Знайсці
13.09.2016 / 11:1655РусŁacБел

Мы заявім пра сябе і на прэзідэнцкіх: у Мінску прайшла прэс-канферэнцыя дэпутата ад АГП Ганны Канапацкай

Фота Сяргея Гудзіліна

У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя Ганны Канапацкай, якая перамагла на выбарах у Палату прадстаўнікоў па сталічнай 97-й Кастрычніцкай акрузе. Яна набрала 23,7% галасоў. За Аляксандра Дрожжу, якога лічылі кандыдатам ад улады, прагаласавалі 21,0%.

Першую прэс-канферэнцыю дэпутатка ад АГП вырашыла правесці ў канферэнц-зале гатэля «Манастырскі» ў Верхнім горадзе. Апроч яе самой у мерапрыемстве ўзялі ўдзел старшыня АГП Анатоль Лябедзька і прэс-сакратар партыі Ганна Красуліна.

Першы дзень пасля абрання Ганна Канапацкая не дала інтэрв’ю ніводнаму выданню. Сёння былі першыя кантакты з прэсай і прайшлі яны ў рамках агульнай прэс-канферэнцыі.

Першым слова ўзяў Анатоль Лябедзька, ён гаварыў па-беларуску. Лябедзька павіншаваў усіх з вынікамі, якія агучылі міжнародныя арганізацыі па назіранні. Кіраўнік АГП задаволены, што ні АБСЕ, ні ЗША не прызналі вынікі справядлівымі.

Лябедзька кажа, што ўчора ўвесь дзень былі кансультацыі, ці Канапацкая будзе сама па сабе ў парламенце, ці як частка вялікай кампаніі. «Мы вырашылі, што мандат Канапацкай — гэта магчымасць навязаць новы парадак дня», — сказаў Лябедзька.

«Ганна — сузаснавальніца АГП, яна была на ўстаноўчым з’ездзе партыі. У яе быў вельмі яркі выступ чатыры гады таму на парламенцкіх выбарах. Яна чалавек самадастатковы, ідзе ў парламент не па заробак, у яе ёсць бізнэс.

У яе бліскучая юрыдычная адукацыя, добра ведае замежныя мовы. Ганна можа быць і вулічным байцом, яе прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за акцыі салідарнасці», — дадаў старшыня АГП.

«Вельмі прыемна атрымліваць віншаванні», — сказала Канапацкая. Яна адразу адзначыла, што ў Беларусі няма сумленных і справядлівых выбараў, аднак упэўненая, што перамагла б і ў справядлівых.

«Ганна можа за адзін год зрабіць болей, чым 110 дэпутатаў за мінулыя 4 гады, якія прапанавалі ўсяго тры законапраекты», — мяркуе Лябедзька.

«Пра сумленны падлік галасоў не даводзіцца. Але я з упэўненасцю магу сказаць, што мы былі гатовыя да перамогі. Я буду партыйным дэпутатам, безумоўна. Я ішла на выбары з камандай прафесіяналаў. І гэта вялікая перавага мяне, як дэпутата», — кажа Канапацкая.

Наконт таго, хто будзе памочнікам дэпутата Ганна Канапацкая яшчэ не вызначылася.

Ці будзе ім Анатоль Лябедзька, сам лідар АГП адказаў: «Памочнікам я яшчэ не быў… Паглядзім».

Бацька Ганны Канапацкай, вядомы ў краіне бізнэсовец Анатоль Трухановіч, таксама з’яўляецца сябрам АГП, ці не будзе ў яго праблем на працы праз абранне дачкі? «Я спадзяюся на дапамогу журналістаў у гэтым пытанні». Яна падкрэсліла, што публічнасць у такой сітуацыі вельмі дапамагае.

«Мы заявім пра сябе і на прэзідэнцкіх выбарах», — сказала Канапацкая на пытанне, ці будзе яна ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах. Ні так, ні не яна не адказала.

Канапацкая ўвесь час падкрэслівала, што яна прадстаўніца апазіцыйнай партыі.

Лябедзька кажа, што Канапацкую даводзілася ўгаворваць ісці на парламенцкія выбары. На той момант, калі яна згадзілася ад правацэнтрысцкай кааліцыі заставалася вольнай у Мінску толькі Кастрычніцкая акруга.

«Я не буду адмаўляцца ад дапамогі Таццяны Караткевіч. Але нашы погляды на сітуацыю ў краіне кардынальна адрозніваюцца, таму наўрад ці можа быць плённае супрацоўніцтва», — сказала Ганна Канапацкая пра сваю суперніцу па акрузе Таццяну Караткевіч.

«Я прафесійны юрыст, у мяне юрыдычная кампанія. Мая спецыяльнасць —— гаспадарчае права. Я працую з буйнымі замежнымі кампаніямі, раблю ўсё, каб прыцягнуць інвестыцыі ў краіну», — кажа дэпутатка пра сваю працу.

«Безумоўна, я бачу аднаго саюзніка Алену Анісім, з якой мы можам разам падтрымаць беларускую мову і культуру».

«Я ведаю беларускую мову і спадзяюся ў мяне будзе магчымасць працаваць на ёй у парламенце», — па-беларуску адказала спадарыня Канапацкая.

«Вельмі стамілася, за апошнія месяцы вялікая праца была праробленая. Прабачце, што сёння была не надта шматслоўная», — скончыла Канапацкая прэс-канферэнцыю.

Зміцер Панкавец, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера