Знайсці
02.10.2016 / 12:1622РусŁacБел

«Дзяржаўныя тэатры ўвесь час ставіць Шэкспіра з Чэхавым, а мне гэта нецікава» — вялікая гутарка з Мікалаем Халезіным

Прызнаны светам, але не прызнаны беларускімі ўладамі «Свабодны тэатр» працягвае збіраць авацыі на сёлетніх гастролях у Вялікабрытаніі. Іх сустракаюць вялікія залы, ім пішуць хвалебныя оды ў замежнай прэсе.

Мікалай Халезін. Фота Кацярыны Шатаво, kyky.org.

Афіцыйная беларуская тэатральная прастора «Свабодны тэатр» проста ігнаруе. Трупу не запрасілі даць паказ падчас сёлетняга фестывалю «Тэарт», куды паклікалі акцёраў з Францыі, Венгрыі, Германіі, Швейцарыі, Польшчы… Хаця якраз «Свабодным тэатрам» беларусам варта ганарыцца. За 12 гадоў ён паспеў пабываць у 40 краінах пяці частак свету.

Мы пагутарылі з мастацкім кіраўніком тэатра Мікалаем Халезіным пра тое, дзе захрас беларускі тэатр і чаму яго не існуе ў свеце.

«Наша Ніва»: Пачаўся міжнародны фестываль «Тэарт», вас у праграме няма…

Мікалай Халезін: Нас туды не запрашаюць і, мабыць, ніколі не запросяць. Дакладней, запросяць тады, калі дазволіць улада. Зразумела, арганізатары баяцца, што тут зробіш. Афіцыйная тэатральная прастора Беларусі нас не заўважае. Калі рэв’ююцца спектаклі ў газетах «Нью-Ёрк Таймс» альбо «Монд», усім пляваць на гэта.

Беларуская ўлада дыктуе тыя ўмовы, у якіх мусяць існаваць дзяржаўныя тэатры. Яны так і існуюць. Ім гэта важна? Нам, мабыць, не. У Мінску ў нас ёсць свая аўдыторыя, нам хвалявацца наконт гэтага не трэба. Так, мы б таксама хацелі выступаць на вялікіх пляцоўках, калі не 60 гледачоў у зале, а 300-400. Але разумеем, пакуль што гэта немагчыма, таму вялікія залы збіраем па ўсім свеце, а не ў Беларусі.

«НН»: Ці хочацца вам увогуле вяртацца на радзіму, калі такая сітуацыя?

МХ: Што значыць вяртацца? Наш тэатр працуе дома, проста калі ён знаходзіцца ў туры, мы спыняем пракат у Мінску. Як толькі акцёры вяртаюцца, ужо на наступны дзень пачынаюцца спектаклі.

12 кастрычніка ў жывым эфіры будзе ісці спектакль Burning Doors, яго можна паглядзець і ў Беларусі. Пасля гэтага, у канцы кастрычніка, будзе трансляцыя новага спектакля Уладзіміра Шчэрбаня «Заўтра я заўсёды бывала львом», які мы рабілі з англійскімі акцёрамі. Таму мы заўсёды прысутнічаем у Беларусі.

Сцэны са спектакля Burning Doors. Фота Мікалая Халезіна, belarusfreetheatre.com

«НН»: З якімі эмоцыямі прыязджаеце пасля тураў? Ведаеце ж, што тут такога не будзе.

МХ: Нас цікавіць творчы працэс. Калі ўлада ці нейкія людзі не хочуць нас прымаць, нам усё роўна. Што ім падабаецца, не падабаецца, нам пляваць. Мы будзем займацца творчасцю, як і займаліся заўсёды.

«НН»: Але калі б вас заўтра, напрыклад, запрасілі выступіць на вялікай сцэне, вы б пайшлі?

МХ: Гледзячы хто. Міністэрства культуры? Ды я з імі размаўляць не хачу. Так, калі мы захочам сыграць на вялікай сцэне, то павінны атрымаць дазвол. Прасіць нас яны не могуць, а нам нецікавыя іх прапановы. Яны хацелі б, мабыць, правесці банальную легітымізацыю, каб паставіць нас пад кантроль, каб мы рабілі спектаклі пра тое, пра што падабаецца ім, а не нам. Але гэтага не будзе, катэгарычна не. Ніколі.

«НН»: Ці на тыя пытанні адказвае сёння беларускі тэатр?

МХ: Шчыра кажучы, мяне не вельмі хвалюе дыялог з беларускімі дзяржаўнымі тэатрамі, таму што мы існуем на розных планетах. У іх там ёсць нейкія мастацкія рады, да іх прыходзяць нейкія людзі з Міністэрства культуры, цэнзары, нешта зацвярджаюць… Нас гэта ніколі не тычылася, і мы ніколі на гэта не пойдзем.

Калі ім падабаецца увесь час ставіць Шэкспіра з Чэхавым, іх права. Мне нецікава на гэта глядзець. Я разумею, што тэатр закансерваваны, ён не развіваецца, бо не існуе ў свеце. Ён знаходзіцца ў лакальнай беларускай прасторы і нават калі выязджае адзін-два разы за сваю гісторыю куды-небудзь за мяжу, нічога не мяняецца. Мусіць быць сістэмная прысутнасць тэатра ў свеце, тады ён можа рэфлексаваць, разумець тэндэнцыі, не паўтараць бясконца адно і тое ж.

Цяпер беларускі тэатр паўтарае 1970-я гады сусветнага тэатра. Нават расійскія тэатры, у якіх нашмат больш багатая тэатральная палітра, не вельмі запатрабаваныя. Што ўжо казаць пра беларускія? Яны жывуць сваімі праблемамі. Калі да цябе прыходзіць цэнзар, сядае ў першы шэраг і вырашае твае мастацкія задачы… Гэтага няма ні ў адной цывілізаванай краіне. Мы б не хацелі да гэтага мець аніякага дачынення. Калі ж беларускія тэатры так існуюць, ну, гэта іх выбар. Але ж яны жывуць, у іх вялікія калектывы, вельмі шмат людзей у гэтым задзейнічаныя. Свая сістэма каштоўнасцей, узаемаадносін. Проста мы гэтага не хочам, а іх, мабыць, задавальняе, раз ніхто не абураецца.

Сцэна са спектакля Burning Doors. Фота: Tristram Kenton for the Guardian

«НН»: Якія сёння сусветныя трэнды ў тэатры важныя для вас?

МХ: Трэба размяжоўваць: важна для мяне, для тэатра, для акцёраў. Гэта ўсё набор персанальных пошукаў, якія мусяць збірацца ў адну камбінацыю. Для большасці акцёраў «Свабоднага тэатра» важнае персанальнае пераадоленне. У кожным наступным спектаклі пашыраць сваю палітру і рабіць штосьці новае, умець выконваць нават цыркавыя трукі ці нейкія спартовыя задачы. Гэта можа быць усё, што заўгодна.

Для мяне важныя вельмі вузкія рэчы. Напрыклад, вызначэнне межаў акцёрскіх магчымасцяў, межаў фізічнага існавання акцёра на сцэне, эмацыйнай нагрузкі. Гэта тое, што мяне хвалюе цяпер.

Калі казаць пра тэатр, для яго важна заставацца актуальным. «Свабодны тэатр» знаходзіцца ў канкрэтнай невялікай нішы актуальнага тэатра. Ён гаворыць не пра вечнае, не пра страсці агулам, а пра канкрэтныя з’явы, якія праяўляюцца на полі сённяшняга дня. Гэты тэатр запатрабаваны гледачамі і ў Беларусі, і ў Аўстраліі, і ў Італіі, і ў Англіі. Але, безумоўна, узровень мастацкага выказвання павінен быць вельмі высокім. Калі ты паўтараеш вопыт папярэдніх дзесяцігоддзяў альбо гаворыш без належнага ўзроўню мастацкасці, ты гэтаксама нікому непатрэбны. Праўду можна прачытаць і ў газетах. А вось спектакль, сучасны не толькі тэмай, але і мастацкім выказваннем, — вялікі дэфіцыт у сусветным тэатры.

«НН»: Чаго чакаць беларускім гледачам ад «Свабоднага тэатра»?

МХ: Цяпер нас чакаюць чатыры гарады ў Вялікабрытаніі. Падчас гэтага тура пройдуць два вельмі важныя мерапрыемствы. Першае — слуханні ў брытанскім парламенце. Мы будзем даваць спектакль і запрашаем нашых партнёраў, сяброў, журналістаў, палітыкаў да абмеркавання дыскусіі, якая тычыцца непасрэдна тэмы спектакля — вайны Украіны і Расіі.

Пасля парламенцкіх слуханняў мы накіроўваемся ў Манчэстэр, адкуль 12 кастрычніка пройдзе жывая трансляцыя спектакля і грамадскай дыскусіі, у якой возьмуць удзел як беларускія, так і украінскія прадстаўнікі. Гэта будзе дыялог пра тое, чаго нам чакаць далей унутры вузла Беларусь — Расія — Украіна.

Пазней пройдуць гастролі гэтага спектакля ў Італіі і Аўстраліі.

19 кастрычніка — спектакль у пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня «Учора я заўсёды была львом». Гэта пра дзяўчыну, якая, па сутнасці, сама сябе вылечыла ад шызафрэніі. Унікальная гісторыя па аднайменнай кнізе. Трансляцыя гэтага спектакля таксама будзе, таму беларускія гледачы змогуць усё ўбачыць.

Акрамя гэтага, мы сыграем спектакль «Час жанчын» у Празе на фестывалі, прысвечаным юбілею Вацлава Гавела.

Ну а ў Мінску ўвесь час ідуць заняткі ў тэатральнай лабараторыі Fortinbras з падрастаючым пакаленнем акцёраў «Свабоднага тэатра». Туды мы будзем аб’яўляць дабор, таму што адсеялі тых, хто не змог даць рады нашым задачам. Дарэчы, з васьмі чалавек, якія граюць у спектаклі Burning Doors, пяцёра — выпускнікі тэатральнай лабараторыі. Для адной з іх гэта ўвогуле першы выхад на вялікую прафесійную сцэну.

І яшчэ адна важная падзея. Сёлета праходзіць восьмае біенале сучаснай драматургіі — найвялікшы ва Усходняй Еўропе драматургічны конкурс, які «Свабодны тэатр» ладзіць ужо 12 гадоў. У лістападзе адначасова ў Лондане, Мінску, Кіеве і Маскве мы будзем праводзіць яго заключны этап і аб’яўляць Гран-пры. Усё будзе праходзіць у адзін вечар у чатырох розных тэатрах. Інтрыга захоўваецца, бо мы аб’явілі пераможцаў намінацый, але не сказалі, хто атрымае Гран-пры. П’еса пераможцы будзе прадстаўленая ва ўсіх гэтых гарадах адначасова. Гэта сур’ёзная падзея, якую беларускія гледачы змогуць назіраць у Мінску. 

Настасся Роўда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930