Знайсці
29.07.2016 / 09:1412РусŁacБел

Беларус Яўген Саўчанка, топ-мадэль сусветнага рангу, кінуў подыум і перакваліфікаваўся ў праграмісты — інтэрв'ю

Некалькі гадоў таму медыя бесперапынна пісалі пра Яўгена Саўчанку. Хлопец з Гомеля за кароткі час ператварыўся ў мадэль сусветнага ўзроўню. Яўген працаваў на пляцоўках Парыжа і Н’ю-Ёрка з самымі вядомымі фатографамі і мадэльерамі, здымаўся для італьянскага Vogue і амерыканскай New York Times са свецкай ільвіцай, мадэллю, дызайнерам, калекцыянерам адзення, спадкаемцай імперыі Guinness Дафнай Гінэс… І гэта далёка не поўны пералік яго дасягненняў.

Але цяпер Яўген Саўчанка перастаў займацца мадэлінгам, пазбавіўся сваёй візітнай карткі — доўгіх белых валасоў, і стаў… праграмістам. Што вымусіла Яўгена так крута змяніць сваю сферу дзейнасці і памяняць Парыж і Н’ю-Ёрк на родны Гомель? Як правільна расставіць прыярытэты ў жыцці і якія планы ў Яўгена на будучыню? Пра гэта і многае іншае распавёў «Нашай Ніве» былы твар з вокладкі і мадэль Яўген Саўчанка.

Так Саўчанка выглядаў на піку сваёй мадэльнай кар'еры. Фота photo-men.com.

НН: Яўгене, вы былі зоркай сусветнага маштабу і раптам сышлі са сферы, дзе ў вас быў шалёны поспех. Як так?

ЯС: Калі я быў мадэллю, гэты занятак даваў мне выдатныя магчымасці: я мог падарожнічаць, сустракацца з рознымі людзьмі і займацца цікавай справай. Але калі ў мяне з’явілася сям’я і дзеці, стала цяжка ўсё гэта сумяшчаць.

Многія мараць быць мадэллю, бо гэта нібыта весела, прыгожа і проста. Але гэтая праца мае галоўны недахоп для мяне: адсутнасць стабільнасці. Гэта пастаянныя пераезды, вандроўкі, ты не бачыш сям’і тыднямі. Я прапусціў першы і другі дзень нараджэння маёй дачкі і дзень нараджэння жонкі. І так больш не магло працягвацца. Сям’я для мяне — гэта ўсё.

НН: А колькі вы яшчэ тэарэтычна маглі працаваць? Ёсць жа, мабыць, нейкі ўзрост, пасля якога большасць мадэляў сыходзіць «на пенсію».

ЯС: Гэта не зусім так. Насуперак міфам, у мадэляў няма «пенсіі», асабліва ў мужчын. Ёсць мадэлі, якім за 50, і яны працягваюць працаваць. Таму тэарэтычна працаваць я мог яшчэ дзесяцігоддзямі.

А сыходзяць звычайна з іншых прычын, не праз узроставыя абмежаванні. Хтосьці, як і я, хоча большай стабільнасці. Сітуацыя ў індустрыі моды звычайна нестабільная, і гэта не дае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. А ёсць і тыя, хто знаходзіць што-небудзь цікавейшае.

Тут і ніжэй фота з асабістага архіва Саўчанкі.

НН: А чаму вырашылі займацца менавіта праграмаваннем?

ЯС: Я даўно цікавіўся вэб-распрацоўкай, недзе з 14 гадоў. Але мне бракавала тады руплівасці і стараннасці. Я пачынаў гэтым займацца — і кідаў. І так было некалькі разоў. Потым я паступіў ва ўніверсітэт, там было не да гэтага. Потым быў мадэлінг. Але ўсё гэта не забіла цікавасці да вэб-распрацоўкі.

І вось калі я ўжо пачаў думаць пра сыход з мадэлінгу, я канчаткова вырашыў стаць праграмістам. Гэта тое, што можа даць мне стабільнасць, магчымасць быць з сям’ёй. Ну і грошы — гэта таксама важны момант.

НН: Вы раней вучыліся ва ўніверсітэце. Але калі сталі мадэллю, прыпынілі сваё навучанне. Ці няма ў вас жадання скончыць навучанне і атрымаць ступень?

ЯС: Так, я быў студэнтам фізічнага факультэта. Пакуль што я не бачу сэнсу працягваць навучанне ва ўніверсітэце. Не ўпэўнены, што гэта можа быць карысна для працы. Фармальная адукацыя не зусім паспявае за новымі тэхналогіямі, таму самы лепшы спосаб чаму-небудзь навучыцца — гэта вучыцца самому альбо знайсці стажыроўку ў якой-небудзь кампаніі. Але ў перспектыве я не выключаю. Хто ведае, якія кампетэнцыі мне спатрэбяцца ў будучыні?

НН: А што пра гэтыя змены ў жыцці думае ваша жонка?

ЯС: Безумоўна, для яе добра, што я цяпер больш часу баўлю з сям’ёй. Дарэчы, мая жонка таксама былая мадэль. У яе была паспяховая кар’ера, яна нават атрымала прапанову працаваць у Парыжы. Яна амаль ужо з’ехала ў Парыж, але перад самым адлётам мы даведаліся пра цяжарнасць. Таму, безумоўна, у Парыж яна не паехала. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку. Займаецца самаадукацыяй і шукае сябе. Вось такая ў нас сям’я.

НН: Ці дапамагае вам мадэльны досвед у новай справе?

ЯС: Сферы ўсё ж такі вельмі розныя, таму не надта моцна і дапамагае. Самае галоўнае гэта тое, што за гады мадэлінгу я добра вывучыў англійскую мову. Для IT-спецыяліста добрая англійская мова — абавязковы навык. Ну і мадэльны досвед дапамог мне развіць камунікацыйныя навыкі. Гэта таксама вельмі важна ў любой прафесіі.

НН: Ці не сумуеце па былой прафесіі? Па былым стылі жыцця?

ЯС: Не. Я ўдзячны гэтаму этапу ў сваім жыцці, але не сумую. Адзінае, па чым сумую, гэта мае сябры, якія цяпер знаходзяцца ў розных частках планеты.

НН: Што б Вы маглі параіць нашым чытачам, якія хочуць радыкальна змяніць сваё жыццё?

ЯС: Прабачце, але мае парады вельмі простыя. Першае — вызначыцца з прыярытэтамі. У маім выпадку гэта былі сям’я і стабільнасць.

Затым вызначыцца з заняткам. Займацца варта не тым, што модна, а тым, што падабаецца.

А далей — проста працаваць і развівацца. І не важна, кім ты працуеш: прыбіральшчыкам альбо топ-менеджарам. Вось і ўсё. Банальна, але гэта працуе.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера