Знайсці
30.09.2016 / 17:341РусŁacБел

«Шымон Перэс абхапіў Ганну Сулейманаўну за рукі, а пасля пацалаваў» — успамін пра сустрэчу з беларускімі Праведнікамі

Сыход чалавека ў вечнасць гуртуе вакол яго асобы людзей. Сёння грамадскасць свету развітваецца з Шымонам Перэсам. У Беларусі палітычнага дзеяча з далёкай па адлегласці ад нас дзяржавы Ізраіль успрымаюць як блізкага. Перш за ўсё таму, што нарадзіўся ён у мястэчку Вішнева, якое знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Праўда, калі ў ім пражывала сям’я Перскіх, гэтая тэрыторыя была ў складзе Польшчы, адкуль бацька змог выехаць у 1931 г., а праз тры гады да яго далучылася сям’я. Займаючы дзяржаўныя пасады, Шымон Перэс наведваў новую незалежную беларускую дзяржаву ў 1994 і у 1998 гадах. Апошнім разам пакланіўся брацкай магіле яўрэяў, якія ў 1942 г. загінулі ад рук гітлераўцаў.

У 2010 г. Шымону Перэсу давялося ў Ерусаліме прымаць дэлегацыю Праведнікаў народаў свету з Беларусі. Можна зразумець, што рабіў ён гэта як прэзідэнт і як чалавек — усе сваякі з Вішнева, сярод якіх і яго любімы дзед рабін Цві Мельцар, сталі ахвярамі. У Ізраіль, кожны ў суправаджэнні аднога з блізкіх, прыехалі паважнага ўзросту людзі, якія дапамаглі яўрэям выратавацца.

У склад дэлегацыі ўваходзіла Ганна (Айша) Сулейманаўна Канапацкая. Яна была адзінай у складзе дэлегацыі, хто прыехаў другі раз. Так сталася, што ёй, адной з нямногіх у свеце, у Ерусаліме ў 2002 г. уручалі пакет дакументаў, якія сведчылі, што яе маці (ужо пасмяротна) і яна з’яўляюцца Праведніцамі.

Калі пачалася вайна, Ганне было 15 гадоў, а яе маці Фаціме — 40. Гэтыя дзве жанчыны заставаліся ўдваіх пасля таго, калі восенню 1941 г. памерла бабуля Ганны. Бацькі разам з братам маці не стала яшчэ раней — у 1935 г. яны прапалі бясследна. Зварот да ўладаў аб росшуку не даў вынікаў. Апошнім разам у 1940 г. Фаціма Мустафаўна атрымала адказ, што на тэрыторыі БССР не знойдзены, будуць шукаць па СССР. На самай справе, у 1937-м Сулейман Канапацкі і Хасень Мухля былі расстраляныя сярод іншых у Курапатах — дакладныя звесткі аб гэтым знойдзеныя Ібрагімам Канапацкім у архіве КДБ.

І вось дзве безабаронныя перад тварам вайны жанчыны ў сваім доме ў раёне Кальварыі ратавалі ад смерці яўрэйскую сям’ю Давідсонаў з пяці чалавек. Ісраэль і Фрума Давідсоны з дзецьмі Рахіль, Мірай і самым малым Вовам падчас пагромаў прыбягалі з гета і хаваліся на некалькі дзён. У чэрвені 1942 г. Ісраэль Давідсон пасяліўся ў Канапацкіх надоўга. У хляве ён выкапаў нару-схоў, замаскіраваў яе кучай дроў і пражыў там цэлы год. Не трэба мець вялікага ўяўлення, каб зразумець, што чакала ўсіх разам з гаспадынямі ў горшым выпадку. Па некалькі разоў прамаўляла Ганна аль-Фатыху — гэтай малітве навучыла яе бабуля. У чэрвені 1943 г. сям’я Давідсонаў падалася ў партызаны, усе яны выжылі.

Імёны Фацімы і Ганны Канапацкіх сярод іншых Праведнікаў, у тым ліку і з Беларусі, выгравіраваныя на сцяне мемарыяла Яд ва-Шэм у Ерусаліме. У Ізраілі жыве Рахіль разам з дзецьмі і мужам, які паходзіць з Іўя (дачка і маці Канапацкія былі на іх вяселлі). У Ерусалімскай студыі тэлебачыння з трансляцыяй на ўсю краіну і замежжа адбылася іх сустрэча пасля расставання.

У 2002 г. Шымон Перэс яшчэ не быў прэзідэнтам. Трэба думаць, што прыём 20 чэрвеня 2010 г. пакінуў след, а магчыма, дадаў яшчэ адну рану на яго сэрцы. Аб гэтай сустрэчы з паказам фотаздымкаў вельмі цёпла распавядала мне Ганна Сулейманаўна. Яе ўзрушыла ўсё, што адбывалася ў цэлым падчас чатырохдзённага візіту і асобна на прыёме, падчас якога прэзідэнт парушыў свой звычай размаўляць на мове народа Ізраіля (яшчэ ў бацькоўскай хаце авалодаў ідышам, іўрытам, рускай мовай, а ў школе вывучаў польскую мову, вакол чуў беларускую гаворку) і звярнуўся да гасцей на рускай мове.

Шымон Перэс, Ганна Канапацкая, Рахіль Давідсон. Фота з асабістага архіва сям’і Г.С. Канапацкай

Ганна Сулейманаўна і Фрума Давінсон сядзелі побач з Шымонам Перэсам перад усёй аўдыторыяй прысутных. Маленькі столік падзяляў прастору на адлегласці выцягнутай рукі, а мікрафон практычна не быў патрэбны, каб пачуць не толькі голас, але і подых. Ганне Сулейманаўне было прапанавана выступіць са сваім словам. Стрымліваючы хваляванне, яна знайшла словы, каб яны маглі гучаць як бы з вуснаў кожнага з дзесяці Праведнікаў, хоць подзвіг кожнага меў свае нюансы. Зразумеўшы гэта, нехта з журналістаў спытаўся: «Што Вы адчуваеце цяпер?» Ганна Сулейманаўна шчыра адказала: «Вялікую ўдзячнасць». Ад яе слоў стрыманы Перэс падскочыў і здзіўлена сказаў: «Ды не, гэта мы Вам вельмі ўдзячныя!», абхапіў яе за рукі, пасля пацягнуўся абняць, але гэтага не хапіла для яго пачуццяў — і ён пацалаваў у твар Ганну Сулейманаўну. Мяркую, у гэты момант ён быў не дыпламат, а звычайны пажылы чалавек з цяжарам пройдзенага шляху і з памяццю адзінаццацігадовага хлапчука. Ганна Сулейманаўна вылучае яго высакароднасць і звышінтэлігентнасць.

Шымон Перэс і Ганна Канапацкая. Фота з асабістага архіва сям’і Г.С. Канапацкай

Пратакол абмяжоўваў час прыёму, а тактоўнасць Ганны Сулейманаўны не дазваляла ёй прыцягваць на сябе большую ўвагу. Зразумела, што Шымон Перэс з удзячнасцю паціснуў руку кожнаму госцю з Беларусі. І ўсё ж такі шкада, што Ганна Сулейманаўна не сказала аб тым, што мужам яе ўнучкі, названай ў гонар бабулі, з’яўляецца палесцінец і ў жылах яе трох праўнукаў цячэ палесцінская, татарская, беларуская і польская кроў. Шымона Перэса гэта магло здзівіць і абрадаваць. Яму таксама было б што сказаць у адказ, бо ў 1992 г. разам з лідарам Арганізацыі вызваленьня Палесціны Ясірам Арафатам яны правялі сакрэтныя перамовы, на падставе якіх у Осла было падпісана пагадненне. За гэтае дасягненне Арафату, Перэсу і тагачаснаму прэм'еру Ізраіля Іцхаку Рабіну прысуджаная Нобелеўская прэмія міру.

На развітанне з дзявятым прэзідэнтам Ізраіля з’ехаліся дэлегацыіі з мноства краін. Папрасіў дазволу прысутнічаць на цырымоніі прэзідэнт дзяржавы Палесціна Махмуд Абас, які разам з Шымонам Перэсам па запрашэнні Папы Рымскага Францыска ў чэрвені 2014 г. у Ватыкане здзейснілі агульную малітву, каб мець надзею на мірнае суіснаванне. І, гаворачы аб мірным суіснаванні людзей, нельга не сказаць аб канфесійнай згодзе на зямлі Беларусі. І гэта ідзе найперш ад саміх людзей, асобна ад кожнага. Не магу не выказаць суму па сыходзе ў іншы свет яшчэ аднога чалавека — 85-гадовага Іосіфа Александровіча. Так сталася, што яны былі прызваныя Богам у адзін дзень. Для нешматлікай грамады беларускіх татараў страта кожнага асобнага чалавека заўважная. Гэта ж быў апошні жыхар самага старажытнага на землях Беларусі мусульманскага Лоўчыцкага прыхода, годам заснавання якога быў 1420-ты. Бацька Іосіфа быў апошнім імамам старой мячэці. Іосіф Ях’янавіч добраахвотна прыглядаў за мізарам і адрэканструяванай на ім мячэці, якія былі бачныя нават з вокнаў яго драўлянага дома. Як большасць з яго пакалення, адслужыў у арміі, працаваў большую частку жыцця на адным месцы — у электрасетках. На развітанне з ім прыехала некалькі дзясяткаў татараў з Навагрудка і Іўя, а таксама калегі па працы на чале з кіраўніком. Жонка-беларуска і дочкі зрабілі ўсё, каб развітанне з нябожчыкам і адпяванне адбылося згодна з мусульманскім абрадам. Кожны з прысутных быў запрошаны за жалобны стол, а таксама атрымаў садагу (памінальны пачастунак) для сваіх блізкіх.

Абодва ўраджэнцы гістарычнай Наваградчыны сышлі ў вечнасць. Іосіфа Александровіча пахавалі на пагорку Лоўчыцкага мізару, Шымон Перэс будзе пакоіцца на гары Герцля ў Ерусаліме. У час сустрэчы з Усявышнім кожны з іх будзе трымаць адказ за сябе і свае справы. Няхай Бог будзе справядлівы да кожнага!

Разалія Александровіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930