Знайсці
28.09.2016 / 15:4749РусŁacБел

Былы падводнік з Пінска злавіў сама вагой 65 кг

Жыхар Пінска Павал Ляхновіч злавіў гіганцкага сама.

Лоўля такой вялікай рыбіны далася цяжка. «Цягаў ён мяне па рацэ хвілін сорак, — расказаў «Нашай Ніве» былы падводнік.

— Калі я заўважыў гэтага сама, то зразумеў, што ён проста парве мой гарпун, — кажа Ляхновіч. — Вырашылі мы з сябрам вярнуцца і ўзяць штосьці мацнейшае. Падплыў другі раз на тое самае месца — ён мяне заўважыў і пачаў варушыцца. Адрэналін у гэты момант проста зашкальваў. Я давай страляць, але даў пудла, і сом уцёк.

Доўга шукаў, вылазіў на бераг адпачыць. У выніку зноў знайшоў яго, страляю — трапіў. Але ён стаў раскручваць шнур, і я пашкадаваў, што набыў не кеўларавы, а капронавы танны. Ну і ўсё, ён знёс мне гарпун, усё зламаў, застаўся я без адной стрэльбы. Тое самае здарылася і з другой стрэльбай, калі я яго зноў знайшоў праз 30 хвілін. У выніку паехалі да сяброў, пазычылі ў іх яшчэ дзве стрэльбы, але ўжо з кеўларавымі шнурамі.

Раніцай вярнуўся на тое ж месца, гляджу — ляжыць у яме глыбінёй дзесьці 3—4 метры. Страляю і ўрэшце добра трапляю яму ў галаву. Ён доўга мяне буксіраваў, пацягаў метраў дзвесце па рацэ ўніз, але пасля стаміўся і вярнуўся ў тую яму ля бервяна адпачыць. Я пачаў пакрысе скручваць шнур і бачу, што на хвасце ў яго два мае гарпуны, прычым з розных бакоў. Ён пачынае выкручвацца, спрабаваў мяне ўхапіць зубамі, але нейкім цудам я змог дацягнуць яго да берага», — апавёў Ляхновіч.

Ляхновічу 62 гады. Быў ён за сваё жыццё мараком падводнага і надводнага флоту, «выбівалам» у рэстарацыі, трэнерам па кікбоксінгу, целаахоўнікам, журналістам і нават будаўніком у Маскве ды Варшаве.

А ў апошні час пачаў ён пісаць літаратурныя творы. Выдаў зборнікі апавяданняў «Пачатак сезону», «Золата князёўны», «Зялёны дуб». Друкуецца пераважна ў часопісе «Дзеяслоў».

Як вернік-уніят, дапамагаў распісваць царкву ў Берасці.

Актыўна ўдзельнічае і ў руху барацьбы за грамадзянскія правы. І, да ўсяго, як і многія палешукі, ён заўзяты рыбак.

Па словах Паўла, злоўленаму саму каля 15—20 гадоў, заважыў ён на 65 кілаграмаў.

Сама Ляхновіч здаў на праверку ў лабараторыю, дзе сказалі, што на радыяцыю ён вельмі чысты. Таму рыба пойдзе на ежу Паўлу і шматлікім сябрам.

Мікіта Недаверкаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера