Знайсці
30.05.2016 / 14:0411РусŁacБел

Пра рэальны стан спраў у кітайска-беларускім індустрыяльным парку — журналісцкае расследаванне

Спецыяльнае расследаванне Станіслава Івашкевіча было апублікавана на «Хартыі».

Лёд крануўся! У кітайска-беларускім індустрыяльным парку ўжо восем міжнародных рэзідэнтаў. Усе яны пачалі або плануюць пачаць пад Смалявічамі будаўніцтва высокатэхналагічных экспартаарыентаваных вытворчасцяў. Яшчэ 20 міжнародных карпарацый — блізкія да гэтага. З імі падпісаныя мемарандумы аб намерах. Такімі лічбамі аб стане спраў у «Вялікім Камені» рапартаваў сёлета ў сакавіку намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка, цяпер — часовы кіраўнік адміністрацыі спецыяльнай эканамічнай зоны.

У 2010 годзе, калі Мінэканомікі Беларусі пачало прапрацоўваць з кітайскай інжынірынгавай карпарацыяй CAMCE праект стварэння пад Мінскам прамысловага горада будучыні — па прыкладзе сінгапурскага, многія сустрэлі гэтую вестку з недаверам. Наступныя заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што рэзідэнты тэхнапарку падвояць айчынны экспарт, выклікалі здзіўленне ў экспертаў і жарты ў інтэрнэце. Але цяпер скептыкі пераканаліся: якім бы не быў памер шкуры, мядзведзь ужо забіты — ручаёк інвестараў у нашу краіну пацёк і ператварэнне яго ў раку — справа тэхнікі.

Такую выснову можна было б зрабіць, калі б словы чыноўніка былі праўдай. Але, як паказала праведзенае мною расследаванне, згаданая заява складаецца як мінімум на 90% з хітрыкаў.

Колькі ў тэхнапарку рэальных рэзідэнтаў?

Адносна колькасці рэзідэнтаў, фармальна выкрыць чыноўніка ў хлусні нельга — пасведчанні аб рэгістрацыі сапраўды выпісаныя, але, па сутнасці, яго заява ўтрымлівае дэзінфармацыю.

Каб стаць рэзідэнтам парку, кампанія павінна ўзяць на сябе абавязацельствы па канкрэтных тэрмінах і аб'ёмах інвестыцый. Але ў верасні мінулага года, калі ў тэхнапарку было фармальна зарэгістравана ўжо 7 рэзідэнтаў, прычым такія кітайскія брэнды, як ZTE і Huawei, нібыта павінны былі пачаць будаўніцтва ўжо ў 2015 годзе, тагачасны кіраўнік «Вялікага Каменя» Андрэй Галь прызнаўся мне, пад запіс, што канкрэтныя дамовы аб інвестыцыях і іх тэрмінах адміністрацыя мае толькі з дзвюма кампаніямі — кітайскай лагістычнай фірмай «Чайна Мерчанц» і айчыннай — «Нанапекцін».

Выходзіць, што астатнія 5 юрыдычных асоб, якія на сябе канкрэтных абавязацельстваў не бралі, атрымалі рэгістрацыю толькі ў мэтах піяру, проста, каб мець у спісе вядомыя назвы і прыцягваць гэтым іншых. Па сутнасці ж, яны з’яўляюцца не рэзідэнтамі, а, у лепшым выпадку, падпісантамі мемарандума аб намерах — такімі ж, як тыя ці то 14, ці то 26, ці то зноў жа 20 кампаній, якія, па словах афіцыйнага Мінска, хочуць у парк, але пакуль не вырашыліся.

З «Нанапекцінам», які павінен быў пачаць будаўніцтва яшчэ летась, нешта, аднак, не зраслося.

Падчас майго наведвання будаўнічай пляцоўкі сёлета ў красавіку, ужо пасля звальнення сп. Галя, другі высокапастаўлены функцыянер тэхнапарку заявіў, мне, таксама пад запіс: «Рэзідэнт ў нас толькі адзін — «Чайна Мерчантс», і ўсё».

Адзін з падрадчыкаў, у канфідэнцыйнай гутарцы без запісу, паведаміў, што з астатнімі «рэзідэнтамі» існуюць рознагалоссі, шляхі пераадолення якіх дагэтуль не знойдзеныя.

Праўда, з тых часоў дзяржаўнае агенцтва БелТА аб'явіла, што кампанія «Чэнду Сіньджу Шаўковы Шлях Развіццё» пачала ў індустрыяльным парку будаўніцтва вытворчасці суперкандэнсатараў. Але «пачатак будаўніцтва» скончыўся на тым, што новапрызначаны кіраўнік адміністрацыі Аляксандр Ярашэнка разам з прадстаўнікамі кампаніі ўрачыста закапаў у зямлю «першы камень». Такі ж, як у мінулым годзе закапалі з прадстаўнікамі кампаніі «Цзюй Солад», з якой, як потым аказалася, ніякага дагавора аб тэрмінах будаўніцтва не было.

Закладка першага каменя Даследчага і вытворчага цэнтра кампаніі-вытворцы суперкандэнсатараў XINZHU AOWEI ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку 8 мая 2016 г. Фота сайта CAMC Engineering Co., Ltd. (CAMCE).

Паводле афіцыйнай інфармацыі, «Чэнду Сіньджу» цяпер вядзе праектныя работы, гэта значыць — складае чарцёж будучага будынка. Але верагоднасць таго, што рэальнае будаўніцтва пачнецца ў бліжэйшыя гады — блізкая да нуля.

Зыходзячы з паведамлення БелТА, афіцыйны Мінск прывабіў «Чэнду Сіньджу» у тэхнапарк гарантыяй выкупляць суперкандэнсатары, якія будуць выпускаць, — для ўстаноўкі на айчынныя электробусы.

Першыя два электробусы плануецца запусціць толькі да канца бягучага года, прычым ужо дамоўлена, што суперкандэнсатары для іх названая кампанія прывязе з Кітая. Але, мяркуючы паводле ацэнак экспертаў, з якімі, несумненна, знаёмыя і кітайскія спецыялісты, перспектывы новага віду транспарту для Беларусі пакуль — больш як сумніўныя. І нават у лепшым выпадку — калі праект электробусаў набярэ абароты, усё адно — на тое, каб нарасціць такі аб'ём выпуску, які апраўдае будаўніцтва пад яго мясцовай вытворчасці суперкандэнсатараў, «Белкамунмашу» спатрэбяцца гады, на працягу якіх «Чэнду Сіньджу» будзе працягваць павольна маляваць чарцёж свайго будучага завода.

Такім чынам, як прызнаў згаданы вышэй чыноўнік, рэальны рэзідэнт ў тэхнапарку толькі адзін — кітайская дзяржаўная лагістычная карпарацыя «Чайна Мерчантс», якая там будуе склад.

Пра тое, навошта гэта трэба «Чайна Мерчантс», гаворка пойдзе ніжэй. Забягаючы наперад, адзначу толькі, што іх зацікаўленасць мае мала агульнага з праектам індустрыяльнага парку. Але, у першую чаргу, паспрабуем разабрацца — чаму ж інвестары з КНР і іншых краін не спяшаюцца скарыстацца акном у Еўропу і Расію, якое ім на беспрэцэдэнтна льготных умовах прапануе афіцыйны Мінск?

Шчырыя выказванні кітайскага пасла

Прычыны таму апісаў пасол ЗША ў Беларусі Джордж Крол ў дакладной запісцы Дзярждэпу, апублікаванай парталам Wikileaks. Паводле Крола, яго кітайскі калега Ву Хонг Бінг, прызначаны паслом у Мінск у 2005 годзе, праявіў падчас іх размовы нечаканую шчырасць адносна задачы, якую паставіла перад ім Партыя і цяжкасцяў, звязаных з яе выкананнем. Задача гэтая была ў тым, каб нарасціць эканамічнае супрацоўніцтва КНР з Беларуссю так, каб яно «адпавядала высокаму ўзроўню палітычных сувязяў паміж дзвюма краінамі».

«Аднак Ву прадказвае, што выканаць гэтае заданне будзе немагчыма. У параўнанні з тым, што было 10 гадоў таму, Беларусь вельмі мала можа прапанаваць Кітаю», — цытуе Крол кітайскага дыпламата.

«Савецкі менталітэт застаецца, а беларускія тэхналогіі, якія маглі быць цікавымі 10 гадоў таму, дэградавалі, у той час як кітайскія стандарты і патрабаванні, наадварот выраслі. Нядаўняя дэлегацыя прадпрымальнікаў з кітайскіх рэгіёнаў калясіла па Беларусі дольш за тыдзень. Калі яны вярнуліся ў Мінск, то сказалі паслу, што не змаглі знайсці нічога цікавага — ні для пакупак, ні для інвестыцый «, — перадае Крол словы свайго кітайскага калегі.

«Ву сказаў, што калі ён перадаваў даверчыя граматы Лукашэнку, той заклікаў яго завабліваць кітайскі бізнэс у Беларусь — купляць беларускія тавары і інвеставаць у беларускія кампаніі, маўляў тыя — «акно на еўрапейскі рынак».

Ву сказаў, што паколькі ён не мог наўпрост сказаць Лукашэнку, што ў Беларусі няма нічога, што яна б магла прапанаваць Кітаю і што Кітаю Беларусь не патрэбна ў якасці акна на еўрапейскі рынак, таму ён проста паківаў», — рапартуе дыпламат.

З якога боку ўжо не вазьмі, Беларусь для Кітая не цэнтр, а край зямлі

Калі наконт тэхналогій у айчынным дзяржсектары сітуацыя зразумелая, то момант з «акном у Еўропу», верагодна, патрабуе тлумачэння. Здавалася б, Беларусь павінна быць цікавай Кітаю хоць бы ў сілу геаграфічнага становішча нашай краіны — паміж Еўропай і Азіяй. Але гэта — ілюзія.

Сухапутным акном у Еўразійскі саюз для Кітая з'яўляецца, як вядома, не Беларусь, а Казахстан. А ў заходнім лагістычным кірунку Беларусь знаходзіцца для кітайскіх экспарцёраў… далей, чым Германія ці Вялікабрытанія.

Паводле даследавання праекта Еўра-азіяцкіх транспартных сувязяў, перавозкі з Кітая ў ЕС па сушы хоць і даюць двухразовы выйгрыш па часе, але і каштуюць прыкладна ўдвая даражэй. Таму 62% кантэйнераў з Кітая ў ЕС паступаюць па моры — у парты Італіі, Нідэрландаў і Германіі. Яшчэ 23% грузаў дастаўляецца самалётамі. На грузавікі і чыгунку, такім чынам, застаецца 15%.

Але і гэтая лічба можа скараціцца. У 2013 годзе, дзякуючы раставанню арктычных льдоў, кітайскае грузавое судна ўпершыню даставіла ў Еўропу тавар паўночным маршрутам — уздоўж Расіі па Паўночным Ледавітым акіяне. Гэты маршрут удвая карацейшы за паўднёвы — вакол Афрыкі па Індыйскім і Атлантычным акіянах. У выніку, марская дастаўка з Кітая ў Еўропу, ў недалёкай будучыні можа адабраць у сухапутнай яе галоўны козыр — хуткасць.

Такім чынам, насуперак геаграфічнай ілюзіі, Беларусь для кітайскіх экспарцёраў з'яўляецца самай далёкай кропкай дастаўкі як у еўрапейскім, так і ў сухапутным расійскім напрамку і, адпаведна, нават пры адсутнасці ўсіх іншых мінусаў, не магла б стаць для іх акном ні ў адзін з гэтых бакоў. Груба кажучы, каб арганізаваць дастаўку тавараў з Кітая ў Берлін праз Беларусь па аптымальнай цане, экспарцёру, пасля выгрузкі ў Ратэрдаме, прыйдзецца везці тавар або камплектуючыя яшчэ паўтары тысячы кіламетраў да Беларусі і пасля — яшчэ тысячу кіламетраў назад.

Пэўную прывабнасць для кітайскіх лагістаў Беларусь мае толькі для паставак з партоў Балтыі ў еўрапейскую частку Расіі — з-за перагружанасці транспартных развязак Санкт-Пецярбурга, Мурманска і іншых уласных расійскіх партоў.

Менавіта па гэтай лагістычнай схеме дзейнічае кампанія «Джылі», якая адпраўляе практычна гатовыя машынакамплекты па моры — вакол Індыі, Афрыкі і Заходняй Еўропы — да Клайпедскага порта ў Літве. Адтуль іх вязуць у Барысаў, дзе робяць буйнавузлавую зборку (груба кажучы — прыкручваюць колы), а затым прадаюць у Беларусі і Расіі.

Але з паляпшэннем інфраструктуры расійскіх партоў і засваеннем арктычнага марскога маршруту гэтая адзіная геаграфічная перавага Беларусі для кітайцаў стане малаістотнай.

У прыватнасці, Geely ўжо перанесла запуск новага завода паміж Жодзіна і Барысавам з наступнага года на 2030-ы. Гэта значыць, перафразуючы Хаджу Насрэддзіна — на той час, калі памрэ альбо падышах, альбо асёл.

Беларусь, як акно ў ЕС… для немцаў

Але галоўная перашкода для кітайскіх інвестыцый у Беларусь не геаграфія. Бо нават апісаны вышэй абсурдны, на першы погляд, лагістычны ланцужок Германія—Мінск—Германія цяпер паспяхова практыкуецца, напрыклад, нямецкім бізнэсам. Вядомая кампанія Carl Zeiss карыстаецца магутнасцямі мінскага завода імя Вавілава ў якасці так званага «падоўжанага канвеера». Груба кажучы, германскі вытворца робіць лінзы, адпраўляе іх у Беларусь, тут з іх збіраюць аптычныя вузлы, якія затым вязуць назад у Ену для зборкі мікраскопаў, а тыя прадаюцца як у самой Германіі, так і па ўсім свеце.

Такім чынам, наша краіна прыцягнула нямецкую кампанію не ў якасці перавалачнага пункта на шляху ў Расію, не лішкам патрэбнай сыравіны, а толькі наяўнасцю ўмелых рук і інжынерных мазгоў, якія за невялікае, па германскіх мерках, ўзнагароджанне, вырабляюць высокатэхналагічны прадукт, які адпавядае стандартам заходнееўрапейскага канцэрна са 170-гадовай гісторыяй.

Дадзенае сумеснае прадпрыемства было зарэгістравана ў 1995 годзе. Але ў 2006-м, калі на зямлю, дзе стаяў мадэрнізаваны немцамі завод, скончыўся тэрмін арэнды, інвестары зразумелі, што яны працуюць ужо не ў той Беларусі, у якую прыйшлі 10 гадоў таму. Згаданы вышэй кітайскі дыпламат Ву Хонг Бінг, які з'ехаў з Беларусі акурат у сярэдзіне 90-х і вярнуўся ў 2005-м, ацаніў вынікі кіравання Лукашэнкі для дзелавога клімату краіны наступным чынам.

«Ву скардзіўся, якой забюракратызаванай стала афіцыйная Беларусь… Ён круціў галавой і адзначыў, што абстаноўка — нашмат горшая, чым 10 гадоў таму, і нават таджыкі — больш адкрытыя і менш бюракратычныя», — апісваў амерыканскі пасол сваю гутарку з кітайскім калегам.

Carl Zeiss тады адчуў гэта на практыцы. Спробы падоўжыць тэрмін арэнды завода, у які нямецкі інвестар ўклаў 20 мільёнаў даляраў, зрынулі яго ў такую багну бюракратычных цяжкасцяў і шантажу, што ён падумваў пра тое, каб перанесці свой падоўжаны канвеер з Беларусі ў Кітай.

Тады, праўда, усё абышлося. Арэнду працягнулі, і «Цейс-БелАМО» працягвае вырабляць у Беларусі прадукцыю з высокім дабаўленым коштам для заходняга рынку. Але стрэс, які адчуваюць нямецкія прадстаўнікі ад непрадказальных вятроў беларускага заканадаўства, з'яўляецца пастаяннай перасцярогай для іншых інвестараў — як нямецкіх, так, у тым ліку, і кітайскіх.

Ненадзейныя льготы

Праўда, у выпадку з «Вялікім Каменем» Лукашэнка спрабуе зрабіць інвестыцыйны рэжым настолькі прыязным, наколькі гэта дазваляе створаная ім сістэма.

Кіраўнік парку з'яўляецца членам Саўміна, што павінна максімальна прыбраць бюракратычныя перашкоды да прыняцця рашэнняў. Акрамя таго, рэзідэнты, як вядома, вызваленыя практычна ад усіх падаткаў на 10 гадоў, а 10 наступных будуць плаціць толькі палову. Дзеянне любых збораў, уведзеных пасля падпісання інвестыцыйнага дагавора, на іх не распаўсюджваецца. Яшчэ адзін ключавы момант — інвестары могуць набываць ва ўласнасць зямлю, на якой вядуць будаўніцтва.

Усе гэтыя льготы маглі б кампенсаваць для кітайцаў нявыгаднае, з іх пункту гледжання, геаграфічнае становішча нашай краіны. А ўлічваючы, што сярэдні заробак у КНР ужо перавысіў не толькі беларускі, але і расійскі, гіпатэтычна магчымая зацікаўленасць азіяцкага бізнэсу ў тым, каб перанесці частку вытворчасці ў больш танную, але не менш «рукастую» Беларусь.

Але, па-першае, на практыцы, такія выпадкі вельмі рэдкія — у Еўропе кітайцы купляюць, у асноўным, гатовыя брэнды з новымі тэхналогіямі. Але і ўласную новую вытворчасць кампанія «Ленова», да прыкладу, вырашыла сёлета размясціць не ў Беларусі, нягледзячы на ўсе абяцаныя льготы — а ў Венгрыі, якая прапанавала «усяго толькі» параўнальна стабільны і прадказальны бізнэс-клімат.

Але нават калі кітайцы павераць у абяцанні Аляксандра Лукашэнкі не парушаць больш інвестыцыйных дагавораў, непераадольная перашкода на шляху стварэння тэхнапарку — па-за кантролем Мінска. Рэч у тым, што ў інвестараў няма ніякай гарантыі, што ўсе дадзеныя ім падатковыя льготы не будуць нівеліраваныя антыдэмпінгавымі пошлінамі як з боку ЕС, так і краін Еўразійскай саюза.

Такім чынам, буйныя інвестыцыі з боку кітайцаў у экспартаарыентаваныя вытворчасці на тэрыторыі Беларусі — выключаны, як мінімум, да ўступлення нашай краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. А гэта, як распавёў мне, пад запіс, намеснік міністра сельскай гаспадаркі, плануецца толькі да 2020 года, і тое — калі ўсё зоркі сыдуцца.

Навошта гэта Пекіну?

Але ў размовах з афіцыйным Мінскам Пекін сваю незацікаўленасць хавае і ветліва ківае, як гэта рабіў Ву Хонг Бін ў пераказанай ім размове з Лукашэнкам. А летась, падчас наведвання Беларусі, старшыня КНР Сі Цзіньпін назваў індустрыяльны парк у Смалявічах патэнцыйнай «жамчужынай у будаўніцтве эканамічнага пояса Шаўковага шляху», хоць, як ужо гаварылася, Беларусь знаходзіцца на перыферыі кітайскіх гандлёвых шляхоў.

Навошта ж кіраўніцтва КНР падтрымлівае перакананасць свайго палітычнага саюзніка ў выканальнасці яго фантастычнага праекта? Як чалавек, які правёў паўгода ў дзелавых паездках па Усходняй Азіі, магу назваць дзве прычыны.

Па-першае, намякнуць партнёру на тое, што яго планы заснаваныя на банальным невуцтве ў эканамічных рэаліях — недапушчальна няветліва ў разуменні азіятаў, якія свята шануюць правілы этыкету.

Але галоўнае, ўсходнеазіяцкі менталітэт не бачыць нічога ганебнага ў тым, каб выгандляваць для сябе лепшыя ўмовы з дапамогай туманных абяцанняў, якія ніхто не збіраецца выконваць. Такі падман ў кітайцаў лiчыцца не парушэннем партнёрскіх адносінаў, а неад'емнай часткай перамоваў і ніяк не можа стаць прычынай перагляду пісьмовага кантракту ці неяк сапсаваць наступнае супрацоўніцтва. Гэта — першая рэч, пра якую азіяцкія супрацоўнікі папярэджваюць сваіх калегаў, якія прыехалі з Еўропы. Зрэшты, як паказвае практыка стасункаў афіцыйнага Мінску з Масквой, дадзены падыход знаёмы і кіраўніцтву абедзвюх ўсходнеславянскіх краін.

Такім чынам, размовы Пекіна пра «жамчужыну шаўковага шляху» пад Смалявічамі напалову — ветлівасць, а напалову — хітрасць, з мэтай выгандляваць эксклюзіўныя ўмовы для сваіх кампаній, накіраваных на ўнутраны беларускі рынак.

Навошта гэта «Чайна Мерчантс»?

Як патлумачыў мне ўладальнік беларускага агенцтва, які займаецца кансультаваннем лагістычных кампаній, складоў вышэйшага класа «А» (велізарныя памяшканні з тэрмарэгуляваннем, аўтаматызаванымі сістэмамі пагрузкі і інфармацыйнай падтрымкай лагістычнага планавання) у нашай краіне — дэфіцыт. Лагістычны цэнтр такога класа ў пасёлку Прывольны, пабудаваны іранскай кампаніяй «Кейсан» — запоўнены на 95%. Але ў апошнія гады, калі, у сілу палітычных і эканамічных падзей, аб'ём перавозак у нашай краіне істотна паменшыўся, інвеставаць сотні мільёнаў даляраў у такія праекты больш ніхто не вырашаецца. Іншая рэч, калі лагістычны цэнтр, дзякуючы вызваленню ад падаткаў, зможа даць такую цану, што перавабіць да сябе ад іншых аператараў увесь, ужо існуючы, грузапаток, які толькі зможа абслужыць (у тым ліку і існуючы кітайскі транзіт з балтыйскіх партоў ў РФ).

Такім чынам, падкормліваючы Мінск абяцаннямі падумаць пра тое, каб калі-небудзь у будучыні прывезці пад Смалявічы высокатэхналагічную экспартаарыентаваную вытворчасць, Пекін пераканаў яго даць беспрэцэдэнтныя льготы кітайскай дзяржаўнай лагістычнай фірме, якая нібыта збіраецца абслугоўваць будучых рэзідэнтаў тэхнапарку, а, на самай справе — нацэленая на тое, как адваяваць унутрыбеларускі рынак.

Больш за тое — кітайцы прымусілі беларускія ўлады, на бюджэтныя грошы і, часткова, рукамі кітайскіх рабочых, правесці да склада «Чайна Мерчантс», які пакуль што будуецца, шырокапалосныя дарогі і падземную інфраструктуру, на якую «Кейсан», да прыкладу, быў вымушаны выдаткаваць 150 мільёнаў даляраў уласных сродкаў.

Вынік — беларускія падаткаплацельшчыкі атрымалі дадатковыя 170 мільёнаў даляраў знешняга доўгу (інфраструктура індустрыяльнага парка будуецца за кошт крэдыту кітайскага «Эксімбанка», выдадзенага пад гарантыю беларускага ўраду).

Пасля таго, як «Чайна Мерчантс» завершыць будаўніцтва, краіна пачне штогод губляць дзясяткі мільёнаў даляраў, паколькі падатковыя даходы сыдуць ад беларускіх лагістычных цэнтраў да кітайцаў, якія ад выплат у бюджэт вызваленыя.

Нарэшце, інвестыцыйны клімат у Беларусі пагоршыцца яшчэ больш пасля таго, як замежныя карпарацыі (у тым ліку заходнія, для якіх, у адрозненне ад кітайцаў, геаграфічнае становішча Беларусі — перавага, а не недахоп), у чарговы раз пераканаюцца, што Мінск у любы момант можа надзяліць іх канкурэнтаў несправядлівымі выгадамі, якія паставяць пад пагрозу бізнэс тых, хто раней прыйшоў на беларускі рынак.

Станіслаў Івашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера