Знайсці
29.07.2016 / 09:2428РусŁacБел

Калі ласка, прачытайце гэта: як кожны з нас можа стаць забойцам

Сёння 9 дзён, як памерла Маіна Густаўна Стырнэ, ёй было 90 гадоў. Летась я пісала ў НН пра яе фантастычны лёс, яе найбагацейшы досвед. А цяпер хачу напісаць пра тое, як кожны з нас можа стаць забойцам. Спадзяюся, гэта будзе напамінам мне і іншым.

Перад Новым годам Маіна Густаўна пайшла ў магазін. Стаяла ў чарзе ў малочны аддзел. Перад ёй стаяла жанчына. У нейкі момант жанчына развярнулася і памкнулася да выхаду.

«Яна ішла, як бы і не бачачы мяне», — казала Маіна Густаўна. Зрабіўшы некалькі хуткіх крокаў, жанчына наляцела на 90-гадовую Маіну Густаўну і збіла з ног.

«Я ляжу, яна стаіць нада мной. Я ёй кажу: не чапайце, Вы ўсё адно мяне не зможаце падняць, патрэбныя мужчыны». Урэшце Маіну Густаўну давялі да дома. Дактары хуткай дапамогі дыягнаставалі моцны ўшыб.

Праз тыдзень ушыб не прайшоў. Новая брыгада забрала ў бальніцу. Выявіўся пералом шыйкі сцягна. Гэта амаль смяротны прысуд для сталага чалавека.

Пакуль я размаўляла з Маінай Густаўнай цягам паўгоддзя яе ляжання ў бальніцах, не раз думала: як там гэтая жанчына з чаргі?

Вось жа яно — тое, што называецца забойствам па неасцярожнасці. Я рада, што жанчына не ведае пра апошнія пакуты Маіны Густаўны. Чалавек, які сам у сабе выхаваў надзвычайную высакароднасць, яна вымушана была есці і хадзіць у прыбіральню лежачы, пры гэтым яшчэ ўлагоджваць санітарак, якія, мне здалося, нават не робяць выгляд, што хочуць памагчы.

У апошнюю сустрэчу Маіна Густаўна казала мне: «Такія пакуты — дзеля чаго? Каб лішні год пражыць? Не, я ўжо ўяўляю, як ляжу прыгожая ў труне, і ўсе нясуць мне кветкі». Гэтыя думкі яе суцяшалі.

Ува мне няма жадання, каб лёс адпомсціў той жанчыне з чаргі, маўляў, няхай яе таксама апракінуць у старасці. Ёсць толькі скруха. Я разумею, што кожны бывае ў задуменнасці, адключаецца ад стомы, не глядзіць па баках. Але, каб не стаць такім забойцам, неабходна ў любым стане памятаць пра асабістую прастору. І сваю, але і чужую. І заўжды мець на ўвазе людзей, якія ў гэты момант побач.

На фота 19-гадовая Маіна Густаўна ў нямецкім працоўным лагеры. Калі прыйшло вызваленне, іх хлопцы забраліся ў нямецкія дакументы і пааддзіралі з асабістых спраў картачкі на памяць. Маіна Густаўна сваю вельмі берагла.

А так яна выглядала, перад тым як яе штурхнулі ў краме:

Паўліна Купрысь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930