Знайсці
09.09.2016 / 23:2810РусŁacБел

«Мы — нашчадкі ліцвінаў». Экс-капітан паралімпійцаў падзяліўся поглядам на выхад беларускай дэлегацыі з расійскім сцягам у Рыа

Капітан зборнай Беларусі на лонданскай Паралімпіядзе-2012 і віцэ-чэмпіён пекінскіх Гульняў-2008 у турніры шпажыстаў Мікалай Без'язычны у гутарцы з карэспандэнтам Sport.tut.by падзяліўся сваім поглядам на жэст салідарнасці нашых паралімпійцаў з адхіленымі ад Рыа-2016 расіянамі, адшукаў у акцыі беларускай дэлегацыі як станоўчыя, так і адмоўныя моманты.

Мікалай Без'язычны, фота: gazetaby.com.

— Я прыхільнік незалежнай Беларусі і лічу, што мы — нашчадкі ліцвінаў. Таму наша пазіцыя павінна быць больш незалежнай. У мяне шмат сяброў-паралімпійцаў у зборнай Расіі, але, на мой погляд, падтрымку ім можна было аказаць іншым спосабам, не парушаючы моманты незалежнасці нашай краіны.

— Як лічыце, наколькі сур'ёзнай была пагроза санкцый да беларускай каманды пасля таго, як Андрэй Фомачкін прайшоўся на парадзе адкрыцця з расійскім сцягам?

— Упэўнены, што да гэтага не дайшло б. Міжнародны паралімпійскі камітэт не адважыўся б на тое, каб адхіліць ад удзелу ў Гульнях яшчэ адну зборную. Калі рызыка і была, дык мінімальная. Думаю, прадстаўнікі нашага штаба ўлічвалі гэта, калі ішлі на такі крок.

— Як ставіцеся да таго, што беларускіх паралімпійцаў-калясачнікаў міжнародныя спартыўныя функцыянеры скруцілі, калі адбіралі ў іх расійскія сцягі перад парадам адкрыцця Гульняў?

— Я пакуль не стэлефаноўваўся ні з кім з нашых у Рыа, але слаба ўяўляю сабе такую карціну. Не думаю, што ўсё было настолькі драматычна. Магчыма, усё абышлося вербальным кантактам.

— Ці стала для вас нечаканасцю, што беларусы наважыліся пранесці расейскі сцяг, нягледзячы на папярэджанне МПК, які яшчэ ў жніўні перасцярог, што такі крок будзе расцэнены як палітычны пратэст?

— Не, не было. Я прыкладна такога чагосьці чакаў. Таму што старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель — чалавек прынцыповы і пайшоў бы на гэта, нягледзячы на папярэджанне. Гэта было чакана.

— Як вы ўспрынялі факт адхілення расійскіх паралімпійцаў ад Гульняў у Рыа?

- Гэта жудасна. Думаю, няма людзей на постсавецкай прасторы, хто па-іншаму ацэньваў бы сітуацыю. Гэта катастрофа для паралімпійскага руху. Тым больш, што спартсмены пацярпелі не па сваёй віне. Гэтыя 35 прозвішчаў паралімпійцаў, якія незразумела калі апублікуе ВАДА … Бо ў любым выпадку гэта будуць не тыя людзі, якіх адхілілі ад Паралімпіяды ў Рыа. Гэта асабістыя драмы людзей, якія ішлі да гэтых Гульняў столькі гадоў. Для многіх, ведаю дакладна, гэтая Паралімпіяда стала б апошняй.

Не ведаю, чым там скончацца ў плане матэрыяльнай узнагароды тыя Гульні, якія арганізавала для расійскіх паралімпійцаў іх дзяржава ў якасці кампенсацыі за нявыезд у Рыа. Але я не ўпэўнены, што будуць раўназначныя прызавыя ў некаторых відах спорту. Гэта ж у цыклічных відах можна параўнаць вынікі з паказанымі ў тым жа Рыа секундамі, метрамі і вырашыць, хто выйграў. А вось у адзінаборствах як будуць ацэньваць вынік? Вось у шпазе, дапусцім, 5 чалавек выступаюць у адным класе. І што, усёй тройцы медалістаў дадуць прызавыя, як на Гульнях? Гэта наўрад ці.

— Згодна з афіцыйнай версіяй, жэст салідарнасці з расійскімі паралімпійцамі быў рашэннем ўсёй беларускай каманды.

- Мне цяжка пра гэта казаць. Ні з кім з паралімпійцаў пакуль яшчэ не камунікаваў з гэтай нагоды. Але наогул, бачыце, як гэты выпадак на парадзе адкрыцця прыцягнуў цікавасць да Паралімпіяды. Бо мала хто пра іх ведаў, калі Гульні праходзілі ў Пекіне або Лондане. А цяпер дзякуючы гэтай шумісе ўсе Паралімпіяду абмяркоўваюць. Спадзяюся, што дзякуючы золату Ігара Бокія пад гэты шум інфармацыйная інерцыя падтрымае цікавасць да Гульняў і далей.

Мікалай Без'язычны, фота: gazetaby.com.

— Вы ж вырашылі завяршыць кар'еру. Чаму?

- Я ішоў у рэйтынгу добра, можна было паехаць яшчэ на некалькі турніраў, каб адабрацца ў Рыа. Але гэтая падрыхтоўка занадта дорага абышлася б здароўю, таму што пры падрыхтоўцы да Паралімпіяды нагрузкі вельмі сур'ёзныя, а здароўе падводзіць. Але наогул, маю надзею застацца як мага бліжэй да спорту, усё-ткі ўсё жыццё з дзяцінства з ім звязаны.

Сяргей Вішнеўскі, sport.tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера