Знайсці
29.09.2016 / 13:5011РусŁacБел

Намеснік міністра фінансаў раіць работнікам стратных дзяржпрадпрыемстваў перакваліфікавацца або сыходзіць у бізнес

Намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч у кулуарах форуму «Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё» расказаў «Нашай Ніве», калі беларуская эканоміка пазбавіцца залежнасці ад чужых энэрганосьбаў і цяжару стратных дзяржаўных прадпрыемстваў.

Размову з Ермаловічам мы пачалі з пытання, у чым ён бачыць канец беларускай залежнасці ад паставак расійскіх энэрганосьбітаў.

«Мы маем магчымасць самастойна замяшчаць тую залежнасць, пра якую вы гаворыце, — сказаў Ермаловіч, — таму развіццё не толькі ІТ, але агулам малога і сярэдняга бізнэсу — гэта найвышэйшы прыярытэт дзяржавы».

Адразу ж гаворка перайшла на тое, што нават пры паспяховым развіцці прыватных і малых ініцыятываў вялікая доля іх падаткаў ідзе не на развіццё, а на датацыі стратных прадпрыемстваў.

Намеснік міністра сказаў, што сёння адмовіцца ад вялікіх прамысловых гігантаў дзяржава не можа, бо яны ствараюць базіс усёй эканомікі, таму перадусім трэба задумацца пра лёс малых стратных прадпрыемстваў і разумнага размеркавання дзяржаўных рэсурсаў — яны мусяць ісці ў найбольш прыбытковыя сферы.

Але ў чым прычына таго, што адныя ў Беларусі зарабляюць мільярды, а іншыя не здольныя нават працаваць у нуль?

«Сацыяльны фактар — у гэтым асноўная праблема, якая стрымлівае развіццё і рух наперад, — сказаў Ермаловіч, маючы на ўвазе працоўныя кадры, якія не адпавядаюць запытам сучаснага рынку. — Чалавек павінен мець работу, дах над галавой — гэта базавы прынцып усёй нашай эканомікі і сістэмы дзяржпадтрымкі. І часам сацыяльная скіраванасць уплывае на эфектыўнасць таго ці інашага бізнэса. І я лічу, што найгалоўная задача ва ўсёй сённяшняй павестцы эканамічных пераўтварэнняў — гэта выбудоўванне такой сістэмы падтрымкі, якая будзе дазваляць людзям з аднаго, менш эфектыўнага сектара эканомікі, пераходзіць у іншы, паспяховы. Разуменне таго, як гэта рабіць, ёсць. Цяпер мы выпрацоўваем заканадаўчыя меры для удасканальвання механізмаў перападрыхтоўкі чалавека, калі ён ужо не знаходзіць сабе прымянення на звыклым месцы працы ці не атрымлівае там жаданых даходаў. Гэта працэс мусіць быць спрошчаны».

Намеснік міністра таксама дадаў, што найпрасцейшы шлях — гэта сысці ў бізнэс, скарыстаўшыся крэдытамі, якія выдаюць беларускія банкі пры падтрымцы міжнародных інстытутаў.

Але і для тых людзей, якія ўжо ва ўзросце і не маюць смеласці ці здольнасцяў для адкрыцця сваёй справы, таксама будуць створаныя ўмовы для пераходу са збяднелых прадпрыемстваў.

«Па-першае, калі чалавеку 40 гадоў, то яму трэба самому разумець, куды ісці, — мы ж кожнага за руку не возьмем і не перавядзем з аднаго прадпрыемства на іншае, хаця гэта задача максімум. Калі ён не можа па сваёй спецыяльнасці зарабляць, ён павінен перападрыхтавацца з улікам ягоных навыкаў. Падрыхтоўка зойме ад 3 да 6 месяцаў, каб перайсці ў іншы сектар эканомікі. Але тут вельмі важна, каб усё гэта падмацоўвалася інвестыцыямі, каб выбудоўвалася тая эканамічная база, каб чалавек пераходзіў на больш высокі заробак, гэта нашая мэта», — скончыў думку Ермаловіч.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера