Знайсці
11.07.2016 / 00:3325РусŁacБел

Партугалія нават без траўмаванага Раналду стала чэмпіёнам Еўра-2016

00:29

Усё, канец гульні! Партугалія — чэмпіён Еўра-2016! Нават без траўмаванага капітана Крышціяну Раналду каманда здолела перамагчы ў фінале гаспадароў-французаў.

Перамогу прынёс гол Эдэра на 109-й хвіліне гульні.

00:25

Францыя ўсімі сіламі ідзе наперад, і гэта дае партугальцам магчымасці для імклівых контратак.

00:21

Вось гэта развязка! Нападаючы партугальцаў прабіў здалёк, але трапіў дакладна ў кут варот суперніка.

І гэта той самы Эдэр, які за палову сезона ў валійскім «Суонсі» не здолеў забіць ніводнага гола!

00:19

ГООООООООЛ! ЭДЭР!!!!! 1-0 на карысць Партугаліі! 

00:18

Камічны выпадак ледзь не прывёў да французскай трагедыі: рукой згуляў партугалец Эдэр, а суддзі падалося, што француз Касельны. У выніку Касельны атрымаў незаслужаную жоўтую картку, а партугальцы — права на перспектыўны штрафны. Герэйру патрапіў у перакладзіну.

00:16

Пачаліся апошнія 15 хвілін гульні. Ці варта ўжо запасацца настройвацца на пенальці?

00:11

Пакуль мы шкадавалі партугальцаў, яны нанеслі другі дакладны ўдар па варотах французаў. Голам мог адзначыцца Эдэр, які выйшаў на замену. І толькі выкінутая рука Льярыса ўратавала гаспадароў Еўра.

Аднак агульная статыстыка па дакладных стрэлах — 7:2 на карысць французаў.

00:09

Карэспандэнт «Нашай Нівы» Зміцер Панкавец адзначае, што цяпер перажывае за Партугалію. Напэўна, такой пазіцыі прытрымліваюцца многія «нейтральныя» гледачы, якія ў падобных сітуацыях падтрымліваюць слабейшага.

00:03

На дзіва, Партугалія ў пачатку экстра-тайма ўзяла мяч пад свой кантроль.

Цікава, што матч не выглядае брудным. Абедзве каманды агулам пакуль парушылі правілы толькі 18 разоў. Але, нагадаем, адзін з гэтых фалоў прымусіў Крыштыяну Раналду датэрмінова сысці з поля.

Цяпер ён падказвае партнёрам з лавы запасных.

23:52

Упершыню ў гісторыі чэмпіянатаў Еўропы асноўны час фіналу скончыўся безгалявой нічыёй. Хоць вырашальныя гульні турніра рэдка бываюць багатымі на галы. Папярэдні раз Іспанія знішчыла Італію з лікам 4:0, і тое было выключэнне з правілаў. Перад тым два разы матчы сканчваліся з лікам 1:0 (перамагалі Грэцыя і Іспанія).

Чакаем дадатковых 30 хвілін.

23:50

Які момант у Жыньяка!!! За хвіліну да канца гульні нападаючы французаў з некалькіх метраў прабіў у штангу. І гэта ў яго было некалькі секунд, каб прыцэліцца. Але мяч па-здрадніцку зваліўся з нагі.

23:48

Пакуль што найлепшы гулец матча — брамнік партугальцаў Руй Патрысіу. На яго рахунку сем сэйваў.

23:46

Да заканчэння асноўнага часу гульні застаецца некалькі хвілін. Калі нічога не зменіцца, нас чакаюць дадатковыя паўгадзіны. Калі і яны не дадуць плёну, убачым гульню нерваў — пасляматчавыя пенальці.

23:38

Каб узмацніць гульню ў атацы, кожны з трэнераў выпусціў на замену па нападаючым.

У Францыі гуляе Жыньяк з чэмпіянату Мексікі (!), а ў Партугаліі — Эдэр.

І вось на 79-й хвіліне партугальцамі намаганнямі Нані і Кварэжмы нанеслі першы дакладны стрэл. Нуля ў статыстычнай падборцы больш няма.

23:33

Ну а Партугалія за 75 хвілін гульні так ні разу не здолела дакладна прабіць па варотах Францыі. На месцы брамніка Льярыса мог стаяць любы заўзятар зборнай — усё адно нічога рабіць не трэба.

Такі матч у Партугаліі ўжо быў — у 1/8 фіналу супраць Харватыі футбалісты першы раз прабілі дакладна па варотах на 117-й хвіліне. Але гэтага тады хапіла для перамогі!

23:30

Скажам шчыра: самым справядлівым вынікам фіналу стане нулявая нічыя. Французы, можа, і нагулялі на дзве траціны голу, але не больш за тое. Такі матч пераглядаць дакладна не захочацца.

23:23

Статыстыка другога тайма добра характарызуе сітуацыю на поле. Па ўдарах па варотах Францыя наперадзе — 2:0. А мяч каманды перакатваюць прыколадна аднолькавую колькасць часу.

Вось так выглядаў удар Сісока ў першым тайме.

23:16

Першая замена ў Францыі. З поля сыходзіць Дзімітры Пает. Французскія заўзятары вітаюць яго апладысментамі, партугальскія — свістам. Бо менавіта ён нанес той самы ўдар па калене Раналду.

Гульню паспрабуе ўзмацніць 20-гадовы Кінгслі Коман.

23:12

Пасля перапынку гульня не змянілася. Францыя нібыта атакуе больш часта, аднак ніякага плёну гэта не дае.

23:09

Многія гледачы заўважылі, што ў кадр пастаянна трапляюць насякомыя.

Аказваецца, мошкі насамрэч апанавалі поле. Адна з версій — учора ўвечары работнікі стадыёна не выключылі пражэктары і насякомыя зляцеліся на святло.

22:48

Першы тайм скончаны, ніводнага гола каманды так і не забілі. Ніхто не бяжыць наперад зламаўшы галаву. Самым небяспечным момантам быў удар Антуана Грызмана галавой пад перакладзіну. Аднак сур'ёзнага ціску на вароты партугальцаў пакуль не было.

Каэфіцыент на перамогу Партугаліі тым часам узняўся да 6.0. Для параўнання, перамога Францыі і нічыя — аднолькавыя 2.2.

22:41

Як гуляць без Раналду, партугальцы проста не разумеюць. Можа, трэнер нешта прыдумае падчас перапынку. Але пры цяперашняй дыспазіцыі іх арыенцір — датрымацца да канца гульні і вызначыць пераможцу па пенальці.

22:35

Француз Сісока небяспечна прабіў з-пад партугальскага абаронцы.

Статыстыка ўдараў — 6:2 на карысць французаў, дакладных удараў — 3:0. Па валоданні мячом яны таксама напедадзе — 60%:40%.

22:32

Траўма Раналду стала самай заўважнай падзеяй першай паўгадзіны гульні. Францыя не можа давесці атакі да лагічнага завяршэння, а Партугаліі рэдка калі ўдаецца правесці хоць якую атаку.

22:25

І ўсё ж гуляць Крыштыяну Раналду не зможа. Яго выносяць з поля на насілках. Замест капітана выйдзе ветэран каманды, цыган Рыкарду Кварэжма, але хіба гэта паўнавартасная замена? 

22:23

Францыя цісне, але да сур'ёзных пагрозаў справа не даходзіць.

22:20

На ўвесь свет паказваюць слёзы Крыштыяну Раналду. Магчыма, давядзецца ўсё ж рабіць замену. У такім разе фінал без аднаго з двух найлепшых футбалістаў свету будзе выглядаць больш бляклым.

22:15

На рахунку французаў вельмі небяспечны ўдар ад Грызмана — здолеў выратаваць брамнік партугальцаў Руй Патрысіу.

Французы наладжваюць высокі прэсінг — яны нападаюць на абаронцаў Партугаліі, не даючы ім нават аддаць перадачу камусьці з партнёраў. У такія моманты Францыя гуляе ў два нападнікі, Жыру і Грызмана.

А Партугаліі спрабуе завязаць гульню праз маладога Рэната Саншаша. Ён адваяваў сабе месца ў аснове толькі падчас Еўра-2016 і значна ўзмацніў гульню каманды.

22:09

Тым часам балючае пашкоджанне атрымаў Крыштыяну Раналду. Вядома ж, ён верне на поле, хай і траўмаваны, хай і на адной назе. Раналду не выйграваў ніводнага топ-турніра са зборнай Партугаліі і спадзяецца рэалізаваць сваю мару сёння.

Некалькі словаў пра раскладкі букмекераў. Відавочным фаварытам лічыцца Францыя (каэфіцыент 2.2). Стаўка на нічыю ў асноўны час — 2,75, а на Партугалію толькі 4,33.

Ну і статыстыка кажа сама за сябе: Партугалія прайграла Францыі 10 (!) апошніх матчаў запар.

22:05

Аднак першы ўдар на рахунку Партугаліі. Правы паўабаронца Нані адгукнуўся на далёкую перадачу і прабіў вышэй за вароты.

Нані некалі лічыўся звышперспектыўным гульцом, аднак свой талент так і не рэалізаваў цалкам. Цяпер былы футбаліст «Манчэсцер Юнайтэд» дагульвае за турэцкі «Фенербахчэ».

22:01

Гульня пачалася з атакі французаў. Як чакаецца, менавіта гэта зборная будзе часцей кантраляваць мяч. А партугальцы, у сваю чаргу, спадзяюцца дачакацца памылак суперніка.

* * *

У Парыжы праходзіць фінал чэмпіяната Еўропы-2016, гуляюць Партугалія і Францыя. «Наша Ніва» правядзе анлайн-трансляцыю сустрэчы.

* * *

За гаспадароў, зборную Францыі, выйшаў той самы склад, што і некалькі дзён таму ў паўфінале супраць Германіі: Льярыс, Касельны, Эўра, Санья, Умціці, Пагба, Мацьюдзі, Пает, Сісока, Грызман і Жыру.

Галоўная надзея каманды — атакуючы паўабаронца Антуан Грызман з мадрыдскага «Атлетыка». Ён пакуль што найлепшы снайпер гэтага Еўра.

У складзе Партугаліі наступныя футбалісты: Руй Патрысіу, Пэпэ, Герэйру, Саареш, Фонтэ, Адрыэн Сілва, Вільям Карвалью, Нані, Саншаш, Жаау Марыу і Крыштыяну Раналду.

Браніслаў Юрэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера