Знайсці
30.08.2016 / 13:3820РусŁacБел

Сведка заявіў, што забойца Мікалуцкага хацеў узарваць Лукашэнку і вывучаў нюансы перамяшчэння картэжу

«Народная воля» друкуе расследаванне пра забойства старшыні Камітэта дзяржкантроля Магілёўскай вобласці, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Яўгена Мікалуцкага ў 1997 годзе.

Мала хто ведае, што адным з пацярпелых па справе аб забойстве быў прызнаны Аляксандр Лукашэнка.

На наступны дзень пасля забойства Мікалуцкага, прыехаўшы ў Магілёў, Лукашэнка заявіў: «Ніхто з нас не думаў, што падставай для сённяшняй сустрэчы стане гнюснае, свалачное забойства, — цытавала прэзідэнта газета «Рэспубліка». — Злачынцы доўга падбіраліся да прэзідэнта — не атрымалася. Вырашылі пачаць з людзей, якія былі побач з ім, якія заўсёды выконвалі яго волю. Я разумею, што гэта выклік. Ён кінуты. Тут, на магілёўскай зямлі, хачу гэтай паскудзе аб'явіць, што прымаю яе выклік».

Крыху пазней у адным са сваіх публічных выступаў Лукашэнка заўважыў: «Паралельна са справай, звязанай з забойствам Яўгена Мікалуцкага, распачата каля 60 крымінальных спраў. Напэўна, рана казаць, але жыццё прэзідэнта вісела на валаску…»

На думку праваахоўных органаў, «банда Ткачова» не толькі здзейсніла тэрарыстычны акт у дачыненні да Яўгена Мікалуцкага, але і рыхтавала замах на Аляксандра Лукашэнку. Прычым вельмі грунтоўна…

Прэзідэнт пад прыцэлам

Навошта Валерыю Ткачову і яго кампаньёнам спатрэбілася забойства прэзідэнта? У следства было некалькі версій.

Па-першае, Ткачоў быў зацятым праціўнікам Лукашэнкі і быў вельмі незадаволены актывізацыяй барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю: маўляў, усё гэта перашкаджала яго злачынным задумам.

Па-другое, Ткачоў хацеў дэстабілізаваць грамадскі парадак.

Па-трэцяе, у яго маглі быць карыслівыя інтарэсы — як вядома, за заказныя забойствы звычайна добра плацяць.

Камусьці гэтыя версіі пададуцца несур'ёзнымі, тым не менш менавіта іх адпрацоўвала следства.

У Мінску Валерый Ткачоў на працяглы тэрмін зняў кватэру. На вуліцы Радужнай, недалёка ад прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Драздах. Кватэра знаходзілася на высокім паверсе, вокны выходзілі на праспект — гэта давала магчымасць без праблем вывучыць нюансы перамяшчэння прэзідэнцкага картэжу.

Паколькі Ткачоў меў адмысловую апаратуру для праслушкі, ён мог кантраляваць эфір, у якім вялі перамовы службы аховы і суправаджэння прэзідэнта. Следчыя лічылі, што пару месяцаў Ткачоў разам са сваім таварышам Віктарам Янчэўскім не толькі пільна назіралі за жыццём вакол рэзідэнцыі, але і шукалі месца, куды закласці выбуховае прыстасаванне.

Пра ўсё гэта на допытах казаў галоўны сведка абвінавачвання — 22-гадовы Анатоль Гаўрылаў. Паколькі ён у сваіх паказаннях назваў нават сакрэтныя радыёчастоты, на якіх перагаворваліся спецслужбы і прэзідэнцкія ахоўнікі, вялікаму сумневу яго паказанні падвяргаць не сталі.

Са слоў абвінавачаных, Гаўрылаў распавёў, што выбухоўку мелі намер закласці ў адной з дрэнажных труб непадалёк ад рэзідэнцыі ў Драздах. Па спецыяльным падручніку па падрыўных работах, які пасля канфіскавалі ў захопленага зброевай тэматыкай Рамана Радзікоўскага, Гаўрылаў па просьбе Ткачова нават падлічыў, колькі выбуховага рэчыва спатрэбіцца для таго, каб аўто, у якім едзе прэзідэнт, узляцела на паветра. Гаворка ішла пра дзясяткі кілаграмаў.

Нагадаем, што ў гаражах, якія належалі Валерыю Ткачову, знайшлі нямала зброі, у тым ліку і скрыні з новенькім трацілам, а таксама прылады, пры дапамозе якіх можна было дыстанцыйна ажыццявіць выбух.

Дату, на якую быў запланаваны замах на Аляксандра Лукашэнку, следчым высветліць не ўдалося. Валерый Ткачоў памёр, а Віктар Янчэўскі катэгарычна адмаўляў сваё дачыненне да гэтай дзіўнай гісторыі.

На думку следства, якое грунтавалася на паказаннях Гаўрылава, Віктар Янчэўскі практычна не начаваў у кватэры, якую ў Мінску зняў Ткачоў. Кожны вечар Віктар кудысьці сыходзіў і вяртаўся толькі раніцай. Змёрзлы, ён адразу ішоў грэцца ў гарачую ванну. Гаўрылаў лічыў, што Янчэўскі начамі назіраў за жыццём вакол прэзідэнцкай рэзідэнцыі.

Цікавы факт: пры дапамозе адмысловых сканараў радыёэфіру Валерый Ткачоў праслухоўваў перамовы службы аховы прэзідэнта. Ён мог вызначыць, дзе менавіта едзе машына з картэжа, у якой знаходзіцца прэзідэнт. Схема перамяшчэння картэжа была яму абсалютна вядомая. Цікавілі толькі дэталі, ад якіх шмат у чым залежаў поспех або правал задуманага. Таму Ткачоў ледзь не кожны дзень з біноклем у руках прастойваў каля акна: назіраў, запісваў, параўноўваў…

Картэж складаўся з чатырох-пяці аўто. Спачатку ехала сігнальная міліцэйская машына з пробліскавымі маячкамі. За ёй — іншае аўто, якое спынялася на скрыжаванні вуліцы Радужнай і цяперашняга праспекта Пераможцаў. Незадоўга да праезду картэжа па праспекце і дарозе, якая ідзе ад прэзідэнцкай рэзідэнцыі, павольна праязджала яшчэ адна машына з таніраваным шклом… Падобныя нюансы — у колькі выехалі, дзе спыніліся, у якой паслядоўнасці павярнулі — Ткачова цікавілі асабліва.

Хуткасць руху картэжа Ткачоў вызначыў на вока — каля 80 кіламетраў на гадзіну. Зыходзячы з гэтага вялі разлікі часу спрацоўвання дыстанцыйнага кіравання бомбай і неабходнай магутнасці зарада выбухоўкі. Пульт кіравання выбухной прыладай зрабілі на аснове бірулькі з аўтамабільнай сігналізацыі.

Расследаванне вядзе КДБ

Анатоль Гаўрылаў не выключаў, што Валерый Ткачоў за ўдалы замах на кіраўніка дзяржавы павінен быў атрымаць матэрыяльнае ўзнагароджанне. Праўда, следчай групе, якая расследавала справу аб забойстве Мікалуцкага, так і не ўдалося высветліць, па чыёй замове Ткачоў рыхтаваў замах на Лукашэнку. Таму ў дачыненні да нявыяўленых асоб, якія з'яўляліся замоўцамі і арганізатарамі замаху на прэзідэнта, была заведзеная крымінальная справа, вылучаная са справы Яўгена Мікалуцкага ў асобную вытворчасць. Паведамлялася, што расследаваннем займаўся Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Пасля абвяшчэння прысуду абвінавачаным у забойстве Яўгена Мікалуцкага і замаху на прэзідэнта, дзяржаўны абвінаваўца, старэйшы пракурор аддзела крымінальнага і судовага нагляду пракуратуры Беларусі Віктар Жынгель, сказаў журналістам: «Камітэт дзяржбяспекі працягвае расследаванне па выяўленні замоўцаў гэтых злачынстваў. Так што ўсе кропкі над «i» яшчэ не расстаўленыя. Будзем займацца, будзем расследаваць, будзем шукаць».

Прыпынена расследаванне гэтай справы сёння ці яго проста спісалі ў архіў за даўнасцю гадоў — дакладна не вядома. Афіцыйна пра гэта нідзе не паведамлялася.

Марына Коктыш, «Народная воля»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930