Знайсці
26.10.2016 / 20:546РусŁacБел

Эксперт: У найбліжэйшыя гады Мінск наўрад ці стане сусветнай шопінг-сталіцай

Буйныя гандлёва-забаўляльныя цэнтры, якія павінны быць адкрыты ў сталіцы ў найбліжэйшыя месяцы, стымулююць прыход у Беларусь сусветных брэндаў, аднак у найбліжэйшыя некалькі гадоў Мінск наўрад ці стане сусветнай шопінг-сталіцай. Такое меркаванне выказаў дырэктар дэпартамента кансалтынгу і даследаванняў кампаніі Colliers International у Беларусі Дзяніс Чацверыкоў.

«Яшчэ адзін-два гады таму чакалася, што да канца 2016 года ў Мінску павінны пабудаваць 17 гандлёвых і гандлёва-забаўляльных цэнтраў сукупнай арэнднай плошчай 415 тыс. кв. м. Аднак у пачатку года стала зразумела, што ў 2016 годзе можна чакаць толькі каля 250 тыс. кв. м, — адзначыў эксперт. — Але і гэта аказалася непад'ёмнай планкай. Пакуль якаснага развіцця рынак не атрымаў, калі не лічыць, вядома, адчувальнага зніжэння ставак арэнды і высокага ўзроўню вакантнасці старых і няўдала размешчаных гандлёвых цэнтраў».

Паводле слоў Чацверыкова, калі ў пачатку года гаворка ішла аб 150—170 тыс. кв. м незапоўненых плошчаў, то зараз можна дадаць яшчэ каля 100 тыс. «На рынку ўзраслі рызыкі рэалізацыі праектаў, што ўплывае на магчымасці адкрыцця аб'ектаў у заяўленыя тэрміны. За першае паўгоддзе былі ўведзены толькі тры адносна буйныя аб'екты сумарнай арэнднай плошчай 40,7 тыс. кв. м, сярод якіх можна вылучыць «Глобус Парк» за межамі гарадской рысы і «Цівалі-Мэбля» на вуліцы Прытыцкага», — сказаў эксперт.

Пры гэтым знакавыя для Мінска гандлёвыя цэнтры Galleria Minsk, Dana Mall і Green City пакуль не прымаюць наведвальнікаў. «Улічваючы бягучую ступень гатоўнасці аб'ектаў і стан узаемаадносін з арандатарамі, высокая верагоднасць, што да канца года поўнасцю адкрыецца ТРЦ Galleria Minsk. Магчыма, цалкам або часткова запусціцца Dana Mall. А вось жыхары Каменнай Горкі, хутчэй за ўсё, так і не трапяць у гандлёвы цэнтр Green City да новага года», — лічыць Чацверыкоў. Пакуль не ясна, ці будзе ўведзены ў строй гандлёвы цэнтр «Е-Сіці» ў Каменнай Горцы, а «Віталюр» у Брылевічах і зусім адмовіўся ад рэалізацыі праекта двухпавярховага гандлёвага цэнтра на вуліцы Каралінскай, хоць яго планавалі ўвесці да канца года.

Дэвелаперы новых аб'ектаў ужо сутыкнуліся з дэфіцытам арандатараў. «Брэндавых аператараў на ўсіх не хапае. Таму трэба прыцягваць новых для горада і краіны аператараў. У гэтым і заключаецца задача і адзін з галоўных элементаў сацыяльнай карыснасці новых буйных молаў. Вялікім патэнцыялам па прыцягненні сусветных брэндаў шмат у чым валодае ТРЦ Galleria Minsk дзякуючы свайму месцазнаходжанню, якасці будаўніцтва і напаўненню. У прыватнасці, флагманскія крамы тут адкрыюць Reserved і Koton, пра што нядаўна абодва заявілі афіцыйна. Міжнародныя сеткі пацягнуць за сабой і нацыянальных рытэйлераў. Такое суседства ідзе на карысць рознічным продажам», — лічыць Чацверыкоў.

З'яўленне буйных аб'ектаў таксама можа стымуляваць пераезд аператараў, аднак, на думку эксперта, гэта не выйдзе за рамкі звычайнай ратацыі. «Цяпер не адбываецца ўсеагульнага кідання арандатараў з аб'екта на аб'ект. Так, рытэйлеры закрываюць крамы ў непапулярных і састарэлых аб'ектах і пераязджаюць у больш якасныя гандлёвыя цэнтры. Але ратацыя арандатараў адбываецца заўсёды — гэта нармальны працэс нават для стабільнага перыяду ў эканоміцы. Гэта можа быць карысна як самім рознічным сеткам, так і гандлёвым цэнтрам», — сказаў дырэктар дэпартамента.

Паводле яго слоў, аператары забаўляльных цэнтраў адчулі павышаны попыт дэвелапераў і ўласнікаў аб'ектаў. У Мінску адкрываюцца новыя буйныя дзіцячыя цэнтры, музеі навукі, цэнтры віртуальнай рэальнасці. Дэвелаперы, якія імкнуцца прыцягнуць наведвальнікаў на аб'ект, усё часцей звяртаюць увагу на новыя фарматы і падыходы.

Міжнародныя аператары вольнага часу і забаў сур'ёзна разглядаюць магчымасць адкрыцця ў сталіцы буйных (на некалькі тысяч квадратных метраў) дзіцячых цэнтраў, новых кінатэатраў, у тым ліку фармату IMAX. «Такая актыўнасць, якая назіраецца ўслед за бумам новых міжнародных сетак фастфуду, дазваляе спадзявацца, што Мінск усё-ткі рухаецца ў бок развіцця спажывання і стане ў хуткім часе еўрапейскай сталіцай, у якой кожны можа паспрабаваць на сабе апошнія павевы ў сферы вольнага часу і забаў», — заявіў прадстаўнік кампаніі Colliers International.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031