Знайсці
28.06.2016 / 14:0147РусŁacБел

«Вашынгтон фінансуе адраджэнне паганства ў Беларусі» — «расследаванне» LifeNews

Расійскія прапагандысты здолелі звязаць турыстычны аб'ект пад Брэстам з палком «Азоў» і былым дарадцам па нацыянальнай бяспецы ЗША Збігневым Бжэзінскім.

На прапагандысцкім сайце Life.ru (раней — LifeNews) з'явілася расследаванне Уладзіслава Мальцава «Вашынгтон фінансуе адраджэнне паганства ў Беларусі».

Аўтар дэманструе няведанне гісторыі Беларусі і робіць канспіралагічныя высновы, з якіх вынікае, што вось-вось і дракары гістарычных рэканструктараў паплывуць браць штурмам Дом урада.

Прыводзім некаторыя вытрымкі з тэксту.

«На рацэ Мухавец з'явіліся вікінгі, — пачынаецца расследаванне life.ru. — 25 чэрвеня на ваду быў спушчаны дракар «Слейпнір», весляры якога — сябры арганізацый «Жалезны Жолуд» і «Кола Перуна». Удзельнікі запуску дракара дэманструюць цікавасць да дахрысціянскіх вераванняў, якая далёка сыходзіць па-за рамкі гістарычнай рэканструкцыі».

Гаворка насамрэч ішла пра спуск на ваду дракара, які зрабілі беларускія гістарычныя клубы. Мерапрыемства прайшло ў Брэсце 25 чэрвеня. Ёсць нават відэа, знятае мясцовымі журналістамі.

Што дракар робіць на Мухаўцы? Прычыны зразумелыя — па тэрыторыі сучаснай Беларусі некалі праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Матыў актыўна выкарыстоўваюць розныя аграсядзібы, прапаноўваючы турыстам адчуць сябе весляром дракара, пракаціўшыся некалькі кіламетраў па рацэ.

Але вось што піша пра гэта аўтар Life.ru.

«Вікінгі сапраўды наведвалі гэтыя землі ў сярэднявеччы як рабаўнікі і заваёўнікі. Навошта зараз адраджаць памяць аб іх? Нават на фоне адкрыцця помніка Альгерду такога роду ініцыятыва выглядае абуральна», — абураецца «гісторык» і дадае, што ўсё гэта было аплочана амерыканскім агенцтвам па міжнародным развіцці USAID.

«У Расіі з 2012 годзе дзейнасць USAID забаронена, бо гэтая як бы дабрачынная структура была адной з крыніц фінансавання грамадска-палітычных праектаў у Расіі», — піша Life.ru.

Далей аўтар прыводзіць вынікі маніторынгу старонак УКантакце лідараў клубаў гістарычнай рэканструкцыі.

У дакор Але Палікарпук — гаспадыні аграсядзібы «На зарэчнай вуліцы», уласніцы дракара — аўтар ставіць тое, што яна падпісаная на суполкі «раднавераў».

Дарэчы сп. Ала — жанчына года Беларусі-2014 у намінацыі «За адраджэнне сяла».

Фрагмент святкавання Купалля на агра-сядзібе

На думку стваральніка артыкула, таксама «кепска» тое, што ў аграсядзібе госці могуць замовіць сабе рэканструкцыю паганскага абраду — гэта, ва ўяўленні аўтара, удар па хрысціянстве.

Спасылкі на навуковыя работы дактароў гістарычных навук-скандынавістаў, якія публікуюць суполкі рэканструктараў УКантакце, аўтар называе «прапагандай сучаснага скандынаўскага неапаганства».

А далей і ўвогуле здзіўляе чытача «шакуючымі» фактамі.

«Істотны момант — у аграсядзібе ў месцы «рэканструкцыі абрадаў» узведзены тыповы паганскі ідал. Яго наяўнасць не афішуецца, у афіцыйных фотасесіях на інтэрнэт-рэсурсах аграсядзібы ён не заўсёды трапляе ў кадры, але ў 2014 годзе ён быў сфатаграфаваны журналістамі сайта 21.by. Фатаграфія з абраду «для сваіх» потым з'явілася ў суполцы ў інтэрнэце», — аўтар прыводзіць «факты», у адказ на якія можна сказаць хіба што «Ну і што?».

Дарэчы, «абрад для сваіх» — гэта арганізацыя святкавання Купалля для турыстаў-ісландцаў, якія вязуць у Беларусь грошы, гэта можна зразумець, адшукаўшы матэрыял, на які спасылаецца аўтар.

Зрэшты, уся Беларусь святкуе гэтае «паганскае свята», а існаванне ідала ніхто і не хавае — гэта неад'ёмны атрыбут аграсядзібы, які стварае антураж і не выклікае заклапочанасці ні ў каго, апроч асобных журналістаў-канспіролагаў.

Але ў выніку аўтар ідзе яшчэ далей, і звязвае гэты паганскі ідал з украінскім палком «Азоў», яго кіраўніком Андрэем Білецкім і «вучнем» Збігнева Бжэзінскага Раманам Зварычам.

Аргументацыя — «зусім нядаўна на базе «Азова» таксама ўстанавілі паганскі ідал». Смешна, але сваё расследаванне аўтар так і скончвае: «Супадзенне?»

«Наша Ніва» звязалася з гэтай Алай Палікарпук, якую ў негатыўным свеце ўзгадвае Life.ru.

Яна сказала, што не будзе апраўдвацца і каментаваць домыслы дурняў, якія нават не былі на яе сядзібе.

Адно што дадала — той самы дракар, ад якога ашалелі расійскія прапагандысты, насамрэч пабудаваны на чужыя грошы — у рамках Праграмы развіцця ААН.

На гэтыя 15 тысяч даляраў быў абвешчаны конкурс, санкцыянаваны беларускімі ўладамі. У ім бралі ўдзел 16 суіскальнікаў. Мэты — спрыянне развіццю рэгіянальнага турыстычнага бізнэсу.

Ала Палікарпук

І жанчына выйграла конкурс, пабудаваўшы дракар, праклаўшы вела- і конныя сцежкі, удасканаліўшы аздабленне сядзібы.

«А тое, што ў Расіі забаронены фонд, дзякуючы якому мы пабудавалі дракар, — дык гэта іхнія праблемы», — дадала спадарыня Ала.

Яе сядзіба «На Зарэчнай вуліцы» — лаўрэат шматлікіх прэмій, сюды прыязджаюць сотні турыстаў як з Беларусі, так і з замежжа, каб акунуцца ў антураж сярэднявечнага шляху «з варагаў у грэкі».

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера