Знайсці
09.06.2016 / 21:294РусŁacБел

Новая зараза «тута абсалюта» пагражае знішчыць ураджай памідораў

Лета – час свежай садавіны і гародніны. На многіх беларускіх дачах цяпер імкліва пайшлі ў рост памідоры. Але ў нашай краіне з’явілася насякомае, якое сур’ёзна пагражае ўраджаю гэтай паслёнавай культуры. Называецца гэтая трасца «таматная моль» (навуковая назва «Tuta absoluta»).

Таматная моль можа вынішчаць не толькі памідоры, але і баклажаны, салодкі перац і нават бульбу. Пры добрай распаўсюджанасці і адсутнасці супрацьдзеяння яна можа знішчыць да 100% ураджаю.

fermer.ru

Сёлета з такой праблемай вельмі сур’ёзна сутыкнулася Афрыка, асабліва Нігерыя, у некаторых рэгіёнах якой тута абсалюта вынішчыла ажно 90% усяго ўраджаю памідораў. Гэта проста перавярнула мясцовы рынак дагары нагамі, бо кошты на памідоры ўзняліся ў 15 разоў!

4.bp.blogspot.com

Шкоду гародніне наносяць менавіта лічынкі і вусені, якія знішчаюць самі расліны і пашкоджваюць плады. Але шкодзяць яны толькі зялёным, яшчэ не саспелым пладам. Моль адкладае яйкі, з якіх вылупліваюцца вусені. Яны імкліва пачынаюць рабіць дзіркі ў лісці і сцёблах раслін, што прыводзіць да вельмі хуткай іх гібелі. Да таго ж, таматная моль можа развіць устойлівасць да пестыцыдаў на працягу аднаго сезону. Гэта чужародны від, таму ў яго вельмі мала натуральных ворагаў па-за межамі Паўднёвай Амерыкі, якія маглі б аператыўна яго вынішчаць.

greenhouses.ru

Таматная моль прыйшла ў Еўропу з Паўднёвай Амерыкі, а дакладней з Перу, дзе ўпершыню была заўважаная ў 1917 годзе. Першай краінай, якая спазнала памідорнае спусташэнне ў выніку нашэсця таматнай молі, стала Іспанія ў 2006 годзе. Затым тута абсалюта распаўсюдзілася далей па кантыненце. Амаль ва ўсіх краінах Еўропы заўважалі асобін гэтага насякомага.

Не з’яўляецца выключэннем і Беларусь. У 2010 годзе тута абсалюта была ўключаная ў пералік шкоднікаў, хвароб раслін і пустазелля, якія з’яўляюцца карантыннымі аб'ектамі для Беларусі. У маі 2011 года яна была ўпершыню выяўленая ў Гомельскім раёне ў КСУП «Брылёва» ў цяпліцы з таматамі плошчай 3 га. Пакуль, на шчасце, нам невядомыя вялікія нашэсці гэтага насякомага.

Тута абсалюта мае вельмі высокую здольнасць размнажэння. Пры спрыяльных умовах шкоднік можа ствараць па 10-12 пакаленняў у год. Мінімальная тэмпература для размнажэння складае 9°С. Насякомыя могуць зімаваць ва ўсіх стадыях: у стадыі яйка, лічынкі, кукалкі і дарослай асобіны.

agralan-growers.co.uk

Лічынкі, якія толькі што вылупіліся, невялікага (0,5 мм) памеру і жаўтлявага колеру. Па меры сталення лічынка робіцца жоўта-зялёнага колеру, за яе галавой з’яўляецца чорная паласа. Дарослая лічынка дасягае памераў прыблізна 9 мм са спінкай ружаватага колеру. Кукалкі светла-карычневага колеру, памерам прыблізна 6 мм. Дарослыя асобіны молі шэра-карычневага колеру, памерам прыблізна 6 мм і маюць размах крылаў 10 мм. Самцы трохі цямнейшыя за самак.

Універсальных метадаў барацьбы з таматнай моллю пакуль яшчэ не вынайшлі. У Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы шырока ўжываюцца спецыяльныя пасткі, прынцып дзейнасці якіх палягае на прывабліванні насякомых ферамонамі. Але яны не дапамагаюць пры масавым нашэсці таматнай молі. Яшчэ адным метадам з’яўляецца развядзенне «Nesidiocoris tenuis» – драпежнага клапа-слепняка, які актыўна ўжывае ў ежу не толькі лічынкі і яйкі таматнай молі, але і іншых шкоднікаў.

Клоп-драпежнік, фота bio-bee.ru

Таксама добрым выратаваннем бачыцца выкарыстанне спецыяльнага грыбка, які будзе ўводзіцца ў глебу і забіваць таматную моль яшчэ на стадыі кукалкі. Цяпер над гэтым працуюць навукоўцы.

Калі вы заўважыце ў сваім агародзе гэтае насякомае, абавязкова звярніцеся ў ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах», каб дапамагчы спыніць распаўсюд дадзенага шкоднага віду.

ЗМ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930