Знайсці
25.10.2016 / 19:494РусŁacБел

У Саўміне разглядаюць указ аб пераводзе «нядобрасумленных суб'ектаў аграэкатурызму» ў разрад прадпрымальнікаў

Нядобрасумленных суб'ектаў аграэкатурызму, якія ператвараюць гэты від дзейнасці ў рэстаранна-гатэльны бізнес, неабходна пераводзіць у разрад прадпрымальнікаў, заявіў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной 25 кастрычніка на круглым стале ў Мінску.

Паводле яго слоў, змены і дапаўненні ва ўказ № 372 «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь», якія ініцыюе Міністэрства спорту і турызму, як раз не дазволяць «спекуляваць» на сельскім турызме. Цяпер дакумент знаходзіцца на разглядзе ў Саўміне.

«Згодна з указам, асноўныя ўмовы, якія павінен выконваць уладальнік аграсядзібы, — гэта жыць у вёсцы, весці асабістую падсобную гаспадарку, вырабляць чыстыя прадукты і адраджаць сяло і культурныя традыцыі, — сказаў Партной. — Асноўная маса сапраўды правільна разумее гэты пасыл, развівае сяло і ўкладвае душу. Аднак з'явіліся дзялкі, якія выкарысталі прабелы ў заканадаўстве і падмянілі добрую гэтую ідэю шараговымі камерцыйнымі праектамі. То бок людзі займаюцца рэстаранна-гатэльным бізнесам, пазбягаючы выплаты падаткаў».

Чыноўнік зазначыў, што людзей, якія сапраўды займаюцца аграэкатурызмам, дзяржава «будзе на руках насіць, здымаць бюракратычныя перашкоды і дапамагаць». Але, заявіў ён, «нядобрасумленных дзялкоў неабходна перавесці ў разрад прадпрымальніцкай дзейнасці». Партной падкрэсліў, ва ўказе № 372 выразна прапісана, што аграэкатурызм прадпрымальніцкай дзейнасцю не з'яўляецца.

«На справе што мы бачым: адна міні-гасцініца, другая, побач два кафэ, банкетныя залы на 200 месцаў. Але плацяць адну базавую велічыню ў год. Трэба людзям мець сумленне і не абкрадваць дзяржаву», — сказаў ён.

Праектам указа ў сферы аграэкатурызму Мінспорту прапаноўвае лічыць прадпрымальніцкай дзейнасцю: арганізацыю вяселляў і банкетаў, аказанне паслуг з выкарыстаннем больш за дзесяць жылых пакояў альбо больш чым 20 турыстам адначасова. Акрамя таго, дакумент дэталізуе пункт «дадатковыя паслугі», з указаннем, якія менавіта паслугі можа аказваць аграэкасядзіба. Таксама ставіцца захаванне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў. Яшчэ адна навіна — распаўсюджванне прэферэнцый для аграсядзіб на курортныя зоны.

Партной заклікаў уладальнікаў аграсядзіб выказваць сваё меркаванне і весці канструктыўны дыялог па праекце ўказа, які вывешаны на сайце Мінспорту ў адкрытым доступе.

На заканчэнне намеснік міністра прывёў у прыклад сельскі турызм Польшчы, дзе суб'екту сельскага турызму прапануецца пяць спосабаў выплаты падаткаў, а падатковая стаўка ўзрастае ад 0,18 да 32%. Пад пачатковую стаўку 0,18% трапляюць тыя, хто выконвае абавязковыя ўмовы: вядзенне сялянска-фермерскай гаспадаркі з пражываннем у сельскай мясцовасці, здаюць унаём не больш за 5 спальняў у памяшканні, якое мае статус жылога, і ставяць мэтай сельскі адпачынак.

«Калі хоць адзін з пунктаў парушаецца, падатковая нагрузка ідзе па поўнай праграме,—- сказаў ён. — Хоць кропля спіртнога капнула — плюс 8,5%, аказвае гасцінічныя паслугі — плюс 18%».

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера