Знайсці
28.06.2016 / 11:055РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Дзеці зімы

Мы прызвычаіліся думаць, што каструбаватая канфігурацыя нашай паўсядзённасці паходзіць з такіх штук, як таямнічы «нацыянальны характар», пакет гістарычных траўмаў, калгас, трэці падзел Польшчы, Дзяржынскі, Каліноўскі і першы З’езд РСДРП. Тэза гэтага тэксту — у тым, што мы такія, якімі ёсць, толькі таму, што нарадзіліся пасярод адвечнай зімы. І калі б Беларусь нашая, з усімі яе прыбамбахамі, апынулася на дзве тысячы кіламетраў на поўдзень ці, што яшчэ лепей, на шэсць тысяч кіламетраў на паўднёвы ўсход, дзе-небудзь ля экватара, у каралеўстве заўсёднага лета, усё, што мы сёння ведаем пра сябе, было б іншым. Мы — нашчадкі клімату. Мы складаемся са сцюжы, гурбаў, шэрай вільгаці і бясконцай ночы не толькі сацыяльна і побытава, але і палітычна, і культурна.

Дык што змянілася б у Беларусі, калі б нашае грамадства апынулася ў вечным леце?

1. Вы б не пазналі нашыя гарады. Людзі пачалі б літаральна жыць на вуліцы. Паглядзіце, як выбудаваныя стасункі на вуліцах Каіра, Ханоя ці Стамбула. Горад складаецца з невялічкіх крамак, гаспадары якіх днююць і начуюць ля сваіх палічак і толькі ў цёмначы ідуць спаць у кватэры па-над крамамі. Холад не гоніць людзей прэч з адкрытага паветра, а таму ў цёплых краінах ад Іспаніі да Інданезіі ўсё жыццё адбываецца пад адкрытым небам. Людзі размаўляюць, людзі пляткараць, людзі гуляюць у шахматы тут, ля сваіх прыступак, а не за дзвярыма. Роля паліцыі — мінімальная, роля дзяржавы — наогул мінімальная, тут крадзяжоў няма, бо кожны сантыметр грамадскай прасторы генерацыямі кантралююць уладальнікі крамак, што месцяцца ўздоўж тратуараў. Беларусы жывуць замкнёна. Толькі ў чэрвені-жніўні яны выходзяць не для таго, каб дабегчы да крамы ці да офіса. Увесь астатні час яны за плотам, на кухні. Іх не­ бачна і не чутно.

2. Лецішча. Натуральна, такога паняцця, якому аддана служаць шмат якія прадстаўнікі старэйшай генерацыі, у культурах адвечнага лета быць не можа.

3. Культ холаду замест культу цяпла. Нашае жытло гістарычна складаецца з мэтай захавання цяпла. Сельская хаціна пабудаваная вакол печкі, якая з’яўляецца цэнтрам сусвету. Уявіце сабе Беларусь, у якой дамы стаяць вакол невялічкіх дворыкаў, якія заўсёды знаходзяцца ў цені і зберагаюць прахалоду. Уявіце сабе беларускія дамы, дзе замест драўлянай падлогі — кафля, па якой прыемна хадзіць у спёку. Відавочна, што шмат якія рамёствы ў нас з’явіліся б гадоў на 500 раней.

4. Ніякага моцнага алкаголю. Жлукціць сэм у спёку могуць хіба адданыя заўзятары цырозу печані і цеплавых удараў у галаву. Ні ў адной культуры вечнага лета няма напояў, супастаўляльных з нашай гарэлачкай. Гарэлка, каньяк — вытокі зімовай неўладкаванасці. Ліць унутр вогненную ваду можна хіба дзеля таго, каб зрабілася цяплей. У Грэцыі, Іспаніі, Чылі ці Аргенціне п’юць віно. У В’етнаме вараць піва «Тыгр», якое п’юць па ўсёй Паўднёвай Азіі. У Непале — піва («Шэрпа»), у Інданезіі — рысавае віно, у Малайзіі і Тайландзе — аўстралійскія вінаградныя віны.

5. Не трэба рабіць запасы на зіму. Шмат што ў нашай культуры паходзіць са звычкі назапасіць на той час, калі нічога не расце. Калі селянін не загатуе дроваў на зіму — ён змерзне насмерць. А ўявіце сабе, што ўраджай — круглы год. Што не трэба рабіць саленняў. Што не трэба вэндзіць мяса, саліць гуркі, мачыць яблыкі. Знікае страх перад «заўтра». Пачынаеш жыць сённяшнім. Растаюць адвечныя беларускія фобіі кшталту «а раптам заўтра вайна».

6. Адсюль знікае надвор’ецэнтрызм, калі надвор’е чалавека цікавіць нават болей за наступныя выбары. Заўважым, што чаканне добрага надвор’я, «пагоды» — гэта вельмі важная для нашай культуры рыса. Калі што і з’ядноўвае нас усіх супольна — гэта штодзённае чэканне прагнозаў па тэлевізары ці ў інтэрнэце. Ніхто не назаве прозвішча прэм’ер-міністра краіны, але ўсе ведаюць таварыша Рабава. Галоўны метэаролаг — ледзь не адзіная публічная палітычная фігура, слова якой вызначае планы на выходныя і г.д. А вы ўявіце, што 9 месяцаў у годзе — лета, плюс 26, тры месяцы — плюс 28 і мусонныя дажджы! Што сяляне не моляцца кожны дзень «а хаця б дожджык, а то гуркі пасохнуць», гараджане не мармычуць увесь час «а хаця б сцяплела, а хаця б сонейка»!

7. З’яўленне народнай культуры вулічных святаў. Вы бачыце, што гэтымі днямі амаль на кожныя выходныя ў Мінску адбываецца нейкі вулічны дзвіж: джаз-канцэрты, вечары класікі, нават выступы дыджэяў (каб хто яшчэ навучыў вядоўцаў гэтых шоў назаўсёды заткнуцца і не агалошваць плошчы сваім кукарэканнем). І гэта вытлумачальна: калі на вуліцах натоўп, калі ў кожным дворыку сядзяць людзі і гэтым людзям не холадна, не трэба хавацца ад ветру ці дажджу, яны пачынаюць шукаць культуры. У Іспаніі гэта жаданне прывяло да з’яўлення фламенка, якое так прыемна назіраць у цудоўных дворыках Кордавы. У нас сапраўднае лета доўжыцца толькі 8 тыдняў, таму культурай вольнага часу пад адкрытымі нябёсамі не абрастае.

8. Увага да цела замест увагі да вопраткі. Што заўсёды адрознівае паўдзённыя гарады — людзі даглядаюць сваё цела, якое ўвесь час навідавоку. Бо адзежы няшмат, яна не здольная схаваць ці ўпрыгожыць не хворага на фэтфобію ўладальніка. Да беларусаў увага да цела прыходзіць прыкладна ў траўні і акуратненька заканчваецца ў верасні — а чаго сачыць за сабой, усё роўна ніхто не ўбачыць!

9. Сіеста. Беларусы — вельмі працавіты народ. Няспынная спёка хуценька навучыла б іх слову «маньяна» і разуменню, што справы можна адкладаць на заўтра, на «пасля сіесты» ці наогул назаўсёды. Чым бліжэйшы народ да поўначы, тым больш яму даводзіцца варушыцца, каб не памерці зімой. Бо варыянту пераляжаць зіму на лаве ў парку тут не праглядаецца: без цёплага дома ты проста памрэш. Мы жылі б значна меней заможна, але, магчыма, былі б больш шчаслівыя. Як любы чалавек, не занураны ў працу.

10. Людзі, якія растуць на вуліцы, бачачы адно аднаго, якія няспынна ў кантакце са сваімі суседзямі, з якімі дзеляцца навінамі, зусім па-іншаму паводзяць сабе ў сацыяльных момантах. Яны нашмат хутчэй мабілізуюцца, яны меней баяцца улады (у холадзе без дзяржавы нікуды, яна рэгулюе размеркаванне цяпла). Выбух жартаў пра «раздзявацца і працаваць» — спараджэнне лета. Гэты перфоманс, падхоплены, дарэчы, зусім не палітызаванай часткай офісных працаўнікоў, — нешта ад апісаных Рабле дыяблерый, ад Эрлекіна ды венецыянскага карнавалу, ад схільнасці сытых, абароненых, вольных людзей смяяцца з тых, хто заўсёды сур’ёзны. Зімой так не пасмяешся. Зімой наогул не да смеху — а раптам батарэі схаладнеюць?

Прынята лічыць, што мы не любім зіму. Але зіму мы не любім зімой. І вось цяпер, у самы разгар лета, хаця б на імгненне прыйдзе скруха па празрыстым да звону марозным ранку, настальгія па чырвона-жоўтым харастве кастрычніцкага парку. Мы складаемся са змены сезонаў. І таму не — не дай Бог клімат тут зменіцца і ўсе апісаныя вышэй адметнасці ўступяць у сілу і на нашай зямлі.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера