Знайсці
30.08.2016 / 14:59РусŁacБел

ДАІ заклікала аўтаўладальнікаў загадзя прыбраць машыны з вуліц, па якіх пройдзе паўмарафон

ДАІ заклікае аўтаўладальнікаў загадзя прыбраць машыны з вуліц, па якіх пройдзе Мінскі паўмарафон. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 30 жніўня ў Мінску паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй Зыранаў.

Паводле яго слоў, па ўсім маршруце руху бегуноў будуць уводзіцца абмежаванні, у тым ліку на праспектах Пераможцаў, Незалежнасці, Машэрава; вуліцах Карла Маркса, Леніна, Бабруйскай, Валадарскага, Энгельса, Камуністычнай, Куйбышава, Кісялёва, Янкі Купалы і інш.

Зыранаў заявіў, што ніякі транспарт да месца правядзення мерапрыемства дапускацца не будзе.

Намеснік начальніка ДАІ ГУУС таксама адзначыў, што жыхарам вуліц Карла Маркса, Камуністычнай, Куйбышава будзе забаронена паркоўка аўтамабіляў на саміх вуліцах. «Будзем звязвацца з уладальнікамі машын і іх перастаўляць, каб ім на наступны дзень не дастаўляць нязручнасцяў і каб было менш працы нам. Лепш у гэтыя дні на вышэйназваных вуліцах не паркаваць аўтамабілі і на вуліцах руху паўмарафону і спланаваць так дзень, каб не карыстацца машынамі і не выязджаць на перакрытыя вуліцы», — сказаў Зыранаў.

Паводле слоў прадстаўніка ДАІ, таксама змяняюцца маршруты грамадскага транспарту, які будзе хадзіць «па перыметры па вуліцах Ульянаўскай, Казлова, Нямізе, дазволены левы паварот грамадскага транспарту з Нямігі на Раманаўскую Слабаду».

Зыранаў таксама адзначыў, што ДАІ будзе забараняць паркоўку аўтамабіляў недалёка ад месца правядзення феерверку (на Востраве слёз) 3 верасня, у Дзень горада. «Па вопыце мы ведаем, што людзі актыўна хочуць выкарыстоўваць для паркоўкі вуліцу Старажоўскую, Нямігу. Хачу папярэдзіць, што мы не будзем там дапускаць cпынення асабістага транспарту, хаатычнага кідання машын і выхаду на праезную частку для прагляду салюту. Загадзя прыязджайце, паркуйце машыну, дзе дазволена, прыходзьце і глядзіце шоу, не ствараючы перашкод для грамадскага транспарту і іншых удзельнікаў дарожнага руху», — параіў Зыранаў.

Нагадаем, традыцыйны Мінскі паўмарафон, прымеркаваны да Дня горада, стартуе 4 верасня ў 11.00 каля Палаца спорту. Будзе праведзена тры забегі: на 5, 10 і 21 км. Арганізатары разлічваюць сабраць каля 20 тысяч удзельнікаў. У мінулым годзе колькасць удзельнікаў пераваліла за 15 тысяч.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера