Знайсці
15.09.2016 / 11:249РусŁacБел

Электаральныя цуды: мінчукі псуюць бюлетэні па-рознаму ад раёна да раёна

Фота Ірыны Арахоўскай

Абстрагуемся на хвіліну ад шматлікіх парушэнняў, зафіксаваных назіральнікамі і журналістамі, звязаных з завышанай яўкай, укідам бюлетэняў і закрытым падлікам галасоў. Нават аналіз абагульненых афіцыйных звестак спараджае нязручныя пытанні да арганізатараў выбараў.

Зноў скокі ў лічбах несапраўдных бюлетэняў

Як і ў гісторыі з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, на парламенцкіх выбарах з лічбамі несапраўдных бюлетэняў — таксама праблемы. Праўда, іншага роду. У выніках прэзідэнцкіх выбараў выразна вылучаецца Магілёўская вобласць — у адрозненне ад іншых рэгіёнаў краіны, толькі тут па раёнах не скача розніца ў лічбах несапраўдных бюлетэняў ад выбараў да выбараў. А ў выніках мінулых парламенцкіх выбараў даецца статыстыка па Мінску.

З афіцыйных дадзеных вынікае, што мінчане чамусьці радзей, чым жыхары іншых рэгіёнаў краіны, псуюць бюлетэні, і псуюць іх ужо вельмі нераўнамерна ад раёна да раёна.

У сярэднім, колькасць несапраўдных бюлетэняў па 110 акругах краіны (а яны прыкладна роўныя па колькасці выбаршчыкаў) склала 597. За выключэннем мінскіх акругаў, сярэдні паказчык несапраўдных бюлетэняў па 90 іншых выбарчых акругах краіны склаў 664. А па мінскіх акругах сярэдні паказчык - усяго 294, і ў трох з іх несапраўдных бюлетэняў налічылі менш за сотню, што стала абсалютным рэкордам па краіне.

Можа разгадка ў тым, што жыхары сталіцы менш крытычныя да дзеючай улады, чым насельніцтва ў рэгіёнах, а значыць і рацыі псаваць бюлетэні ў якасці сацыяльнага пратэсту ў іх менш? Ды не, сацыялагічныя дадзеныя гавораць хутчэй пра адваротнае.

Можа, мінчане ў сярэднім больш маладыя і/або з больш высокім узроўнем адукацыі, а таму і радзей па памылцы або няўважлівасці псуюць бюлетэні? Але з афіцыйных вынікаў выбараў не відаць тэндэнцыі, пры якой доля несапраўдных бюлетэняў у акругах з большай доляй сельскага насельніцтва стабільна вышэй, чым у больш урбанізаваных раёнах. Адсюль відаць праблема з афіцыйнымі дадзенымі ў тым ці іншым выглядзе. Ды і па выніках выбараў-2012 мінчане псавалі бюлетэні амаль удвая часцей, чым цяпер.

Статус самага «спраўнага» на выбарах-2016 дастаўся Уруччу:

усяго 54 несапраўдныя бюлетэні па Уручскай акрузе (у 2012 годзе было 733) на 45.570 прагаласаваўшых. Для параўнання, у суседняй Партызанскай акрузе на 40 тысяч бюлетэняў прыйшлося амаль паўтысячы несапраўдных.

Такім чынам, паводле афіцыйных дадзеных, па некаторых акругах Мінска на 1000 тых, хто прагаласаваў прыпадае ўсяго 1-2 несапраўдныя бюлетэні, а ў суседніх — у пяць-дзесяць разоў больш. Падобныя разыходжанні назіраюцца яшчэ і па Гомелі.

Колькасць несапраўдных бюлетэняў на 1000 прагаласаваўшых па мінскіх акругах

Адмена другога тура творыць цуды

Галоўнае, што кідаецца ў вочы, - рэзкія змены ў якасці выбарчых вынікаў 2016 га года ў параўнанні з папярэднімі парламенцкімі выбарамі. Калі на выбарах 2008 і 2012 года ўсе перамогшыя кандыдаты адразу набіралі больш за 50% галасоў, то на апошніх выбарах карціна рэзка змянілася. І разгадка гэтаму — новыя выбарчыя правілы, якія дазваляюць ўладнай вертыкалі трохі расслабіцца з прыпіскамі.

Справа ў тым, што раней дзейнічаў прынцып абсалютнай большасці галасоў: кандыдат станавіўся пераможцам па сваёй акрузе ў першым жа туры, калі набіраў больш за палову галасоў, гэта значыць больш за 50%.

У іншым выпадку, патрабаваўся другі тур з удзелам двух кандыдатаў, якія набралі большую колькасць галасоў. Каб пазбегнуць працягу выбарчай каніцелі, кожнаму кандыдату-пераможцу на ўсіх 110 акругах трэба было нязменна адразу набіраць больш за палову галасоў. Што, увогуле, і адбывалася апошнія дзесяць гадоў.

Згодна з новымі правіламі, у рамках выбараў-2016, у парламент аўтаматычна праходзіць кандыдат, які набраў простую большасць галасоў, без усялякіх другіх тураў. Гэта значыць, атрымаць перамогу цяпер можна хоць і з 20%, пры ўмове, што кожны з іншых кандыдатаў па акрузе набірае яшчэ меншая колькасць галасоў.

На парламенцкіх выбарах 2012 года тыя кандыдаты, што перамаглі, набралі больш за 50% у першым жа туры ў 109 акругах, а яшчэ ў адной — Гомельска-Навабеліцкай акрузе - выбары не адбыліся.

Невялікае адступленне: так адбылося таму, што Ігар Пракапенка, былы памочнік Лукашэнкі, нечакана зняў сваю кандыдатуру перад самымі выбарамі — пагаворваюць, з-за нашумелай справы аб махінацыях з кватэрамі. У акрузе застаўся толькі адзін кандыдат ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Мельнікаў, якога ўлады ў парламент пускаць відавочна не хацелі.

У выніку, больш за 80% выбаршчыкаў, або роўна 34200 чалавек, — такіх электаральных прэцэдэнтаў у гісторыі Беларусі не было — прагаласавалі на акрузе «супраць усіх», а непажаданаму кандыдату дасталася ўсяго 13,2%. На праведзеных пазней паўторных выбарах у парламент прайшоў патрэбны цэнтральнай уладзе кандыдат, набраўшы больш за палову галасоў у першым жа туры.

Калі ўзяць парламенцкія выбары 2008 года, то тады ва ўсіх без выключэння 110 акругах краіны пераможцы ў першым жа туры набралі больш за 50% галасоў. Прычым вынікі па некаторых акругах выглядаюць анекдатычна.

Напрыклад, у Гомельска-Савецкай акрузе за Ларысу Кузняцову нібыта прагаласавалі 19803 выбаршчыкі, ці крыху больш за 50%. Калі б за яе прагаласавала ўсяго на 57 чалавек менш, то ўжо спатрэбіўся б другі тур.

Але другі тур па ніводнай з 110 акругаў праводзіць не было патрэбы. Нас прымушаюць паверыць, што містычным чынам усе перамогшыя кандыдаты на выбарах 2008 і 2012 гадоў стабільна адразу атрымлівалі больш за палову галасоў сваіх выбаршчыкаў.

Так было роўна да апошніх выбараў, якія адбыліся па новых выбарчых правілах. Раптам у краіне з'явіліся акругі, дзе перамогшыя кандыдаты атрымалі менш за палову галасоў. І па Мінску такіх акругаў цэлых восем з дваццаці. Было б наіўна лічыць, што такі расклад з вынікамі трох апошніх парламенцкіх выбараў — усяго толькі найвялікшая выпадковасць.

Характэрна, што на адной з мінскіх акругаў— Кастрычніцкай — пераможца набраў усяго 23,7%.

Гаворка ідзе аб Ганне Канапацкай, адзінай прадстаўніцы апазіцыйнай партыі, якая патрапіла ў парламент. На гэтай жа акрузе Ганна Канапацкая нібыта абыйшла экс-кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах Таццяну Караткевіч. Як бачыце, у беларускіх арганізатараў выбараў вельмі своеасаблівае пачуццё гумару!

Андрэй Елісееў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера