Знайсці
21.11.2016 / 11:225РусŁacБел

Жыхары квартала пратэстуюць супраць намеру размясціць новы будынак міліцыі і ДАІ на Данілы Сердзіча, 12

Пра гэта гаворыцца ў лісце, які даслаў у «Нашу Ніву» чытач Дзяніс Тушынскі.

Вуліца Д. Сердзіча, выява з Google Maps

У верасні архітэктурна-горадабудаўнічая рада пры галоўным архітэктары Мінска, напляваўшы на пратэсты жыхароў нашага квартала, прыняла рашэнне аб далейшым праектаванні адміністратыўнага будынка па адрасе вуліца Данілы Сердзіча, 12.

Вось некаторыя з прычын незадаволенасці людзей гэтым праектам.

Па-першае, вялікі будынак, дзе жадаюць размясціць раённую пракуратуру, аддзяленне міліцыі і ДАІ, плануюць уціснуць усярэдзіну квартала са шчыльнай жылой забудовай. Праект прадугледжвае «выдаленне аб’ектаў расліннага свету». За гэтай «паліткарэктнай» фразай хаваецца варварскі выруб дзясяткаў цудоўных дрэў, многія з якіх саджалі самі жыхары. Побач з будынкам запраектаваная ведамасная стаянка і паркоўка амаль на 100 машынамесцаў! Урэшце, для будаўніцтва трэба спачатку знесці будынак, што належыць пачатковай школе № 116, дзе раней месціўся дзіцячы садок.

У жніўні перадпраектная дакументацыя была вынесеная на грамадскае абмеркаванне. Мы з сям’ёй паслалі ва ўпраўленне архітэктуры Фрунзенскага раёна зварот, дзе пазначылі шматлікія супярэчнасці праекта палажэнням нарматыўных прававых актаў. Напрыклад, ёсць тэхнічны кодэкс ТКП 45-3.01-116-2008 «Горадабудаўніцтва. Населеныя пункты. Нормы планіроўкі і забудовы». Гэты дакумент, у прыватнасці, патрабуе забяспечыць пры будаўніцтве бяспечныя ўмовы жыцця і абарону прыродных комплексаў, забараняе забудову зялёных зон і размяшчэнне ў жылых зонах аб’ектаў, што ствараюць шум і забруджваюць паветра, і г.д., і да т.п.

Але пра якую бяспеку можна казаць, калі будынак з такой паркоўкай праектуюць у цэнтры жылога квартала? Уявіце, як узрасце аўтаплынь праз двары, прычым у ажыўленым месцы: побач гастраном, пошта, бытавы камбінат і дзіцячы клуб. А як вырастуць узроўні загазаванасці і шуму? Але ні замоўцу, ні праекціроўшчыка гэта не хвалюе: ешце наш пыл, тубыльцы, так бы мовіць.

Жыхары нашага квартала ўсталі на абарону сваіх правоў. Па словах начальніцы ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва Фрунзенскага раёна Т. С. Вераб’ёвай, ва ўпраўленне было пададзена 182 звароты. Людзі выказаліся супраць будаўніцтва. Актыўна пратэставалі жыхары і на прэзентацыі перадпраектнай дакументацыі. Прапаноўваліся альтэрнатыўныя рашэнні: пакінуць будынак за пачатковай школай, адрадзіць там садок і г.д.

Дарэчы, у матэрыялах, што прадставілі на грамадскае абмеркаванне, напісана, што цяпер будынак па вул. Д. Сердзіча, 12 стаіць пусты. Але гэта хлусня, што ўводзіла ў зман і ўдзельнікаў абмеркавання, і экспертаў, што прымалі рашэнне аб лёсе праекта! Насамрэч у будынку месціцца раённы аддзел прымусовага выканання і частка клубаў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Эўрыка».

Як жа рэагуе на волю народа архітэктурна-будаўнічая рада? Яе абавязак — падсумаванне вынікаў грамадскага абмеркавання, што праводзіцца «з мэтамі ўліку грамадскіх інтарэсаў і забеспячэння правоў». Мяркуючы па пратаколе пасяджэння рады, гэтымі мэтамі ў нашым выпадку і не пахла. Хутчэй наадварот, цэлы арсенал метадаў быў выкарыстаны, каб «адфутболіць» меркаванне грамадскасці.

Пачнём з таго, што грамадскае меркаванне як гэткае ў пратаколе не адлюстравана: не пазначана, падтрымалі людзі праект ці адхілілі, колькі менавіта зваротаў змяшчаюць негатыўнае меркаванне. Гэта і не дзіўна, бо для замоўцы меркаванне атрымалася абсалютна непрымальнае.

Камітэт архітэктуры Мінгарвыканкама адхіліў мае просьбы прысутнічаць на пасяджэнні рады. У вусных размовах не раз гучала, што, маўляў, навошта нам гэтыя абураныя мясцовыя жыхары — гэта ж справа прафесіяналаў. І праўда, лепш вырашыць усё ў сваім коле: ціха-мірна, шыта-крыта.

Цэлы шэраг заўваг і прапаноў рада праігнаравала, наконт многіх іншых дала адпіскі. Вынікі «аналізу» дзясяткаў зваротаў занялі ў пратаколе — увага! — паўтары старонкі, і тое ў таблічнай форме. Вось што значыць прафесіяналы! «А мо, так і трэба?». Паперу ж належыць эканоміць — бо колькі дрэў пойдзе пад бензапілы з-за іх рашэння.

Вышэй я згадаў 182 звароты? Забудзьцеся, бо рада ўлічыла толькі 52 з іх. А астатнія — амаль тры чвэрці — былі адхіленыя з загадкавай нагоды «адсутнасці афармлення і рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку». Устаноўленым кім? Ні Палажэнне аб грамадскім абмеркаванні, ні паведамленне аб гэтым абмеркаванні не змяшчаюць патрабаванняў да афармлення зваротаў. А рэгістраваць звароты ўвогуле павінна арганізацыя, што іх прымае. Іянэску адпачывае.

Дзе няма чым пярэчыць, можна абсурдна схлусіць. Напрыклад, мы рабілі заўвагі, якія датычацца стаянкі ля будынка. А рада адказвае, што «праектам стаянка не прадугледжаная», хаця гэта чорным па беламу пазначана ў матэрыялах экспазіцыі.

А вось як рада адбівае прапанову пакінуць будынак за пачатковай школай. Аказваецца, «па інфармацыі ўпраўлення адукацыі Фрунзенскага раёна, патрэба ў дадзенай дашкольнай установе ў сістэме адукацыі адсутнічае ў сувязі са змяншэннем колькасці насельніцтва ў квартале». Вось якое шчодрае ўпраўленне: раздае будынкі направа і налева. Каму трэба — звяртайцеся.

Адкуль ва ўпраўлення ўвогуле такая дэмаграфічная інфармацыя? Квартал зусім не нагадвае горад-прывід, дзяцей шмат. А каб інфармацыя і адпавядала рэчаіснасці, чаму б не ўлічыць перспектыву росту колькасці жыхароў у будучыні?

Заўвагу аб тым, што ў будынку працуюць дзіцячыя клубы, рада пакідае без увагі, прапанову адрадзіць дзіцячы садок таксама ігнаруе, хаця ў квартале ён застаўся ўсяго адзін з ранейшых трох. Звяртаюся ў гэты астатні, №284, каб даведацца, ці можна ўладкаваць туды дзіцё. Што вы! Трэба займаць чаргу ў выканкам, а дзяцей у групах значна больш, чым мае быць. Так што, не ведаю, як у сістэмы адукацыі, а ў людзей патрэба ў дашкольнай установе ёсць.

Праблема недахопу ўстаноў адукацыі ўва Фрунзенскім раёне даўно вядомая. Але зручней закрыць на яе вочы, бо інакш для адміністратыўных будынкаў можа не застацца ні месца, ні грошай. А тут «насельніцтва скарачаецца» — раздолле. Памятаеце Жванецкага і Райкіна: «Нас многа, а месцаў мала. Нас многа, а штаноў мала. Тут адзін выхад, Рыгор. Нас мусіць менш быць».

Забаўляецца рада і вядомай гульнёй ў «сапсаваны тэлефон», у якой сутнасць прапанаванай заўвагі скажаецца, а адказ даецца ўжо не на яе, а на яе, мякка кажучы, вольную інтэрпрэтацыю. Прыкладам, падалі заўвагу, маўляў экалагічная сітуацыя ў квартале пагоршыцца ў выніку будаўніцтва аб’екта. Чытаем адказ: «У адпаведнасці з экалагічным маніторынгам, экалагічная абстаноўка ў дадзеным раёне спрыяльная» (па традыцыі, без аніякіх спасылак на крыніцу інфармацыі). Як быццам, нехта ім пісаў пра цяперашні момант.

Хаця гэты адказ, магчыма, больш глыбокі, чым падаецца на першы погляд. Мо гэта намёк: пратэстуй — не пратэстуй, гэта ўсё адно не дапаможа, дык жывіце днём сённяшнім, цешцеся спрыяльнай экалагічнай абстаноўкай, пакуль наш аб’ект вам яе не падпсаваў.

Можа і так, ды толькі азначэнне цяперашняй экалагічнай сітуацыі як спрыяльнай таксама хлусня. Ацэнка стану навакольнага асяроддзя, выкананая ў межах дзяржпраграм «Прыродныя комплексы» і «Экалагічная бяспека» паказала, што экалагічная сітуацыя ў квартале адносна неспрыяльная, яго дрэвы моцна пашкоджаныя і г.д. Дарэчы, такая ацэнка зафіксавана і ў «Схеме зон найбольш неспрыяльных экалагічных умоў г. Мінска», распрацаванай УП «Мінскграда». Аднак у прысутных на пасяджэнні кіраўнікоў гэтай арганізацыі, таксама як і ў прадстаўніка камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, відаць, у той дзень было не ўсё ў парадку з памяццю. Ці, можа, з сумленнем?

Зірніце, як адхіляюць прапанову не зносіць цяперашні будынак. Спачатку пішуць у пратаколе, што ён 1963 года, хаця на сам рэч — 1968-га. Затым згадваюць быццам бы праведзены разлік, паводле якога аднаўленне будынка абыдзецца ў 1,5 разу даражэй, чым пабудова новага (як вы, напэўна, здагадаліся, спасылкі на адпаведны дакумент няма). Але дазвольце, у квартале шмат жылых дамоў такога ж веку, але пабудаваць новае жытло жыхарам ніхто не прапаноўвае.

Памятаецца, прэзідэнт нашай краіны ў пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў 2016 годзе адзначыў: «У гэтым годзе давядзецца ўсім абмежаваць сябе. Як мы гэта зрабілі ў жыллёва-камунальнай сферы…» Ну што ж, я, як і мае суседзі, жывём у поўнай адпаведнасці з гэтым выказваннем. Напрыклад, майму дому 43 гады, а капітальны рамонт у ім не рабіўся ні разу — і не прадбачыцца.

А чаму б не абмежаваць сябе раённай адміністрацыі і тым арганізацыям, якія плануюць размесціць у будынку? Праектаванне новага адміністратыўнага гмаху асабліва абурае на тле чарговага скарачэння фінансавання сацыяльнага будаўніцтва ў Мінску (рашэнне Мінгарсавета ад 29 чэрвеня 2016 года). На маю прапанову апублікаваць папярэдні бюджэт не звярнулі ўвагі, а то б мы даведаліся, колькіх новых дзіцячых садкоў і капітальных рамонтаў будзе каштаваць гэты праект.

Дарэчы, спачатку Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб рэканструкцыі будынка пачатковай школы. Не ведаю, ці збіраліся там пакінуць установу адукацыі, але калі нават і не, то такі варыянт, верагодна, задаволіў бы частку жыхароў. Аднак затым з’явілася рашэнне аб зносе будынка пачатковых класаў і будаўніцтве на яго месцы адміністратыўнага. Апетыт прыходзіць падчас ежы — і я баюся, што ён яшчэ не спатолены.

Дзеля справядлівасці, падзякую тут тым сябрам рады, якія ўсё ж крытыкавалі ідэю размяшчэння будынка ў нашым квартале. Праўда, у пратакол іх погляд не ўключылі.

Па ходзе справы ў мяне ўзнікла новая інтэрпрэтацыя скульптуры «Дойлід», што ля будынка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. У ёй можна ўбачыць алегорыю чыноўнікаў ад архітэктуры, вызначальнікаў лёсаў забудовы, якія «прасцерлі длань» над будынкамі горада. Звярніце ўвагу, жыхароў у кампазіцыі няма — маштаб для чыноўнікаў занадта дробны.

Сітуацыя не надае аптымізму, але і дэпрэсаваць не хочацца. Таму закончу прагматычна: мы працягваем адстойваць наш квартал і будзем аспрэчваць рашэнне рады. Як сказаў Шылер: «Нішто гэтак не робіць жыццё лёгкапераносным, як дзейнасць, скіраваная да адной мэты».

Даслаў чытач Дзяніс Тушынскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера