Знайсці
04.06.2016 / 10:5530РусŁacБел

Як немцы прасоўваюць новыя тэхналогіі, пра якія ў Беларусі яшчэ і не чулі

Шмат хто з беларусаў бываў у Германіі, Берліне. Таму не мае сэнсу засяроджваць увагу на відавочных адрозненнях краін, такіх як памер заробку, узровень жыцця і дарогі. Сёння мы раскажам, як немцы прасоўваюць новыя тэхналогіі.

«Усё пачыналі рамантыкі, але потым замест іх прыйшлі капіталісты»

Што найбольш уражвае ў сённяшняй Германіі — гэта іхні падыход да карыстання энергіяй. Доля энергіі з альтэрнатыўных крыніц дасягнула 30% ад агульнага спажывання — як ад вугалю і АЭС разам узятых!

Калісьці размовы пра сонечную і ветравую энергію выклікалі толькі ўсмешку.

Але на пачатку 2000-х стала зразумела: прадукцыйнасць сонечных і ветравых генератараў расце, а цана на такую энергію падае, і немцы пачалі ўсталёўваць іх паўсюдна. За 15 гадоў інвестыцыі ў альтэрнатыўную энергетыку Германіі склалі 200 мільярдаў еўра. Сума, дарэчы, не такая і гіганцкая, калі ўлічыць маштаб краіны. Затое на сёння ў гэтай галіне працуюць каля 400 тысяч чалавек.

У Ніжняй Саксоніі ў які бок вокам не кінь — скрозь ветракі. Фота аўтара.

«Усё пачыналі рамантыкі, але потым замест іх прыйшлі капіталісты», — сказаў мне адзін немец, які займаецца тэхабслугоўваннем ветракоў у Ніжняй Саксоніі. Пераход на ўзнаўляльныя крыніцы — не толькі ініцыятыва «зверху».

Нават простыя сяляне ў Германіі размяшчаюць на дахах дамоў сонечныя панэлі, каб быць незалежнымі ад дзяржавы і вялікіх кампаній. Што ў сваю чаргу робіць больш незалежнай саму дзяржаву.

Тут логіка простая: альбо мы купляем энерганосьбіты (у Расіі) і выводзім свае грошы з краіны, альбо вырабляем сонечныя панэлі ў сваёй краіне, прадаём іх сваім грамадзянам і пакідаем грошы тут. Так думае нямецкі ўрад.

У нас у полі — вярба. У іх у полі — сонечныя панэлі. Фота аўтара

Некаторыя буйныя гульцы на рынку альтэрнатыўнай энергетыкі ўжо ўсур’ёз кажуць, што традыцыйныя энерганосьбіты аджылі і што наспявае патрэба ствараць штосьці накшталт АПЕК ва ўзнаўляльнай энергетыцы.

Дарэчы, немцы скептычна ставяцца да атамнай энергетыкі, да якой беларусы толькі намацваюць шлях.

Невялічкая краіна не можа дазволіць сабе рызыку новай Фукусімы ці Чарнобыля, мяркуюць яны. А з АЭС такая рызыка заўжды ёсць.

Пасля аварыі на «Фукусіме» ўрад Германіі са згоды ўсіх палітычных партый пастанавіў спыніць усе 17 атамных станцый. 8 з іх адключылі адразу ж, у 2015-м — яшчэ адну. Астатнія мяркуецца спыніць да 2022 года.

Другая прычына адмовы ад атамнай энергіі — гэта яе дарагавізна. Так, менавіта дарагавізна! Гэтак лічаць ашчадныя немцы. Яны не маюць свайго ўрану і, па іхніх прагнозах, адэкватная цана на ўран будзе трымацца яшчэ гадоў 30, пасля чаго скарачэнне запасаў гэтага рэчыва непазбежна зробіць яго вельмі дарагім. Да таго ж абслугоўванне атамных станцый таксама патрабуе велізарных грошай.

Блакітным колерам пазначаныя долі альтэрнатыўнай энэргетыкі ў нямецкай валавай вытворчасці электрычнасці. У 2005 — 10%, у 2015 — 30!

Напрыклад, як арганізаваць бяспечнае пахаванне радыеактыўных адкідаў пасля закрыцця атамных станцый?

Па падліках экацэнтраў, усе выдаткі, звязаныя з закрыццём станцый і захаваннем адкідаў, патрабуюць каля 40 мільярдаў еўра, па некаторых разліках і ўсе 70. А на тое, каб пахаваць усе атамныя адкіды, спатрэбіцца каля 100 гадоў! Месца для могільніка яшчэ не знойдзена, бо насельніцтва, што жыве побач з прапанаванымі раней пляцоўкамі, выступае рашуча супраць такога суседства.

Нарэшце, распад ядзерных рэчываў складае сотні тысяч гадоў. І ўвесь гэты перыяд тэрыторыі пахавання давядзецца пільна ахоўваць. А гэта ўсё грошы наступных пакаленняў.

Car2Go

А вось іншая навацыя. Здавалася б, вельмі простая, але таксама карысная і рацыянальная. Немцы распрацавалі і актыўна карыстаюцца сістэмай Car2Go. Гэта сістэма, дзякуючы якой можна арандаваць машыну цягам адной секунды.

Car2Go так і перакладаецца — «машына ехаць». Выглядае гэта так. Амаль на кожнай вуліцы ёсць стаянка, там прыпаркаваныя сінія малыя двухмясцовыя машыны з невялікім багажнікам.

Гэта электрамабілі, якія стаяць на зарадцы да таго моманту, пакуль вы не вырашыце імі скарыстацца. Усё робіцца праз мабільны дадатак, звязаны з крэдытнай карткай кліента. Адна хвіліна аўтарызацыі праз мабільны тэлефон — і дзверы машыны аўтаматычна адмыкаюцца, пасля чаго яе можна заводзіць.

Car2Go. Ілюстрацыйнае фота.

Гадзіна карыстання такой машынай — каля 14 еўра. Не танна? Але танней за таксі. Нават у Беларусі праедзь кудысьці на таксі гадзіну — заплаціш больш. А пры нямецкіх заробках гэта і зусім даступная паслуга.

На адной падзарадцы гэткі электрамабіль праедзе недзе 150 кіламетраў. Скончыўшы паездку, трэба прыпаркаваць машыну на аналагічнай адмысловай стаянцы — гэта каб праграма выставіла канчатковы рахунак, а наступны чалавек таксама мог сесці ў зараджа- ны электрамабіль.

Car2Go папулярны сярод гарадскіх жыхароў, для якіх утрымліваць уласныя машыны дорага і часам немэтазгодна. Таму ў планах немцаў стварыць агульнанацыянальную сістэму пракату такіх машын.

Гэта будзе выглядаць накшталт практыкі старадаўніх паштовых станцый, на якіх кур’еры мянялі змораных у дарозе коней на новых. Станцыі Car2Go пачнуць размяшчаць не толькі ў гарадах, але і паміж імі, каб чалавек без праблем мог памяняць машыну з нізкім зарадам і ехаць далей.

Якія яны, нямецкія аграгарадкі

Нямецкая вёска і беларуская — кардынальна розныя. Там няма калгасаў і «начальства». Кожны сам пра сябе дбае, але кожны й добра мае.

Немагчыма ўявіць, каб па нямецкай вёсцы боўталіся п’яныя рабочыя.

Тут вёска — гэта месца для жыцця. Шмат хто працуе ў горадзе, але багата і фермераў.

Тыповы дом у вёсцы з сонечнымі панэлямі на даху. Ілюстрацыйнае фота.

У кожнай вёсцы ёсць свой бар і гатэльчык, дзе ёсць і вай-фай, і зычлівыя супрацоўнікі, і нумары, да якіх яшчэ не кожны гатэль у беларускім райцэнтры дацягне.

Імкліва развіваецца агратурызм. І не сказаць, што ўсе нямецкія краявіды прыгажэйшыя за нашыя. Проста немцы бяруць сэрвісам і павагай да кліента.

Нумар у вясковым гатэлі. Фота аўтара.

Граф

У Германіі не было пагалоўнага вынішчэння арыстакратычных родаў і іх уласнасці. Таму зайсці ў госці да сапраўднага графа ў ягоны маёнтак — звычайная справа. Прынамсі, аўтар пабываў у такіх гасцях.

Маёнтак графа. Фота аўтара.

Вядома, сёння арыстакратычны тытул не дае ніякіх выгадаў у жыцці, а побыт сучаснага арыстакрата не розніцца ад суседскага. Зрэшты, звычайны немец з сярэднім заробкам можа пабудаваць сабе дом раскошнейшы за старую сядзібку XVIII ст. Але справа тут у іншым — спадчынным духу. Прыналежнасць да роду ўскладае на ўсіх яго прадстаўнікоў адказнасць за лёс зямлі, дзе гадаваліся і працавалі іхнія продкі. Прынамсі, так мне казаў сам граф. А гэта тое, чаго вельмі бракуе беларусам.

Гарадское жыццё

Параўноўваючы дзве сталіцы — Мінск і Берлін, — можна сказаць, што яны нечым падобныя. Перадусім архітэктурна — невысокія будынкі ў цэнтры, жылыя кварталы на ўскрайках.

Што цікава, немцы так перарабляюць старыя савецкія хрушчоўкі, пабудаваныя за ГДР, што сёння яны добра ўпісваюцца ў гарадскую архітэктуру — іх прыгожа перафарбавалі ці змянілі планіроўку і дабудавалі звонку празрыстыя ліфты.

Такі падыход да горадабудаўніцтва і адсутнасць казарменнага мыслення і робяць Берлін прывабным. Тут ніхто не стане замалёўваць прыгожыя графіці, як гэта робяць у Мінску.

Агулам жа маё ўражанне: Берлін і Германія па-ранейшаму квітнеюць. Усе росказні пра іх праблемы на нашым тэлебачанні — лухта. Немцы вельмі разумна і з думкай пра будучыню вырашаюць праблемы, якія перад імі паўстаюць.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930