Знайсці
29.06.2016 / 13:044РусŁacБел

Свята нацыянальнай культуры на сваім двары арганізавала сям'я з Лунінецкага раёна

Галіна і Анатоль Брэзіны з аг. Дзятлавічы Лунінецкага раёна арганізавалі на ўласным падворку фальклорнае свята. Артысты прадстаўлялі розныя рэгіёны і нават краіны, а зносіны вяліся на беларускай мове, гучалі выключна беларускія песні.

Скрыпачка з Польшчы

Чалавек, які арганізаваў гэтае мерапрыемства, даказаў, што і адзін у полі — воін. Калі ў душы яго гарыць іскрынка любові да сваёй культуры і мовы.

Арганізатар мерапрыемства — Галіна Брэзіна

Пачалося ўсё з таго, што Галіна Брэзіна, пабываўшы на адным з фальклорных фестываляў, пазнаёмілася з сапраўднымі знаўцамі беларускай песні — гуртом «Рада». Ідэю арганізаваць у сябе свята народнай песні падтрымаў муж жанчыны Анатоль.

Гурт «Рада» з Мінска ў складзе Аляксандра Жукоўскага, Алега Лук'янцава, Васіля Мардачова і Васіля Грыня пад кіраўніцтвам Святланы Буцкой не раз ехаў у этнаграфічныя вандроўкі па краіне, узброіўшыся дыктафонам і трапяткой увагай да кожнага слова з вуснаў найстарэйшага пакаленьня беларускіх вёсак.

Гурт «Рада»

— Студэнты-этнографы з іншых краін могуць нам моцна пазайздросціць, — дзеляцца ўдзельнікі гурту, — у іх фальклор вывучаецца толькі ў архівах бібліятэк, у нас жа можна адправіцца ў маленькую экспедыцыю і «жыўцом» пачуць песні, якія сыходзяць у мінулае.

З бубнам

Хлопцы нічога ад сябе не дадаюць, а дакладна запісваюць тэксты і музыку, з характэрным для той ці іншай мясцовасці вымаўленнем, не забыўшыся ўказаць населены пункт, дзе гэтая песня выконвалася, а таксама імя выканаўцы.

У руках — ліра

Гурт вельмі самабытны і ў той жа час карыстаецца папулярнасцю ў моладзі.

Граюць на дудзе

Кожная песня выконвалася ў тры мужчынскія галасы. Артысты не толькі прафесійна валодаюць вакалам, але і граюць на незвычайных музычных інструментах (ліры, дудзе і інш.).

Юныя гледачы

— Сустрэча з «Радай» даўно планавалася, — дзеліцца арганізатар мерапрыемства Галіна Брэзіна, — і калі пра свой візіт паведамілі таксама польскія сябры, мы вырашылі арганізаваць маленькае свята ў сябе дома. Абмежавацца цесным сямейным колам і схаваць такія таленты ад людзей было б несумленна ў адносінах да аднавяскоўцаў, і мы вырашылі запрасіць усіх на свой двор.

Гледачы-аднавяскоўцы

Жыхаркі Дзятлавіч

Беларуская дыяспара (Студзiводы-Жэмэрва), якая жыве ў Польшчы, не толькі выдатна размаўляе па-беларуску, але ведае і любіць нашы старадаўнія песні. Шаснаццаць артыстаў розных узростаў ў нацыянальных беларускіх строях спявалі, гралі на народных інструментах і басанож танцавалі польку. Мясцовыя жыхары не змаглі ўтрымацца і пусціліся ў скокі ад іх запалу і невычэрпнай энергіі.

Польская група

Прадстаўнікі з Польшчы

— Калі мы прыязджаем у Беларусь, — распавядае ўдзельніца польскага гуртка, — мы адчуваем сябе як дома. Вы такія ж, як і мы, у нас шмат агульнага: у культуры, прыродзе, песнях.

Дзяўчынкі з гуртка

На дзятлавіцкім падворку пабывалі прадстаўніцы з суседняга Пінска: калектыў «Шчабятухі», а таксама Ганна Бандарэнка і ўдзельнікі клуба «Муза».

Пінскія «Шчабятухі»

Калі бачыш жывую цікавасць палякаў да беларускай народнай песні, чуеш велізарную колькасць твораў, робіцца няёмка, што самі забываем сваю культуру і дазваляем шматлікім песням сыходзіць у мінулае разам з бабулямі, якія іх яшчэ памятаюць. Аднак прысутнасць энтузіястаў, падобных «Радзе», надае аптымізм, што ўсё не так безнадзейна. Галіна Брэзіна, напрыклад, арганізавала сярод школьнікаў Дзятлавіцкай школы невялікі гурток, дзеці з задавальненнем спяваюць старадаўнія песні і выконваюць іх на публіцы. Абрады, традыцыі, звычаі перадаюцца праз пакаленне і застаюцца ў скарбніцы народа.

Галіна Брэзіна і яе выхаванцы

media-polesye.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера