Знайсці
21.10.2016 / 21:255РусŁacБел

Кабякоў: Мінск і абласныя цэнтры звяжуць якасныя аўтатрасы

У Беларусі завяршаецца праца па стварэнні якасных аўтатрас, якія звязваюць кожны абласны цэнтр з Мінскам, заявіў 21 кастрычніка прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падчас азнаямлення з ходам работ па рэканструкцыі аўтадарогі М6 Мінск — Гродна.

«Рэканструкцыя М6 — апошні крок да рэалізацыі ідэі аб тым, што кожны абласны цэнтр павінен быць звязаны з Мінскам дарогамі адпаведнага класа. Рух па магістралі інтэнсіўны, праект па яе рэканструкцыі нам вельмі важны. Мяркуецца, што ён павінен быць завершаны ў поўным аб'ёме ў канцы 2018 года», — цытуе прэм'ер-міністра прэс-служба ўрада.

У ліку наступных актуальных праектаў — рэканструкцыя аўтадарогі М10 паміж Брэстам і Гомелем. «Праект будзе рэалізоўвацца на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Разлічваем, што ён запрацуе ў найбліжэйшы час», — адзначыў Кабякоў.

Прэм'ер-міністру таксама прадставілі перспектывы будаўніцтва ўчастка аб'язной дарогі ў Гродне з рэканструкцыяй моста, які будзе гатовы ў пачатку 2017 года.

Участак дарогі плануецца пабудаваць за сродкі кітайскай крэдытнай лініі. Праект ужо распрацоўваецца. Акрамя будаўніцтва дарогі ён прадугледжвае рэканструкцыю 300-метровага чыгуначнага моста пад аўтадарожны. Гэты ўчастак дазволіць знізіць аўтамабільную нагрузку на Румлёўскі мост і частку горада, па якіх кожныя суткі едуць сотні вялікагрузаў з боку мяжы. Дарога звяжа аб'язным шляхам два супрацьлеглыя мікрараёны горада. Пазней плануецца злучыць яе з дарогай, якая вядзе ў Літву. Такім чынам будуць забяспечаны зручныя зносіны М6 з выездам не толькі на польскую, але і на літоўскую мяжу.

Кіраўніку ўрада таксама далажылі аб планах па спалучэнні аўтатрас з польскім і літоўскім бокам, каб міжнародныя транспартныя калідоры працягваліся адпаведным класам дарог па розныя бакі межаў. «Разуменне ёсць, думаю, што ў найбліжэйшыя тры-чатыры гады нашы грамадзяне ў поўнай меры адчуюць камфорт ад гэтай працы», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Ацаніўшы ход рэканструкцыі аўтадарогі М6, якая вядзецца за сродкі Сусветнага банка, ён адзначыў эфектыўнае супрацоўніцтва Беларусі з банкам. «Гэта выгаднае для нас супрацоўніцтва вядзецца не адно дзесяцігоддзе. Важна, што, паступова вяртаючы крэдыт, мы значна раней атрымліваем магчымасць карыстацца вынікамі праектаў», — дадаў прэм'ер-міністр.

Да 2018 года трэба будзе рэканструяваць ўчасткі аўтадарогі М6 з 57,3 км па 130,4 км і з 197,7 км па 211 км. Штодня на аб'екце працуюць каля 400 чалавек і 330 адзінак тэхнікі. 14—23 верасня адбыўся візіт групы спецыялістаў Сусветнага банка, якая засталася задаволеная ходам выканання работ на пачатковых этапах.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера