Знайсці
13.09.2016 / 10:542РусŁacБел

Унікальны драўляны лямус у Гродне дачакаўся рэстаўрацыі

Пра стварэнне музея каталіцкай дыяцэзіі ў драўляным лямусе на тэрыторыі былога брыгіцкага манастыра гаварылі яшчэ тры гады таму. Унікальны помнік шмат год стаяў закінуты і знішчаўся. Толькі цяпер размовы робяцца больш рэалістычнымі. Ужо ў кастрычнiку спецыялісты, у тым ліку запрошаныя адмыслоўцы з Польшчы, маюць пачаць працы па рэстаўрацыі ўнікальнага будынка XVIIІ стагоддзя, паведамляе «Твой стыль».

Зараз распрацоўваецца дакументацыя на аднаўленчыя работы. Як і планавалася раней, тут будзе музей дыяцэзіі. Што тычыцца дазволаў на працы, то ўсё ўжо падрыхтавана і ўзгоднена з Міністэрствам культуры.

«Працы пачнуцца прыкладна праз месяц. У гэтым годзе плануем рэалізаваць першую ступень — замяніць падмурак, бо стары ўжо цалкам не прыдатны, — адзначыў ксёндз Аляксандр Сасноўскі, які адказвае за рэстаўрацыю лямуса.

Таксама рабочыя ачысцяць памяшканне ўсярэдзіне ад смецця і лішніх элементаў, якія з'явіліся ў савецкі час. Калі час і фінансы дазволяць, то адразу пасля гэтага пачнецца замена драўляных канструкцый, якія прагнілі — перадусім элементаў каля падмурка.

«Для нас галоўная задача — захаваць гэты помнік гісторыі. Перад зімой зоймемся поўнай кансервацыяй даху, каб не залівала. Тое, што мы зараз маем каштоўнага — на 100% захаваем», — кажа ксёндз.

Гарадзенскі лямус — адзін з самых старых драўляных аб'ектаў у Беларусі. Аднаўленне яго стане важнай часткай маштабнай шматгадовай рэканструкцыі ўсяго комплексу брыгіцкага манастыра, дзе ў савецкія гады размяшчалася псіхіятрычная бальніца.

Пасля рэстаўрацыі ўсяго комплексу тэрыторыя, дзе знаходзіцца лямус, стане адкрытай для ўсіх. У музеі выставяць мноства экспанатаў, якія зараз ёсць у каталіцкай дыяцэзіі. Сярод іх — рэдкія асобнікі кніг і дакументы XVII—XIX стагоддзяў.

Гарадзенскі лямус — двухпавярховы дом з лоджыяй на другім паверсе і арачнымі галерэямі на галоўным фасадзе. Пабудаваны ў традыцыях беларускага народнага дойлідства, выкладзены з масіўных брусоў, без выкарыстання клямараў і металічных крапяжоў. Верагодна, пабудаваны ў другой палове XVIII ст., хаця і сёння дзе-нідзе ў літаратуры датуецца 1630 годам.

Руслан Кулевіч, t-styl.info

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930