Знайсці
30.08.2016 / 17:5079РусŁacБел

Мільянер Шакуцін больш не будзе «сенатарам». А якія цікавыя асобы будуць у Савеце Рэспублікі?

Газета Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссія» надрукавала спіс зарэгістраваных кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу. Агулам вылучана 56 чалавек — па 8 на кожную вобласць і горад Мінск. Конкурс у верхнюю палату складае 1 чалавек на 1 месца.

Хто з вядомых людзей балатуецца ў Савет Рэспублікі? Найперш гэта цяперашні спікер, былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Мабыць, ён будзе кіраваць і новым скліканнем.

Міхаіл Мясніковіч, мабыць, ізноў будзе спікерам Савета Рэспублікі.

А вось цяперашні намеснік Мясніковіча Анатоль Русецкі больш не зарэгістраваны як кандыдат. Можна рабіць стаўку, што найбольш імавернай віцэ-спікеркай стане дзейная міністарка працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, якая ўзначальвала штаб Лукашэнкі падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў.

Марыяна Шчоткіна пакіне пасаду ў Міністэрстве працы дзеля пераходу ў Савет Рэспублікі.

Гэтаксама ідзе ў Савет Рэспублікі кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда. Гэта не значыць, што Орда сыдзе з прафсаюзнай працы. Думаецца, ён будзе і там, і там.

Таксама ў Савет Рэспублікі ідзе таленавіты доктар Алег Румо, які быў летась даверанай асобай Лукашэнкі. Румо — адзіны доктар, якому далі надзел у Драздах.

Орда зможа працаваць адначасова і ў прафсаюзах, і ў «сенаце».

Па Мінску таксама ідзе цяперашні пасол Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў. Ён нарадзіўся ў Расіі, але вучыўся і працаваў у Беларусі. Кар’ера Рахманава развівалася як у навукоўца-хіміка, аднак у другой палове жыцця яго перавялі на дыпламатычную ніву, а цяпер на дэпутацкую.

Кацярына Дулава ўзначальвае Акадэмію музыкі.

Тры астатнія вакансіі па Мінску займаюць намесніца міністра юстыцыі Ала Бадак, дырэктар цэнтра «Маці і дзіця» Канстанцін Вільчук і рэктарка Акадэміі музыкі Кацярына Дулава.

Самай маладой у новым скліканні савета рэспублікі будзе рэдактарка «Пінскага весніка» Вольга Леўчанка. Ёй 37 гадоў. Да гэтага яна ўзначальвала пінскі БРСМ, а таксама аддзел моладзі ў райвыканкаме.

Вольга Леўчанка з Пінска рызыкуе стаць самай маладой у савеце рэспублікі.

На год старэйшы за Леўчанку дырэктар па прамыслова-тэхнічнай палітыцы завода БАТЭ (Барысаў) Аляксандр Марчанка.

А вось найстарэйшым прадстаўніком у Савеце Рэспублікі будзе генеральны дырэктар «Віцебскаблгаза» Пятро Шэршань, якому 67 гадоў. Толькі на год маладзейшы за яго Міхаіл Мясніковіч.

Мінскую вобласць у савеце рэспублікі будзе прадстаўляць лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Гэты чалавек тройчы ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах, але не ні разу не спадзяваўся перамагчы. Многія разглядаюць Гайдукевіча як спарынг-партнёра Аляксандра Лукашэнкі.

Звяртае ўвагу, што ў гэтае скліканне Савета Рэспублікі не ўключаны мультымільянер, старшыня рады дырэктароў «Амкадор» Аляксандр Шакуцін — адзін з найбольш набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсменаў краіны.

Мікалаю Мартынаву не ў навінку засядаць у Савеце Рэспублікі.

Багатыя беларусы ў савеце рэспублікі будуць рэпрэзентаваныя ў асобе Мікалая Мартынава, генеральнага дырэктара абутковай кампаніі «Марка». Мартынаў быў у спісах членаў Савета Рэспублікі і мінулага склікання.

Будуць у Савеце Рэспублікі і іншыя топ-менеджары. Напрыклад, 40-гадовы Іван Галаваты, гендырэктар «Беларуськалія», вылучаны ад Мінскай вобласці.

Ад Брэсцкай вобласці ў верхнюю палату парламента балатуюцца дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор Бысюк і старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц. Апошні жыве ў Бараўлянах, працуе ў Мінску, але, паколькі паходзіць з Брэстчыны, то і вылучаецца адтуль.

Адразу некалькі рэктараў вышэйшых навучальных установаў ідуць у «сенатары». Апроч ужо згаданай Дулавай, гэта Анатоль Шчасны з Віцебскага медуніверсітэта, Віктар Сняжыцкі з Гродзенскага медыцынскага, Ірына Старавойтава з Магілёўскага інстытута развіцця адукацыі і дырэктар Магілёўскай філіі Акадэміі музыкі Мікалай Алданаў.

Андрэй Белякоў у свае 40 гадоў узначальвае БРСМ.

Зноў у Савеце Рэспублікі будзе прадстаўлены кіраўнік БРСМ. У мінулым скліканні гэта быў Ігар Бузоўскі, якога павысілі да намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. А сёлета ў «сенатары» трапіць Андрэй Белякоў, які ў свае 40 узначальвае галоўную моладзевую арганізацыю краіны.

Ад Гродзеншчыны ў «спіс 56» трапіў дырэктар мясцовага мясакамбіната Анатоль Грышук, а таксама старшыня перадавога сельгаскааператыва «Азёры» з Гродзенскага раёна Аляксандр Шышко.

Сумнавядомы доктар Віктар Сірэнка, які праславіўся тым, што здаў спецслужбам кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева ў 2010, вылучаны па Мінскай вобласці.

Таксама ў Савет Рэспублікі патрапіць дырэктар паспяховага агракамбіната «Сноў» Мікалай Радаман.

Мікалай Радаман узначальвае агракомплекс «Сноў».

Яшчэ восем членаў у Савет Рэспублікі прызначыць Аляксандр Лукашэнка. Як правіла, гэта старшыні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а таксама хтосьці з прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930