Знайсці
24.05.2016 / 10:06РусŁacБел

На Гродзеншчыне будуць развіваць балотны футбол

У Гродзенскай вобласці будуць развіваць балотны футбол, паведаміў карэспандэнту БелТА намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч.

«У мінулым годзе мы ўпершыню ў Беларусі правялі спаборніцтвы па гэтым незвычайным відзе спорту. Людзям вельмі спадабалася, таму зараз прапануем актыўна яго развіваць», — сказаў намеснік старшыні аблвыканкама.

Паводле яго слоў, летам у раёнах уладкуюць балотныя палі для трэніровак і сфарміруюць з ліку ахвотных раённыя каманды. Так больш грунтоўна і разам з тым весела ўдзельнікі падрыхтуюцца да другога адкрытага чэмпіянату вобласці па балотным футболе, які правядуць на Аўгустоўскім канале ў жніўні.

Каманды «футбалістаў» з пяці чалавек і брамнік павінны будуць пазмагацца за перамогу, бегаючы ў гразі не менш за 10 хвілін. Папярэднія спаборніцтвы паказалі, што гэта не такое і простае выпрабаванне, патрэбна пэўная падрыхтоўка і веданне правілаў. Пераможцаў вызначалі не толькі па заробленым ачках, але і па ступені забруджвання гульцоў.

Другі адкрыты чэмпіянат Гродзенскай вобласці зноў правядуць у жніўні каля шлюза «Дамброўка» падчас фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», які з'яўляецца адным з самых папулярных мерапрыемстваў у турысцка-рэкрэацыйным парку ўжо больш за 15 гадоў. Адкрыты фармат спаборніцтваў мае на ўвазе ўдзел не толькі раённых зборных, але і ўсіх ахвотных каманд. У першым чэмпіянаце па балотным футболе ў мінулым годзе ў гразі спаборнічалі 20 мужчынскіх і 4 жаночыя каманды. Чакаецца, што ў другім спартыўным свяце таксама будуць удзельнічаць каманды з Польшчы і Літвы.

Балотны футбол як асобны від спорту з'явіўся спачатку ў скандынаўскіх краінах. Сёння ён папулярны практычна ва ўсёй Еўропе. Правілы гульні нагадваюць чымсьці традыцыйны футбол, а таксама рэгбі і нават хакей. Гэты від спорту заўзятары і самі ўдзельнікі лічаць адным з самых відовішчных і цікавых.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера