мардэхай Валошка.

Мне шкада прарасійскіх прапагандыстаў.

Сапраўды шкада. Часам нейкае чалавечае пачуццё абуджаецца.

Гэтаксама вось уранку, амаль як князь Гаутама, калі іду па Качыну ці Каімбатару ды бачу ўсіх гэтых бедных знясіленых агаладалых калек, міма якіх праносяцца новенькія машыны менеджараў, дылераў ды праграмістаў, мне іх шкада. Ім ніколі ўжо не стаць часткаю гэтага працэсу новай эканомікі. Кіну пару манетак.

Калі ў Каломба бачыў дэманстрацыю аднаногіх ветэранаў грамадзянскае вайны на Шры-Ланцы — мне іх было вельмі шкада. Бо яны зараз нікому непатрэбныя. Яны — інваліды, якія сядзяць на ўзбочыне новай дзяржавы, што буяе дзень пры дні, і ім нічога ад гэтага квітнеючага пірага будоўляў, партоў, ІТ-кампаній ды супермаркетаў не дастанецца. Іх скарысталі палітыкі мінулага пакалення, вывезлі грошы ў афшоры пад артылерыйскую кананаду, а гэтых няшчасных калек кінулі.

І калі заходжу ў бай-нэт, мне апошнім часа гэтаксама шкада прарасійскіх прапагандыстаў. Усе гэтыя Баранчыкі, Авер'янавы і іншыя Дзерманты — яны ж маглі жыць і жыццю радавацца. А ім прыходзіцца прыніжацца, выгінацца гэтак, што ажно сабе хрыбет вырываць, каб ім хто капейчыну кінуў. Бо аўдыторыя ўсё меншая, а гранты ўсе радзейшыя. Беларусам не трэба імперыя, беларусам не трэба сакральных ахвяр ды іншага прымітыўнага людажэрства, вайны да апошняга мора, беларусы проста хочуць жыць не горш за іншых. Гэта вось неяк дробна, а ні чорта не пасіянарна, але гэта тое, што ёсць.

Ад таго іх голас становіцца больш злым, як у тых калек мінулай грамадзянскай вайны, ад адчаю гатовых кінуць у мінакоў мыліцаю. Не змяняючы сваёй рыторыкі, заходнерусісты самі робяцца інтэлектуальнымі калекамі, не патрэбнымі ні аўдыторыі, ні нават сваім спонсарам. Бо тым прасцей купіць тых, хто мае добры трафік, каб мець уплыў. Вось сядзяць яны на ўзбочыне, галосяць на несправядлівы сучасны свет, а міма праносяцца менеджары, дылеры і праграмісты…

У той жа час у нашай глабальнай вёсцы людзі на абсалютна гэткай жа лухце зарабляюць тысячы і тысячы даляраў. Чаму? Проста ў іх аўдыторыя шырокая. Вось, як нядаўна на выбарах прэзідэнта ЗША. Клікбайт? Глупства? But it pays well.

Таму, замест капеечкі, я прапаную нашым заходнерусістам вуду, каб маглі ўжо тую капеечку самі здабываць. Вывучыце англійскую ці іспанскую мову — для вас адкрыюцца магчымасці прадаваць ваш талент несці лухту на шматмільённую аўдыторыю ў дзясятках краінаў свету. Выбары там бываюць год ад году, палеміка гарачая бывае, самі бачылі якая. А народ паўсюль аднолькава лянівы, таму добрую капейчыну сабе можаце зарабіць.

А Беларусь няхай ужо неяк дажывае. Бо нават калі вы наклікаеце сюды сваіх «зялёных чалавечыкаў», каб прагналі ўсіх менеджараў, дылераў і праграмістаў, то хто будзе карміць вас і вашых мамак у гэтым несправядлівым свеце, дзе ўсе фінансавыя плыні ідуць міма вас? Шкада вас, бо вы гэтага не зразумееце і працягнеце махаць у паветры сваімі мыліцамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930