Знайсці
29.06.2016 / 15:421РусŁacБел

Янка Запруднік: У Беларусі мы бачым шмат добрага, але чуем шмат нядобрага

28 чэрвеня, у абласной бібліятэцы імя Пушкіна, адбылася сустрэча з гісторыкам, дзеячам беларускай эміграцыі Янкам Запруднікам. Спадару Янку — 89 гадоў.

Ён разам з жонкай пару тыдняў таму прыехаў у Беларусь, каб пераведаць родных. За паўтара тыдні яны праехаліся па Палессі, адкуль з Жыткавіцкага раёна паходзіць жонка Надзея Рагалевіч-Запруднік, адведалі Мір — там нарадзіўся сп. Янка. І вось пры канцы мінулага тыдня яны вярнуліся ў Мінск, каб узяць удзел у прэзентацыі кнігі «Кантакты», заснаванай на лістах, што пісалі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў беларусы ў Нью-Ёрк Янку Запрудніку. Укладальнікамі кнігі сталі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч.

Відэа «Новага часу»

У актавую залу бібліятэкі было не ўбіцца, сабралася пад 150 чалавек.

Людзі па дарозе ад метро ішлі невялікімі групкамі, таму знайсці бібліятэку чалавеку неабазнанаму было лёгка, а потым стаялі ў праходах і на калідоры. Прыйшлося нават прынесці дадатковыя крэслы з залы-чытальні і калідораў.

Вяла прэзентацыю Наталля Гардзіенка. Са словамі віншавання, успамінамі выступілі доктар Адам Мальдзіс, дырэктар Беларускага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, пісьменнік Уладзімір Арлоў, даследчык Валер Герасімаў.

Фота з фэйсбука Алеся Станкевіча

З віншаваннямі звярнуліся айцец Іаан (Алег Бембель, паэт Зніч), які адмыслова прыехаў з Жыровіцкага манастыра і падарыў сп. Запрудніку сваю кнігу і нават напісаў з нагоды прыезду дзеяча эміграцыі свежы верш, гісторык Леанід Лыч, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які коратка і ўзнёсла павіншаваў героя прэзентацыі з кнігай і нагадаў пра 25-годдзе незалежнай Беларусі.

Станіслаў Шушкевіч і Янка Запруднік

На прэзентацыю прыйшлі акадэмік Радзім Гарэцкі, праваабаронца Алесь Бяляцкі, мастакі Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Алесь Шатэрнік, былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч, пісьменнік Леанід Маракоў, Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч, выдавец Зміцер Санько, прыехала з Канады пісьменніца Вольга Іпатава і… дзясяткі незнаёмых людзей, у тым ліку шмат моладзі, а таксама падпісчыкі і распаўсюднікі «Нашай Нівы».

Выступае Радзім Гарэцкі

Сам сп. Янка быў нешматслоўны, дзякаваў за віншаванні, а таксама падзяліўся уражаннямі ад наведвання Беларусі.

«Апошнім часам мы маем шмат гутаркі пра дзве душы беларуса, ці пра яе дваістасць. Я, прыехаўшы сюды праз тры гады, стаў думаць. Душа беларуса мае два аспекты. Адзін пакутніцкі, другі — надзейны.

Пакутніцкая душа, прыехаўшы сюды, адчувае боль, таму што яна не чуе музыкі беларускай мовы з вуснаў малых дзетак.

Але душа адпорная на цяжкасці, ёсць аспект надзеі ў ёй, і ён трымае нас пры працы, пры намаганнях, пры надзеі, што гэтыя намаганні недарэмныя».

Сп. Янка працытаваў верш Наталлі Арсенневай «Варта жыць», напісаны ў 1943 г.:

Варта жыць,
варта вечна чагось спадзявацца,
чуцца часткай Айчыны,
малой, а жывой.

І вось гэтае адчуванне быць «часткай Айчыны» трымае нас пры працы, пры намаганнях, пры ўпэўненасці, што праца наша, не дарэмная, не марная, яна прынясе плады», — рэзюмаваў ён

«Мне журналісты Белсата, — працягнуў Я.Запруднік, — задалі пытанне: «Што вы тут адчуваеце, што бачыце новага?». Я коратка сказаў, што мы бачым шмат новага, добрага, але чуем шмат нядобрага, у параўнанні з трыма гадамі чуем і пра спад зарплаты, працаўладвакання і ўсяго іншага».

Ён таксама перадаў падзяку старшыні ЗБС «Бацькаўшчына» Алене Макоўскай ад Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк): «Беларуская нацыя — кніжная нацыя. ЗБС «Бацькаўшчына» — той цэнтральны нерв, які дасылае сігналы і прымае сігналы ад беларусаў, раскіданых па ўсім свеце», — адзначыў ён. За 12 гадоў «Бацькаўшчына», дарэчы, выдала тры дзясяткі кніг па эміграцыйнай тэматыцы.

«Перапоўненая заля часам дзвюх гадзін слухала і аўтара і выступоўцаў з ліку выбітных асобаў краіны і тых, хто пажадаў выказацца з нагоды сустрэчы. Творчая пладавітасць, нязгасная любоў да Бацькаўшчыны, грамадска-палітычная актыўнасць, ды асабліва захаваная за 73 гады эміграцыі чысцюткая родная мова вабяць заўсёды да сябе яго аўдыторыі. А зухаваты спартовы выгляд, рухавасць, пачуццё гумару наогул здымаюць з яго календару год 35…Дзякуй Вам,паважаны спадар Яне за прыклад быць БЕЛАРУСАМ!!!!», — напісаў у сваім фэйсбуку па матывах сустрэчы Алесь Станкевіч.

Афіцыйна прэзентацыя мелася скончыцца а 20-й, але потым больш за гадзіну госці прэзентацыі стаялі ў чарзе па аўтограф.

А таксама шматлікія інтэрв'ю, адказы на пытанні, фота на памяць, спакойная і нязмушаная атмасфера.

Янка Запруднік выказаў меркаванне, што вернецца ў Амерыку з надзеяй, што ягоная праца тут запатрабаваная.

АГ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера