Знайсці
28.10.2016 / 14:2011РусŁacБел

Карэспандэнта БелаПАН выдалілі з міжнароднай канферэнцыі з пагрозай прымянення сілы

Карэспандэнт БелаПАН Алена Спасюк была выдаленая з міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Здароўе і навакольнае асяроддзе» з пагрозай прымянення сілы.

Канферэнцыя праходзіць у Мінску 27—28 кастрычніка і прысвечана 90-годдзю санітарна-эпідэміялагічнай службы Беларусі. Інфармацыя пра мерапрыемства была загадзя размешчана ў адкрытым доступе на сайце РУП «Навукова-практычны цэнтр гігіены», прычым умовы ўдзелу журналістаў у ёй не агаворваліся.

Раніцай 28 кастрычніка Алена Спасюк, паказаўшы рэдакцыйнае пасведчанне, прайшла рэгістрацыю на пленарнае пасяджэнне канферэнцыі, якое праходзіць у Навукова-практычным цэнтры гігіены. За пяць хвілін да пачатку мерапрыемства вучоны сакратар цэнтра Святлана Ітпаева-Людчык папрасіла журналіста БелаПАН пакінуць залу, аргументуючы гэта тым, што на канферэнцыі могуць знаходзіцца толькі тыя журналісты, якіх запрашала адміністрацыя цэнтра. У адказ Спасюк заявіла, што яна прайшла рэгістрацыю і прадстаўляе афіцыйна зарэгістраваны ў Беларусі сродак масавай інфармацыі.

Пасля гэтага да Спасюк у суправаджэнні вучонага сакратара падышоў намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце РУП «Навукова-практычны цэнтр гігіены» Генадзь Лосеў, які таксама запатрабаваў, каб журналістка пайшла. Спасюк адмовілася сысці і папярэдзіла, што выкліча міліцыю, калі ёй будуць перашкаджаць выконваць прафесійныя абавязкі. Нягледзячы на гэта, Лосеў забраў са стала асабістыя рэчы журналісткі, уключаючы мабільны тэлефон і дыктафон. «Вы хочаце, каб мы вывелі вас за рукі?» — пацікавіўся ён.

Інцыдэнт адбываўся ў прысутнасці шматлікіх удзельнікаў канферэнцыі, у выніку журналістка была вымушаная выйсці з залы пасяджэння. Лосеў суправаджаў яе да выхаду з будынка цэнтра.

На пытанне, ці ведае ён пра права журналістаў асвятляць грамадскія мерапрыемствы, а таксама пра палітыку адкрытасці працы дзяржорганаў, пра якую неаднаразова заяўлялі чыноўнікі ўсіх узроўняў, Лосеў адказаў: «НПЦ гігіены — гэта рэжымны аб'ект. Вы сюды не запрошаныя, заяўку вы не падавалі. Вы парушылі ўсё, што толькі можна парушыць».

З нагоды рэгістрацыі на канферэнцыю, якую прайшла Спасюк, ён заявіў: «Ёсць нормы, як правільна паводзіць сябе акрэдытаваным журналістам. У нас свае СМІ, якія атрымліваюць грошы, — няхай працуюць».

Інфармацыйная кампанія БелаПАН расцэньвае дзеянні чыноўніка як абуральны выпадак парушэння заканадаўства Беларусі аб СМІ і гарантаванага Канстытуцыяй права на свабоду слова.

БелаПАН афіцыйна звярнуўся да дырэктара РУП «Навукова-практычны цэнтр гігіены» Сяргея Сычыка з просьбай правесці службовую праверку і вызначыць у дачыненні да Ітпаевай-Людчык і Лосева меры дысцыплінарнага спагнання, а таксама праінфармаваць сваіх падначаленых аб асноўных прынцыпах працы з супрацоўнікамі СМІ з пункта гледжання палітыкі адкрытасці дзяржаўных органаў.

Аналагічныя лісты накіраваныя ў адрас міністра аховы здароўя Васіля Жарко і міністра інфармацыі Ліліі Ананіч.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930