Знайсці
25.10.2016 / 11:1021РусŁacБел

Інспектар ДАІ, які пасля аварыі з матацыклістам правёў у коме паўтара месяца, просіць $25 тысяч кампенсацыі

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 25 кастрычніка пачаўся працэс па гучным ДТЗ: даішнік паспрабаваў затрымаць матацыкліста, а той — выпадкова ці не — паехаў. У выніку міліцыянт правёў у коме 1,5 месяца, а кіроўца матацыкла чакае прысуду ў СІЗА.

Абвінавачаны Сяргей Шаўцоў

Пацярпелы супрацоўнік ДАІ Уладзімір Таўпінец

Што здарылася

Само ДТЗ адбылося 18 красавіка. На рагу праспекта Незалежнасці і праспекта Машэрава супрацоўнік ДАІ падышоў да байкера на спартовым матацыкле, які стаяў на чырвонае святло, і запатрабаваў паказаць дакументы. Нагодай стала адсутнасць на матацыкле рэгістрацыйных знакаў.

Што адбылося далей, дакладна невядома. Відавочцы казалі, што матацыкліст рэзка стартануў з месца, а інспектар схапіўся за стырно. Міліцыя сцвярджае, што матацыкліст зачапіў інспектара і пацягнуў за сабой. Матацыкліст заяўляў, што даішнік рэзка схапіў яго за руку і ён выпадкова націснуў на газ.

Месца здарэння. Фота: Следчы камітэт

Тым часам загарэлася зялёнае святло для аўтамабіляў, якія ехалі па праспекце Незалежнасці. Кіроўца аўтамабіля з інкасатарамі не бачыў матацыкліста з інспектарам і пачаў рухацца. Адбылося сутыкненне, у якім цяжка пацярпеў даішнік.

Следчыя апублікавалі відэа з рэгістратараў

46-гадовы інспектар ДАІ перанёс некалькі аперацый, у тым ліку і трэпанацыю чэрапа, паўтара месяца ён быў у коме. Дапытаць інспектара працяглы час было немагчыма, яго стан здароўя не дазваляў гэта зрабіць — мужчына проста не мог гаварыць.

Падазраваны, 31-гадовы ўраджэнец Жлобіна, трапіў ў СІЗА. Вядома, што ён меў 52 парушэнні ПДР да здарэння. А цяпер яму пагражае да 5 гадоў зняволення. На момант аварыі ён быў цвярозы.

Следствам высветлена, што кіроўца матацыкла меў магчымасць прыняць меры да тармажэння, своечасова спыніцца і не дапусціць дарожна-транспартнага здарэння, але не зрабіў гэтага.

«Хацеў бы застацца на службе»

Інспектар Таўпінец прыйшоў на паседжанне з сям’ёй і адвакаткай Ірынай Вішняковай. Ад каментараў міліцыянт адмовіўся. Адмовіліся і сваякі.

«Нам вельмі цяжка было прайсці праз усё гэта. Таму мы не будзем нічога казаць да прысуду»,— сказала адвакатка інспектара.

Суддзя Валеры Есьман пачаў паседжанне.

Пракурор зачытаў версію следства. Згодна з ёй, Шаўцоў наўмысна аказваў супраціў інспектару, націснуў на газ свядома, яшчэ і парушыўшы гэтым правілы дарожнага руху.

Абвінавачваны Сяргей Шаўцоў віну не прызнаў і папрасіў даць паказанні пасля пацярпелага і сведкаў (а не ў пачатку паседжання, як звычайна). Таму першым выслухалі Уладзіміра Таўпінца.

«Як сябе адчуваеце?» — пацікавіўся ў яго суддзя Есьман.

«Пасрэдна», — коратка адказаў Таўпінец.

Гэта было заўважна: не толькі па галаве са шнарамі, расчэрчанымі зялёнкаю, але і па гаворцы. Інспектар размаўляў з паўзамі.

Дзень ДТЗ інспектар не памятае ўвогуле.

«Я пачаў размаўляць толькі на трэцім месяцы пасля здарэння. Памяць пачала трохі аднаўляцца тады ж. Пакуль яшчэ памяць аднавілася часткова», — патлумачыў ён.

Усяго Таўпінец перанёс тры аперацыі — апошнюю некалькі тыдняў таму. Пра аперацыі распавесці інспектара папрасіла яго ж адвакатка.

«Першапачаткова я не пазнаваў сям’ю і сяброў», - распавёў даішнік.

Праўда, медкамісію ён пройдзе толькі, калі скончыцца лячэнне. Таму і групу інваліднасці яму пакуль не паставілі.

«Але я б хацеў застацца на службе», — сказаў Таўпінец.

Інспектар папрасіў далучыць да справы яго пазоў. У ім Таўпінец просіць спагнаць з Шаўцова 50 тысяч «новых» рублёў за маральную шкоду. Плюс аплаціць выдаткі на адваката.

«Ён ізноў вучыўся есці, хадзіць, гаварыць. Але наконт інваліднасці пакуль пытанне адкрытае. І ў пазове мы спасылаемся на фізічныя і маральныя пакуты, якія перанёс пацярпелы», - патлумачыла пазоў адвакатка Вішнякова. — Маральныя пакуты працягваюцца і па сёння: як у плане таго, што невядома, ці будзе магчымасць вярнуцца на службу, так і ў плане жыцця сям’і. З-за ДТЗ фактычна сарвалося вяселле яго дачкі, прызначанае на лета».

Абвінавачваны пазоў прызнаў часткова — ён гатовы выплаціць суму ў 5 тысяч рублёў.

«Матацыкліст папрасіў, каб інспектар адышоў у бок»

Затым выслухалі сведкаў. Алег Чыстап’ян, манцёр трамвайных пуцей, распавёў, што ў дзень ДТЗ разам з напарнікам прыбіраў трамвайны прыпынак. І ён бачыў, як на скрыжаванні спачатку спыніўся матацыкл, а пасля — як да яго падышоў інспектар ДАІ. Рухавік матацыкла працаваў.

«Ад мяне тое было метраў 5-6, - сказаў Чыстап’ян. — Я чуў размову. Інспектар папрасіў заглушыць матацыкл. Матацыкліст папрасіў, каб інспектар адышоў у бок. Тады супрацоўнік ДАІ паспрабаваў сам заглушыць — і ўсё, і рух пайшоў, яны на сустрэчную паласу выехалі… Там легкавы аўтамабіль прытармазіў, а з-за яго інкасатарская машына выехала… Я бачыў моцны ўдар».

Па словах сведкі, інспектар сам узяўся за стырно матацыкла адной рукой. А другой пацягнуўся да ключа, каб заглушыць матор — тады і «пайшоў рух».

Прыкладна тое ж распавёў і другі сведка, напарнік Чыстап’яна.

Але ж, па яго словах, спачатку матацыкл штурхануўся наперад — праехаў каля метра. Гэта адбылося пасля просьбы інспектара заглушыць матор. Пры гэтым даішнік прытрымліваў матацыкл за стырно, запэўніў сведка, і рука інспектара была на правай частцы стырна — там, дзе ручка газу. Затым інспектар пацягнуўся, каб заглушыць матацыкл, а кіроўца адштурхнуў яго руку.

«Ну, мне так падалося», - сказаў мужчына.

Праўда, раней мужчына даваў паказанні, згодна з якімі матацыкліст «сарваўся з месца», а рукі інспектара не штурхаў. Адвакаты абвінавачванага заўважылі, што «немагчыма зрывацца з месца і адначасова адштурхоўваць руку інспектара». Пасля доўгай паўзы, сведка вырашыў, што даверу вартыя мінулыя паказанні.

Затым выслухалі яшчэ аднаго сведку, які знаходзіўся ў сваёй машыне на светлафоры падчас ДТЗ.

«Быў першы рывок матацыкла, затым інспектар паспрабаваў яго затрымаць, машынальна узяўся за стырно, праз пару секундаў яны ўжо «паехалі», - распавёў сведка Павел Бяссонаў.

Але, па яго словах, малаімаверна, каб матацыкл паехаў выпадкова ад дзеянняў даішніка. Хутчэй за ўсё, кіроўца і сам збіраўся «стартаваць».

«Я нядаўна якраз здаў на катэгорыю «на матацыкл». І каб чалавек на байку выціснуў счапленне, пераключыў перадачу, і тут якраз даішнік націснуў на ручку газу… Малаімаверна, каб усё гэта раптам адбылося адначасова», - падзяліўся сваім меркаваннем Бяссонаў.

Наступная сведка, Марыя Кішко (кіроўца трамвая) па вялікім рахунку нічога новага не дадала. Як і Уладзімір Радзевіч, кіроўца інкасатарскай машыны «Белінвестбанка». Менавіта з гэтай машынай сутыкнуўся матацыкл.

Пасля даў паказанні інспектар ДАІ, напарнік Таўпінца Алег Лазінскі:

«Заўважылі, што матацыкл быў без нумара. Вова [Таўпінец] выйшаў з машыны і пайшоў да матацыкла».

Па словах інспектара, калі Таўпінец пацягнуўся да ключа, каб заглушыць матор, матацыкліст адкаціўся назад, рэзка выкруціў стырно налева і паехаў. А пацярпелы зачапіўся за стырно, бо проста інстынктыўна выставіў рукі наперад.

«Пасля ДТЗ я сказаў абвінавачанаму: паглядзі, што ты зрабіў. Ён адказаў мне так: «Чаму вы на мяне павышаеце голас?», - распавёў Лазінскі.

Чытайце таксама: «У тым, што здарылася, вінаваты сам інспектар» — абвінавачаны ў справе аб ДТЗ з даішнікам агучыў сваю версію

Улад Швядовіч, фота Ірыны Арахоўскай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930