Знайсці
24.05.2016 / 12:265РусŁacБел

«Улада — ты пачвара!». Быў ветэран ці не, а ідэолагі засталіся без працы

Інфармацыйная прастора, дзе ловяць навіны жыхары Гомелю, каторы тыдзень запруджана малькамі і шчупакамі пра «вэтэрана, які плача». Дзе не тыцнесься — а там або пра вэтэрана са сьлязамі на вачах, або пра рэпрэсіі. Уявіце — улада рэпрэсавала сваіх жа ідэолягаў, і з-за чаго? Аднаго допісу ў сацыяльнай сетцы.

Вось гэтага, на Дзень перамогі: «Ганьба! Пакінулі Касьцюкоўку безь сьвяткаваньня Дня перамогі! Сёньня мне было сорамна за нашу ўладу: на плошчы пасёлка Касьцюкоўка сядзеў вэтэран вайны і плакаў, плакаў ад крыўды. Я правяла яго да абэліска, ён паклаў кветкі і пайшоў дахаты. Ганьба нам усім! Улада — ты пачвара!!!»

О так выказала сваё абурэньне жыхарка пасёлка Касьцюкоўка, які цяпер уключаны ў межы гораду над Сожам. Як гэта частка Чыгуначнага раёну Гомелю, то ўлады кажуць, што ўсіх вэтэранаў запрасілі сьвяткаваць 9 траўня у Горад. Адкуль жа ўзяўся той вэтэран, які сядзеў на плошчы і плакаў? Улады, па іх словах, ня ведаюць. Дый наогул сьцьвярджаюць, што брахня гэта ўсё і варожыя інтрыгі. А тым ня менш, ідэолягаў мясцовых павыкідалі з працы з-за «вэтэрана, які плакаў». І ідэоляга Чыгуначнага раёну Алену Шванскую, і намесьніка старшыні Гомельскага гарвыканкаму, Аксану Рудзянок. Іх начальнікам далі вымовы.

Як так? Улады стаяць на сваім — вэтэрана не было! 

Маўляў, тых вэтэранаў у Касьцюкоўцы — шэсьць чалавек, і ўся гэтая невялікая паства ідэалягічна дагледжаная і пры справе, нікім не пакрыўджаная. Маўляў, усіх наведалі «па месцы жыхарства», і ніхто па вуліцы не хадзіў і ня плакаў!

Які ўсё-ткі паганенькі і няўдзячны народзец дастаўся ў спадчыну ад саўка нашай уладзе! Вэртыкаль наша так старалася, каб Дзень перамогі прыйшоў у кожны дом — і парады па тэлевізары, і мітынгі ля помнікаў, і ваенныя сьпевы з кожнага праса. Лібэральная супольнасьць ад гэтага шалу плакала і ўцякала ў лясы ці на лецішчы смажыць шашлыкі, ці на рэкі — каб вылавіць на злосьць уладзе апошняга карася. Такія высілкі былі прыкладзеныя, каб сьвята атрымалася, а ўсё ж незадаволеныя засталіся!

Публічныя розгі для вінаватых — за што? Чаго ідэолягаў паскідалі з крэслаў за пусты мех?

Тым часам жанчына, якая так пакрыўдзіла сваім допісам улады, залягла на дно. Але перадае адтуль, што быў, быў вэтэран! Можа быць, яна таксама займела праблемы. А ўлада — сваё: «Вэтэрана не было!»

Калі вэтэрана не было — а ідэолягаў звольнілі, то даеш вэтэрана пад кожную беларускую ўстанову! Калі ўлада такая хуткая і неразборлівая на рэпрэсіі да сваіх, то чаму б не скарыстаць гэта?

Напрыклад, прапаную флэш-моб «Плача вэтэран» з запісамі ў сацыяльных сетках такога кшталту: «Іду ўчора, а пад паліклінікай сядзіць вэтэран і плача — яму не зрабілі рэнтген! Улады — вы пачвары!!!» «А я ўчора іду — а пад упраўленьнем сацыяльнай абароны сядзіць і плача вэтэран — яму не далі пэнсіі, улады — вы пачвары!!!» «Бачыла вэтэрана, які плакаў каля ўпраўленьня адукацыі — яго проста не пусьцілі ў будынак, улады — вы пачвары!!!»

Можна напісаць пра якую-небудзь прадавачку, якая аблічыла вас, і напісаць, што побач стаяў вэтэран і плакаў. «Упраўленьне гандлю — вы пачвары!!!» Ці на правадніцу ў цягніку. Ці на міліцыянэра якога-небудзь.

Мо, некалі ў сацыяльных сетках зьявіцца пост, як на ганку каля адміністрацыі прэзыдэнта сядзеў і плакаў вэтэран. Ці нават некалькі.

Алена Германовіч, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930