Знайсці
25.10.2016 / 17:4117РусŁacБел

Інспекцыя працы адмовіла ў спецрасследаванні смерці школьніцы ў Маладзечне. Родныя збіраюцца ў суд

Маладзечанскі міжраённы аддзел Дэпартамента дзяржінспекцыі па працы адмовіў у правядзенні спецрасследавання па факце смерці 13-гадовай школьніцы ў Маладзечне падчас уборкі бульбы. Родным загінулай дзяўчынкі застаецца толькі звяртацца ў суд — і яны гатовыя гэта зрабіць. Незалежны прафсаюз РЭП ужо прапанаваў ім сваю дапамогу ў гэтым.

Фота: Дар'я Буракіна, tut.by

Днямі сям'я Папчэняў атрымала адказ з інспекцыі працы. Там прыйшлі да высновы, што няма падстаў для правядзення спецыяльнага расследавання няшчаснага выпадку на вытворчасці.

Як ні абсурдна, але аргументуюць гэта сярод іншага тым, што ў Беларусі заключаць працоўную дамову дапускаецца толькі з грамадзянамі ва ўзросце ад 14 гадоў — а загінулай было ўсяго 13. І «ні працоўных, ні грамадзянска-прававых адносін паміж ААТ «Усход-Агра» і школьніцай не ўстаноўлена».

Дэпартамент дзяржінспекцыі працы заяўляе, што «не надзелены правам устанаўлення факту наяўнасці працоўных адносін пры дадзеных абставінах». Аднак адзначае, што такі факт можа ўстанавіць суд Маладзечанскага раёна.

Як распавёў праваабаронца Леанід Судаленка, такая заява ў суд ужо рыхтуецца. Будуць пачынаць з раённага суда — але гатовыя дайсці і да Вярхоўнага.

«Я лічу, што гэта страусіная пазіцыя Дэпартамента па працы. Гатовы дапамагчы бацьку падаць заяву ў суд і прадстаўляць яго інтарэсы», — заявіў Судаленка. Родныя загінулай школьніцы пацвердзілі журналістам, што маюць намер давесці гэта пытанне да канца.

Дазволу на працу школьніцы ў бацькоў ніхто не браў, а вучні прыбіралі ўраджай у рамках «акцыі»?

Раней начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Іна Драпеза заявіла, што на ўборку бульбы «не накіроўвалі цэлы клас», і пры гэтым усё «ўзгаднялі з бацькамі». А таму «хто недагледзеў, тыя адкажуць».

Аднак цяпер дакладна вядома: бацькі школьніцы Вікторыі Папчэня не давалі сваёй згоды на прыцягненне дачкі да сельгасработ — ні ў пісьмовым, ні ў вусным выглядзе. Хоць у афіцыйных загадах аб прыцягненні вучняў да работ такое патрабаванне нават чамусьці не пазначалася (а павінна было, па заканадаўстве).

Акрамя таго, вядома як мінімум пра адзін выпадак, калі бацькі падпісалі такую згоду для школы ўжо «заднім» днём пасля трагедыі.

Раней паведамлялася, што распараджэнне дапамагчы арганізацыям Маладзечанскага раёна ва ўборцы бульбы напярэдадні здарэння разаслалі па прадпрыемствах за подпісам мэра Аляксандра Яхнаўца.

Але як стала вядома, таксама ліст наўпрост ад СВК быў накіраваны і ў адрас аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама. І пазней ужо кіраўнік аддзела Іна Драпеза накіравала свой ліст установам адукацыі горада аб неабходнасці накіраваць у СВК «работнiкаў або навучэнцаў (толькі 10 клас) на ўборку бульбы (пры сабе мець вядро і пальчаткі)» (цытуецца вытрымка з ліста аддзела адукацыі ад 28 верасня).

Па гэтым дакуменце СШ № 11 «павінна была накіраваць 29 верасня [на працы] 20 чалавек». У той жа дзень школа падпісала загад: на поле адпраўлялі 4 вучні ад 11 класаў, 5 вучняў ад 10 класаў. І яшчэ 11 чалавек — навучэнцаў 8 класа (уключаючы загінулую дзяўчынку). Пры гэтым уся адказнасць за жыццё і здароўе дзяцей гэтым жа ўнутраным дакументам ўскладалася толькі на двух суправаджаючых педагогаў.

Пасля здарэння начальніца аддзела адукацыі, старшыня СВК «Усход-Агра» і намеснік дырэктара СШ № 11 далі тлумачальныя.

З іх слоў вынікае: пісьмовую дамову на выкананне работ па ўборцы бульбы паміж СВК і школай ніхто не заключаў — і нават не збіраліся.

«Выплата заработнай платы або ўзнагароджання педагогам і навучэнцам школы за ўборку бульбы таксама прадугледжаная не была», — паведамілі родным у інспекцыі па працы. Атрымліваецца, усе працавалі там бясплатна і па ўласным жаданні?

«Мы, праваабаронцы, таму і гаворым пра прымусовую [дзіцячую] працу ў краіне. А за што дзеці працавалі? Аказваецца, гэта акцыя была!» — распавёў праваабаронца Леанід Судаленка.

У сваіх адказах дэпартамент паведаміў, што ў школе меўся зацверджаны план ідэалагічнай работы на першае паўгоддзе навучальнага года. І там, аказваецца, было прапісана: вучні 8-11 класаў у верасні-кастрычніку ўдзельнічаюць у акцыі «Дапамажы сабраць ураджай».

***

Нагадаем, 29 верасня падчас выканання сельскагаспадарчых работ у СВК «Усход-Агра» загінула вучаніца 8-га класа сярэдняй школы № 11 Маладзечна, 13-гадовая Вікторыя — на яе наехаў грузавік. Ад атрыманых пашкоджанняў дзяўчынка памерла па дарозе ў бальніцу. На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Маладзечанскім раённым аддзелам СК распачатая справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 317 КК (Парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

У пачатку кастрычніка бацька школьніцы Алег Папчэня накіраваў заяву ў Маладзечанскі міжраённы аддзел Мінскага ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Мінпрацы і сацабароны. Ён прасіў правесці спецыяльнае расследаванне няшчаснага выпадку. На думку праваабаронцаў, у дзеяннях наймальніка (СВК «Усход-Агра») і чыноўнікаў сферы адукацыі (якія непасрэдна адправілі школьніцу на сельгасработы) ўгледжваецца цэлы шэраг парушэнняў.

У выпадку прызначэння спецрасследавання з боку інспекцыі па працы сям'і загінулай школьніцы ў тым ліку належаць выплаты і права патрабаваць кампенсацыю маральнай шкоды ад наймальніка. «Аднак для ўсяго гэтага патрэбны акт формы Н-1 аб тым, што няшчасны выпадак вытворчы», — распавядаў раней гомельскі праваабаронца і прававы інспектар незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка.

Праваабаронцы апублікавалі на пляцоўцы Zvarot.by петыцыю «Разам спынім прымусовую працу нашых дзяцей!».

tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930