Знайсці
20.10.2016 / 16:1019РусŁacБел

Суд па справе святара: «Я пайшла на злачынства, каб яго пазбавілі сану і ён ажаніўся са мной»

26-гадовая Марына некалькі гадоў дамагалася любові каталіцкага ксяндза. Дзяўчыну двойчы судзілі, а на апошнім пасяджэнні яна заявіла: «Я адстану ад N., калі ён будзе сустракацца са мной раз на тыдзень». Падрабязнасці заблытанай гісторыі раскрывае газета «Камсамольская праўда».

Чым больш даведваешся пра падрабязнасці гісторыі, якая адбылася ў парафіі Лідскага раёна, тым больш ловіш сябе на думцы: ды гэта ж амаль сюжэт кнігі «Птушкі ў цярноўніку»! Толькі ўсё адбываецца не ў аўстралійскім маёнтку Дрохеда, а ў нас.

N. і Марына пазнаёміліся, калі яшчэ былі дзецьмі. Іх бацькі родам з адной вёскі, і, прыязджаючы на вакацыі да бабулі, Марына пастаянна камунікавала з N. А потым, як гэта часта бывае, шляхі разышліся. Дзяўчына з'ехала вучыцца на кухара ў іншы горад, а малады чалавек паступіў у парафіяльную школу.

Праз некалькі гадоў па іроніі лёсу ксяндза накіравалі служыць у касцёл, дзе прыхаджанкай была… Марына. Убачыўшы даўняга прыяцеля, дзяўчына загарэлася пачуццямі да яго, стала літаральна хадзіць за святаром па пятах, прызнавацца ў каханні.

— Па нашых канонах нельга мець жонку, я неаднаразова паўтараў гэта Марыне. Яна не слухала і ў адказ стала рабіць поскудзі, — распавядаў у міліцыі 35-гадовы ксёндз.

Безадказнае і забароненае каханне дзяўчыны вылілася ў два тамы крымінальнай справы. У іх зафіксавана кожнае правапарушэнне і злачынства Марыны.

«Калі б N. адказаў узаемнасцю, я б перастала яго даймаць»

Ксёндз доўга і тактычна тлумачыў дзяўчыне: паміж імі ніколі не будзе рамантычных адносін, але Марына лютавала. Яна ўрывалася ў парафію, раскідвала рэчы, біла па начах у вокны, а аднойчы прыляпіла да крыжа фатаграфію N.ў плаўках. Цярпенне святара аказалася не бязмежным — пасля кожнай выхадкі Марыны ён пачаў звяртацца ў міліцыю. Думаў, гэта яе спыніць, але яна і не збіралася здавацца. Дзяўчыну штрафавалі 10 разоў! Нават пасля гэтага Марына была ўпэўненая: яна зможа дамагчыся ў адказ пачуццяў ад святара.

— Першае злачынства дзяўчына здзейсніла ў чэрвені 2015 года. Ноччу выклікалі таксі і за 40 кіламетраў паехала ў прыход, дзе знаходзіўся ксёндз. Тры гадзіны пільнавала пад акном, думаючы, што ён выйдзе з ёй пагаварыць, але святар спаў. Тады асуджаная схапіла бутэльку з вадкасцю, якую знайшла каля гаража, і абліла машыну святара, у парыве гневу зламала шчоткі шклоачышчальніка, чым нанесла шкоду ў памеры 13,5 мільёна рублёў (недамінаваных. — Рэд.), — распавядае «Камсамолцы» Дзяніс Корда, памочнік пракурора Лідскага раёна.

Ля прыходу ўсталяваныя відэакамеры, таму вылічыць Марыну не склала цяжкасці. Яна не стала адмаўляць.

— Так, гэта зрабіла я. З пачуцця помсты, — прызналася дзяўчына. — Не раз яму казала, каб ён кінуў сваё служэнне, ажаніўся са мной. Думала, дзеля мяне ён усё зробіць, але N. працягваў служыць, нават пераехаў у іншы прыход, на мяне чамусьці не рэагаваў. Калі б N. адказаў узаемнасцю, я б перастала яго даймаць.

— Я не настойваю на строгім пакаранні для абвінавачванай. Проста хачу, каб мяне пакінулі ў спакоі! — заявіў пацярпелы.

Суд Лідскага раёна прызнаў Марыну вінаватай па ч. 1 арт. 218 КК у наўмысным пашкоджанні маёмасці, што пацягнула прычыненне шкоды ў значным памеры, і прысудзіў да 240 гадзінаў грамадскіх прац (дзяўчына падмятала вуліцы. — Рэд.), а таксама абавязаў пакрыць шкоду за сапсаваную машыну.

— Віну прызнаю цалкам. Прашу прабачэння і абяцаю: больш да ксяндза прыставаць не буду, — казала на судзе Марына. А праз тры дні зноў пайшла на злачынства.

Прыдумала дзяцей святара і выклала іх фота ў сацсетках

Сваю старонку ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» закаханая Марына пераназвала ў старонку святара, паставіла яго фатаграфіі, а далей стала выкладваць здымкі чужых дзяцей, якіх знайшла ў інтэрнэце, выдаючы за сына і дачку ксяндза. Кожную фатаграфію суправаджала кранальнымі подпісамі: «Мая любімая дачушка», «Я шчаслівы, што ў мяне ёсць дачка, малая цудоўная, камячок з любові, які дарагі мне носік, вочкі, шчочкі і звонкі галасок», «Мой сынок Арцёмка». Цэлы месяц яна вяла старонку ад імя святара, дадавала да сябе яго сяброў, знаёмых святароў.

— N. ігнараваў нашы сустрэчы, на званкі не адказваў, потым і зусім змяніў нумар тэлефона, — тлумачыла следчаму свой учынак Марына. — Я нават пісала яму на «Аднакласнікі», ён маўчаў. У адказ стала весці ад яго імя старонку, думала: убачыць — адрэагуе.

І святар сапраўды адрэагаваў, толькі не так, як хацела Марына. Ён зноў звярнуўся ў міліцыю.

— Выпадкова заўважыў, што хтосьці дадае да сябе на старонку мае фатаграфіі і здымкі нібыта маіх дзяцей. Паглядзеў старыя паведамленні, і стала зразумела: гэта справа рук Марыны, калісьці з гэтага акаўнта мы з ёй перапісваліся, — распавядаў падчас суда пацярпелы. — Разумееце, гэтыя здымкі бачылі мае сябры, іншыя святары, прыхаджане, папаўзлі чуткі, гэта ўсё дрэнна паўплывала на мой імідж, людзі сталі думаць, што ў мяне насуперак канонам ёсць жонка і дзеці.

Спачатку N. спрабаваў усё ўлагодзіць мірным шляхам, папрасіў Марыну выдаліць старонку, але дзяўчына занесла каханага ў чорны спіс. Толькі пасля гэтага ён звярнуўся з заявай у міліцыю.

За дакучлівае каханне — два гады

— Суд прызнаў дзяўчыну вінаватай у распаўсюдзе заведама лжывай інфармацыі ў глабальнай камп'ютарнай сетцы інтэрнэт і на падставе ч. 2 арт. 188 КК «Паклёп» прызначыў пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Гэта значыць, што дзяўчына павінна кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі, — удакладняе Дзяніс Корда, памочнік пракурора Лідскага раёна.

Акрамя таго, дзяўчына выплаціла ксяндзу 3 мільёны ў якасці маральнай кампенсацыі. Яна і падчас гэтага суда не адмаўляла сваёй віны:

— Хацела зганьбіць N. ў вачах сяброў і святароў. Разлічвала, што пасля такога яго пазбавяць сану і ён ажэніцца са мной. Абяцаю адчапіцца, калі будзе сустракацца са мной адзін раз на тыдзень.

Мабыць, толькі пасля другога прысуду да дзяўчыны дайшло: яе каханне занадта навязліівае, таму яна ўжо некалькі месяцаў не дакучае святару. Тую старонку, якая стала прадметам спрэчкі ў судзе, Марына выдаліла. Але ёсць яшчэ адзін акаўнт у сацыяльнай сетцы, куды дзяўчына апошні раз заходзіла два гады таму. На галоўнай фатаграфіі… святар, а подпіс пад здымкам — «Мой муж». На многіх фотаздымках — ксёндз і нованароджаны хлопчык Арцём, а сама «маладая мама» падпісана на групы тыпу «сямейнае шчасце», «любімыя матулі». Яна бясконца прызнаецца ў любові да «віртуальнага» мужу і сына, ні адной ўласнай фатаграфіі Марына не выклала. Мяркуючы па яе анкеце, яна шчаслівая мама і жонка, якая цалкам растварылася ў сваёй сям'і.

Судова-псіхіятрычная экспертыза паказала: дзяўчына абсалютная здаровая.

* Імёны герояў зменены па этычных меркаваннях.

Кацярына Барысевіч, kp.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930