Знайсці
25.10.2016 / 18:1431РусŁacБел

«У тым, што здарылася, вінаваты сам інспектар» — абвінавачаны ў справе аб ДТЗ з даішнікам агучыў сваю версію

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска ідзе працэс па гучным ДТЗ: даішнік паспрабаваў затрымаць матацыкліста, а той — выпадкова ці не — паехаў. У выніку міліцыянт правёў у коме 1,5 месяца, а кіроўца матацыкла чакае прысуду ў СІЗА.

Пасля перапынку абвінавачваны Сяргей Шаўцоў нарэшце даў паказанні. Па яго словах, нумара на матацыкле ў яго не было, бо ён адваліўся па дарозе.

Сяргей Шаўцоў

Таксама матацыкл не прайшоў тэхагляд. Шаўцоў запэўніў, што якраз ехаў на СТА, каб гэта выправіць.

«Я спяшаўся, бо хацеў перад СТА заехаць у абменнік. Таму парушыў правілы і выехаў на трамвайныя пуці. Калі я стаяў на іх, да мяне падбег Таўпінец, штосьці сказаў неразборліва. Затым сказаў: «Вызвальце пуці і пакажыце дакументы» і зрабіў рух рукою направа. Я падумаў, што ён хоча, каб я з’ехаў убок і паказвае куды», — сказаў Шаўцоў.

Затым, расказаў абвінавачваны, ён трохі адкаціў матацыкл назад, каб аб’ехаць інспектара і ўстаць там, дзе той паказваў.

«Але як толькі я пачаў рух, Таўпінец накінуўся на мяне», — сказаў Шаўцоў.

Па яго словах, інспектар пачаў хапаць яго за рукі і руль матацыкла. Праз гэта пальцы кіроўцы саслізнулі з рычага счаплення, а правая рука, на якую ціснуў Таўпінец, праз гэты ціск выкруціла газ, і матацыкл рэзка рвануў з месца.

«Я згубіў кантроль над матацыклам з моманту ўмяшальніцтва інспектара ў працэс кіравання», — кажа Шаўцоў.

Ён кажа, што магчымасці скінуць хуткасць проста не меў — усе яго намаганні былі накіраваныя на тое, каб матацыкл не ўпаў на дарогу. Тым часам рука інспектара ляжала на яго руцэ, націскаючы газ. Таму спыніць матацыкл кіроўца таксама не мог.

Гэтым абурыўся інспектар.

«Вы хлусіце», — эмацыйна заявіў Таўпінец.

«Дзе ляжаць рукі, можна пабачыць на запісах», — адказаў яму Шаўцоў.

Па словах абвінавачванага, яму вельмі шкада, што Таўпінец атрымаў такія цяжкія траўмы. Але сваю віну Шаўцоў так і не прызнаў.

«З майго пункту гледжання вінаваты ў тым, што здарылася, сам Таўпінец», — паведаміў матацыкліст.

Не прызнаў ён і супраціву інспектару:

«Я ж не трымаў яго, не штурхаў, не цягнуў за сабой».

Таксама Шаўцоў сцвярджае, што з’ехаць з месца ён не планаваў.

«У мяне з дакументамі было ўсё нармальна, і гарэла чырвонае святло — з’язджаць было б вар’яцтвам. Так, можа раней у мяне і былі падобныя парушэнні. Але сёння мне ёсць, што губляць: я пабудаваў дом, пасадзіў дрэўцы, паціху рыхтуюся завесці дзіця», — запэўніў ён.

Пра парушэнні ўзгадаў і суддзя Есьман, нагадаўшы, што іх з 2007 года было аж 52. І ў 2014 і ў 2015 гадах Шаўцова пазбаўлялі правоў праз парушэнне хуткасці. А некаторыя штрафы ён атрымліваў, кіруючы машынай у той час, калі быў пазбаўлены правоў.

«Мая праца — абслугоўваць камп’ютары. Для гэтага трэба рухацца, інакш я страчу сродкі для існавання», — патлумачыў Шаўцоў.

Затым яго адвакаты нечакана папрасілі прыцягнуць да грамадзянскай адказнасці яшчэ і ўладальніка інкасатарскай машыны — то бок «Белінвестбанк». Яны абгрунтавалі гэта тым, што машына таксама ўдзельнічала ў ДТЗ. Такім чынам, прапанавалі адвакаты, пазоў інспектара ў 50 тысяч рублёў павінен быў бы падзяліцца паміж Шаўцовым і банкам. Праўда, суддзя Есьман гэтае хадайніцтва адхіліў.

Дарэчы, тысячу рублёў пацярпеламу ўжо пералічыла жонка Шаўцова. Такім чынам, калі суд задаволіць пазоў інспектара, матацыкліст павінен будзе выплаціць «усяго толькі» 49 тысяч.

Працэс па справе працягнецца 27 кастрычніка.

Чытайце таксама: Інспектар ДАІ, які пасля аварыі з матацыклістам правёў у коме паўтара месяца, просіць $25 тысяч кампенсацыі

Улад Швядовіч, фота Ірыны Арахоўскай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930