Знайсці
30.08.2016 / 22:5819РусŁacБел

«А хто гэта такі выступае?» — яшчэ адзін кішэнны кандыдат у дэпутаты Васіль Задняпраны

«Наша Ніва» працягвае цікавіцца кандыдатамі ў парламент з Сеніцкай выбарчай акругі. На гэты раз мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з Васілём Задняпраным — лідарам кішэннай Партыі працы і справядлівасці. 29 жніўня мы завіталі на ягоную сустрэчу з патэнцыйнымі выбаршчыкамі ў вёсцы Самахвалавічы.

«Васіль Задняпраны — вельмі сумленны, прыстойны, мудры, цікавы і рознабаковы чалавек, і краіна павінна больш ведаць пра такіх людзей», — паведамляе сайт задняпранаўскай партыі.

Што ж, паспрабуем даведацца.

Камуністычныя ідэалы і царкоўны хор

Васіль Задняпраны на дарагім чорным «Мэрседэсе» прыязджае на сустрэчу ў самахвалавіцкім Цэнтры культуры за паўгадзіны да пачатку. Разам з ім — жонка.

Так як і Улаховіч, Задняпраны ездзіць па вёсках з музычнай «групай падтрымкі». Толькі замест казакоў у яго царкоўны хор. Хор — а дакладней частка яго з чатырох чалавек — з мінскага храма Усіх Святых. Яны, дарэчы, суправаджалі Лукашэнку падчас яго сёлетняга візіту ў Ватыкан.

«Тут ніякай камерцыі. Кіраўнік хора Такмакоў — мой сябар дзяцінства, які з радасцю пагадзіўся мне дапамагчы», — тлумачыць Задняпраны.

І сам Задняпраны называе сябе вельмі рэлігійным чалавекам. Пакуль народ паціху падцягваецца на сустрэчу, з кандыдатам удаецца разгаварыцца.

«Камуністычныя ідэалы мне блізкія, але яны ж не супярэчаць рэлігіі. У нас жа рэлігія [ў савецкія часы] не была забароненая, яна была аддзеленая ад дзяржавы. Я хадзіў у царкву і тады, за гэта не каралі. А калі пайшла перабудова, то карані, якія ёсць у праваслаўі ў славянскіх народаў, і здаровы сэнс у людзей узялі верх. Цяпер жа і Зюганаў ходзіць у царкву, і Пуцін ходзіць, і Ельцын хадзіў, — кажа Васіль Задняпраны. - А камуністычныя ідэалы мне блізкія ў плане сацыяльнай падтрымкі. Перакосаў хапала, так, але імкненне спачатку было добрым. Настальгіі па СССР у мяне няма, але развал Саюзу быў памылкай. Трэба было рэфармаваць краіну як гэта зрабіў Кітай. Сёння ж у кітайскім парламенце 50 дэпутатаў — самыя багатыя людзі Кітая. І яны свой вопыт і веды закладваюць у заканадаўчую базу. Такія людзі патрэбныя».

Піянер Васіль Задняпраны. Фота з сайта rpts.by.

Тое, што беларускіх мільянераў не запрашаюць ва ўладу, — вялікая памылка, лічыць Задняпраны. Па яго словах, такіх людзей трэба выкарыстоўваць па максімуме.

Сёлетняе «выкарыстанне» Юрыя Чыжа Задняпраны не пракаментаваў — сказаў, што недастаткова валодае інфармацыяй.

Неўзабаве кандыдата перахватвае нейкая мясцовая бабуля, якая сходу паведамляе: «За цябе буду галасаваць!». Затым адразу пачынае расказваць яму пра сваё дзяцінства падчас Вялікай айчыннай.

«Мяне ўсе завуць баба Соня», — паведамляе яна.

Васіль Задняпраны і баба Соня.

Бабу Соню праводзяць у залу. Пасля Задняпраны ўважліва слухае дырэктара Цэнтра культуры. Той распавядае, што раней тут стаяў будынак, які належаў мясцоваму пану. Той дом узарвалі, а на руінах знайшлі мех золата. За гэтыя грошы і пабудавалі гэты тады яшчэ Дом культуры. Па словах дырэктара, тады ў Самахвалавічы нават прыязджаў Калінін, менавіта таму даўжэзная вясковая вуліца і носіць ягонае імя.

Задняпраны ветліва ківае, дзе трэба — пасмейваецца. Натхнёны ўвагай, дырэктар распавядае пра фарбаванне будынка, як здабываў крэслы, ліхтарыкі.

«Так, так, вельмі ўсё ў вас прыстойна, — ківае Задняпраны. — Вельмі ўтульна, па-хатняму. Хораша».

«Навошта нам той кандыдат?»

Тым часам народ паціху цячэ ў залу тонкім струменьчыкам. Большасць гледачоў — жанчыны. Хаця не абыходзіцца і без каларытных персанажаў: напрыклад, у залу прабіраюцца два мужычкі відавочна нападпітку. Адзін — у кепачцы і саколцы з сімволікай ЛДПР. На яго кампаньёну — саколка з лагатыпам беларускага парталу «Onliner».

Агулам на сустрэчы — чалавек 35.

«У нас тут ёсць пастаянная аўдыторыя, чалавек 60, — кажа дырэктар Цэнтру культуры. — Жанчыны у асноўным, матулі і бабулі. Мужыкоў у клуб не загнаць, такія ўжо істоты. На матулях і бабулях наш клуб трымаецца».

Дарэчы, хор — хіба галоўная прычына, чаму народ прыйшоў на сустрэчу з кандыдатам. Пра выступ харыстаў паведамляў прыхаджанам святар мясцовай царквы.

«Калі б не хор, то мы б і не прыйшлі, — распавядае жанчына сярэдніх гадоў, якая прыйшла разам з мужам і дарослымі ўжо дзецьмі. — Навошта нам той кандыдат?»

«Я пачытаў праграму кожнага. Няма ніводнага прыстойнага кандыдата», — кажа яе муж.

«Ды памаўчы ты», — насцярожана піхае яго ў бок жонка.

«А гэты што за ён? Ці не той, што меў судзімасць за наезд? — не супакойваецца мужчына. — Ведаем мы такое. Ехаў бухі начальнік… Каб звычайны чалавек каго збіў, то сеў бы».

Жонка «шыкае» на мужа. Але мужчына не супраць пагаварыць.

«Трэба штосьці мяняць у краіне. Я і на прэзідэнцкіх выбарах галасаваў не за таго, які цяпер. Мы топчамся на месцы, развіцця няма, — кажа ён. — Хай бы і той сядзеў хоць трыста гадоў, але каб штосьці мяняў. А так што? Моладзі прапануюць заробак у 3—4 мільёны і каб на гэтыя грошы сям’ю карміў. Здзекуюцца з людзей, ці што?».

Тым часам Задняпраны бярэ слова. Выступ стандартны: нарадзіўся, вучыўся, служыў, маю ўзнагароды…

Гаворыць доўга і даволі паныла, бачна старога наменклатуршчыка. Расказвае пра неабходнасць інвестыцый, павелічэнне ролі парламента, эфектыўнасць эканомікі, традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.

Пакуль Задняпраны рэкламуе сябе, у залу ціхенька заходзяць яшчэ пару чалавек. Яны відавочна прыйшлі паслухаць хор, бо адна з жанчынаў здзіўлена пытаецца: «А гэта хто такі выступае?».

Кішэнны кандыдат

Хто такі Васіль Задняпраны — пытанне сапраўды цікавае. Выступ яго нічым асаблівым не вылучаецца. Але, калі пацікавіцца поглядамі Задняпранага трохі глыбей, вымалёўваецца даволі дзіўная асоба. Мякка кажучы, погляды на жыццё ў яго даволі эклектычныя.

Так, напрыклад, «палітык» Задняпраны ў палітыку асабліва ніколі не лез. Партыю яго стварылі яшчэ ў 1993 годзе (дарэчы, ля вытокаў гэтай суполкі стаялі кампазітар Лучанок і акцёр Гасцюхін). Партыя дэкларавала «безумоўную падтрымку палітыкі Аляксандра Лукашэнкі», і, калі ў 2006 годзе яе ўзначаліў Задняпраны, нічога асабліва не змянілася. Ціхае расліннае існаванне: кандыдаты ад партыі стабільна праходзілі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, праводзіліся нейкія спартовыя турніры і круглыя сталы… Сябравалі (і сябруюць і па сёння) з яшчэ адной кішэннай партыяй — «Справядлівай Расіяй».

Калі трэба, партыя з ахвотай нагадвала пра сваю «правільную пазіцыю»: віншавалі з перамогай на выбарах прэзідэнта Венесуэлы Мадура, напрыклад. Праўда, у адрозненне ад таго ж Улаховіча, задняпранаўскую суполку ўсё ж трохі цягне ў бок Расіі. Так, напрыклад, Партыя працы і справядлівасці «безумоўна падтрымлівае» крымскі «рэферэндум» 2014 года (увогуле, партыя, здаецца, любіць «безумоўна падтрымліваць»). А раней партыя выступала за тое, каб Беларусь прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Ды і сам Задняпраны ўдзельнічаў у канферэнцыях «Румола», прысвечаных «расейскім суайчыннікам» і Рускаму свету.

Прычым вайсковец Задняпраны не прысягаў на вернасць Беларусі, калі яна атрымала незалежнасць, а сышоў у запас. Патлумачыў ён гэта тым, што «Радзіме прысягаюць адзін раз і на ўсё жыццё».

Рэлігійнасць Задняпранага таксама паказальная. Так, напрыклад, ён казаў, што і сам спяваў і спявае ў царкоўным хоры. Пры гэтым сваёй любімай музыкай ён называе шансон. На сваёй старонцы ў Аднакласніках Задняпраны час ад часу віншуе аўдыторыю з праваслаўнымі святамі… і рэпосціць відавочную псеўдарэлігійную лухту, напрыклад, «Манастырскі рэцэпт лячэння раку ад айца Георгія» (калі сцісла, то анкахворым прапануецца піць настойкі з траў, пасля чаго пухліны самі знікнуць).

Асобны пункцік у Задняпранага — сям’я. У тых жа Аднакласніках ён пастаянна лайкае і рэпосціць фота шмадзетных сем’яў. А ў сваіх выступах нагадвае пра «спрадвечныя ўстоі».

Само сабой, асцерагаецца ён і «бездухоўнага Захаду». У адным з інтэрв’ю Задняпранага ўвогуле прарвала:

«Некаторыя людзі ў Беларусі, пасля дасягнення пэўнага дабрабыту, пачалі задумвацца аб эміграцыі ў сытыя заходнія краіны. Але пасля таго як адны, другія знаёмыя сталі даваць інфармацыю, што ёсць спробы ў іх адабраць дзяцей у тыя аднаполыя шлюбы, то працэнтаў 75 адумаліся і сказалі, што, у прынцыпе, і ў Беларусі жыць не кепска».

Праўда, што стала з тымі 25%, хто не адумаўся, Задняпраны, на жаль, так і не распавёў.

Яшчэ цікава, што на сёлетніх выбарах у парламент Задняпраны фактычна адыгрывае тую ж ролю, што і Улаховіч на мінулых прэзідэнцкіх — імітуе канкурэнцыю. У дэпутацкае крэсла імаверна сядзе менавіта «казак», нездарма ж ён год таму раптам актывізаваўся і старанна рабіў выгляд, што хоча стаць прэзідэнтам. Верны сабака павінен атрымаць костку, а ва Улаховіча з вернасцю ўсё надзвычай добра: сваю лаяльнасць уладзе ён падкрэслівае пастаянна. Нават калі ён быў «кандыдатам у прэзідэнты», то на пытанні, чаму ён хоча змяніць Лукашэнку, «атаман» умеў адказваць максімальна абцякальна і размыта.

Таму, хутчэй за ўсё, задняпранаўскія паездкі і сустрэчы сэнсу маюць не шмат. Невядома, канечне, за што ён ездзіць — за грошы, павагу, ці проста таму, што «зверху» папрасілі, але варта прызнаць, што свой нумар Задняпраны адпрацоўвае старанна.

«Прыкладу максімум намаганняў»

Пасля прамовы кандыдата народ пачынае скардзіцца на мясцовыя праблемы.

Задняпранаму распавядаюць, што ў Самахвалавічах праблемы з пітнай вадой — яе прывозяць у цыстэрнах, мясцовую піць нельга. Кандыдат тут шчыры: «Я схлушу, калі скажу, што вырашу пытанне… Але прыкладу максімум намаганняў».

Скардзяцца на рознае. Хтосьці расказвае пра праблемы з электрычнасцю, хтосьці наракае на дарогі. Задняпраны абяцае, што калі зможа — дапаможа. Паведамляе, што ўсе пытанні і праблемы запісваюцца.

«Тут уласнікі катэджаў вельмі хутка ездзяць. Мы сабралі нават подпісы, каб нам на дарозе паклалі «ляжачага паліцэйскага». Але нам сказалі, што гэта немагчыма», — распавядае Задняпранаму адна з жанчын.

Той жартуе: «Хіба толькі жывога паліцэйскага пакласці».

«Добра сказаў!» — нечакана падае голас п’янтос у кепачцы ЛДПР.

Затым на сцэну выходзіць «Усіхсвяцкі» царкоўны хор. Харысты абвяшчаюць, што выступаюць у падтрымку Задняпранага і пачынаюць выступ з «Ойча наш».

Затым спяваюць некалькі духоўных песень і вершаў, а на развітанне яшчэ раз выказваюцца ў гонар патэнцыйнага дэпутата, спачатку пажадаўшы, а потым і праспяваўшы яму «Многая лета». Затым прапануюць набыць свае дыскі ў фае клуба.

Харысты вяскоўцам спадабаліся. З імі развітваюцца гучнымі апладысментамі, а каля скрыні з дыскамі адразу ж вырастае невялічкая чарга.

Некаторым спадабаўся і Задняпраны.

«Будзем за яго галасаваць. Штосьці ў ім ёсць такое… Мужык!» — распавядае адна з жанчын.

«А мне імпануе, што ён вайсковец», — паведамляе іншая.

Праўда, па словах дырэктара Цэнтра культуры, на мінулай сустрэчы з Улаховічам народу было трохі больш.

«Там чалавек з 60 было… Але гэта напэўна таму, што выступалі з ім казакі. Ну ці сёння менш прыйшло таму, што ўжо людзі занятыя — бульбу ж пачалі капаць», — кажа ён.

Улад Швядовіч, Самахвалавічы — Мінск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930