Знайсці
29.06.2016 / 18:0714РусŁacБел

Святлана Калінкіна: Хто стане беларускімі Яравой і Мізулінай?

Палітыкі павінны здабываць максімум з наяўнай сітуацыі. Калі выбары ў Беларусі — гэта паняцце ўмоўнае, і трапіць у парламент можна, толькі дамовіўшыся з уладай, то трэба дамаўляцца. Гэта адзіны выхад. 

Як бы там ні было, але тры-пяць-сем апазыцыйных дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў — гэта ўсё роўна лепш, чым нічога. А ўжо якім чынам яны туды трапяць — не гэтак важна. З чагосьці трэба пачынаць, і цяперашняя выбарчая кампанія для апазыцыі — гэта шанец пачаць. Зразумела, што нікога з радыкальных, засвечаных апазіцыянераў у дэпутаты не прапусцяць. Але хоць нехта будзе. Хоць нехта — гэта лепш, чым нікога. Трэба быць рэалістам …

«Вы не згодныя?» — пасля такіх прамоў звычайна пытаюцца суразмоўцы, таму што маю рэакцыю на такія развагі, як правіла, можна прачытаць па твары.

Так, я не згодная.

Больш за тое, я не разумею, чаму развагі на гэтую тэму вядуцца як тэарэтычныя. І чаму прыхільнікі ідэі патраплення прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў парламент на ўмовах дзеючай улады, у выніку кулуарных перамоваў і дамоўленасцяў, лічацца рэалістамі, прадстаўнікамі рэал-палітык, а праціўнікі - ідэалістамі. На мой погляд, усё з дакладнасцю да наадварот. Таму што пытанне гэтае трэба абмяркоўваць не ў тэорыі, а на канкрэтных прыкладах.

Дастаткова шмат гаварылася пра тое, што на Беларусі былі апрабаваныя многія палітычныя тэхналогіі, якія потым паспяхова ўжываліся ў Расіі. Але цяпер наша ўлада наважылася рэалізаваць расійскі досвед.

Дзяржаўная дума Расіі з падачы Уладзіміра Познера ў народзе называецца «дзяржаўнай дурай». І ўсё ж давайце мы не будзем дурнямі, давайце на яе пільней паглядзім.

Самыя адыёзныя дэпутаты Дзярждумы, самыя заўзятыя, палкія, апантаныя — гэта якраз былыя апазіцыянеры. Або тыя, хто першапачаткова пазіцыянаваў сябе як гульца, не залежнага ад партыі ўлады.

Ірына Яравая — «яблачніца», Алена Мізуліна — «яблачніца», Павел Крашэннікаў — СПС, смелы журналіст-даследчык з дэмакратычнага да дзёрзкасці «Маскоўскага камсамольца» Аляксандр Хінштэйн, журналіст-міжнароднік, які супрацоўнічаў з самымі дэмакратычнымі амерыканскімі фондамі Аляксандр Пушкоў… І спіс можна працягнуць.

Ці гэта не наглядны вынік патраплення ў парламент «мяккіх апазіцыянераў» не шляхам сумленных выбараў, а на ўмовах улады?

Адзін раз прыняўшы ўмовы бруднай гульні, неафіты потым проста вымушаныя даказваць сваю прыхільнасць гэтым правілам. Свае сярод чужых, чужыя сярод сваіх, яны ў выніку становяцца свяцейшыя за Папу Рымскага — самымі-самымі, беззапаветна адданымі, таму што шляху назад у іх няма.

Кампанія «Гавары праўду!» вызначылася са сваімі кандыдатамі на прэзыдэнцкіх выбарах. У публічных заявах патэнцыйныя кандыдаты «ГП» выглядаюць адэкватнымі і ў большасці сваёй кажуць, што ў сумленныя выбары, у сумленны падлік галасоў не вераць. Тады ў што вераць? У дамоўленасці?..

Але гэта значыць, што менавіта сярод іх сёння знаходзіцца свае Яравая, Мізуліна, Пушкоў… Ці разумеюць яны гэта? Ці на самай справе з'яўляюцца ідэалістамі, якіх заганяюць у пастку.

Я — не пра свядомых пярэваратняў. Я — пра тых наіўных, хто верыць, што сёння апазіцыянерам трэба «прыкінуцца рыззём», даказаць сваю лаяльнасць уладзе, патрапіць у парламент, а ўжо потым, маючы мандат, можна будзе разгарнуць сапраўдную «падрыўную працу». (У «Гавары праўду» амаль адкрыта агучваюць такі падыход, таму на іх і зроблены акцэнт, хоць прыхільнікаў такой тактыкі нямала ў самых розных арганізацыях).

Але такога пры адсутнасці сумленных выбараў і сумленнага падліку галасоў не будзе. А будзе так, як з Мізулінай. На жаль, гэта і ёсць рэал-палітык …

Святлана Калінкіна, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930