Знайсці
23.05.2016 / 13:5121РусŁacБел

«Мы гэтага не казалі!» — французы злавілі «Расію-24» на абсалютнай хлусні

Французскія журналісты пераклалі на родную мову сюжэт «аб еўраскептыках» з праграмы Дзмітрыя Кісялёва.

Папулярная перадача Le Petit Journal французскага тэлеканала Canal+, якая пераказвае ў стылі сатырычнага інфатэйтменту навіны дня, распавяла, як перадаюць навіны з Францыі расійскія тэлеканалы і, у прыватнасці, канал «Россія 24». Журналісты прааналізавалі структуру выпуску праграмы «Весті неделі» Дзмітрыя Кісялёва ад 15 мая, а затым сустрэліся з людзьмі, якіх інтэрв'юіруюць работнікі расійскага ТБ.

На сайце «Россіі-24» сюжэт праграмы «Весті неделі» пра сітуацыю ў Францыі пачынаецца на 52-й хвіліне і займае каля 10 хвілін.

Галоўная тэма заяўлена як «рост руху еўраскептыкаў у Францыі». Тым не менш каманда ў асноўным здымала маніфестацыі незадаволеных новым законам аб працы і інтэрв'юіравала маніфестантаў, якія адказвалі менавіта ў гэтым кантэксце, нічога не кажучы ні пра Еўропу, ні пра «еўраскептыцызм».

Калі журналісты Le Petit Journal паказалі героям сюжэту пераклад іх уласных слоў, тыя практычна не пабачылі сказанага імі.

«Гэта жахліва, агідна і абразліва, што мае словы пераклалі такім чынам. Гэта нават не памылковы пераклад — гэтыя словы цалкам выдуманыя», — кажа адна з апытаных, якая пасля таго, як яе словы падверглі «перакладу», стала «сцвярджаць», што баіцца мігрантаў. «Не, я зусім не баюся мігрантаў. Я сказала ім, што адчуваю сябе ў бяспецы, і што пытанне мігрантаў для мяне ніяк не звязана з пачуццём небяспекі, і што я за тое, каб мы прымалі людзей, якія бягуць з краіны, дзе ідзе вайна», — каментуе яна перадачу Дзмітрыя Кісялёва.

«Вы несумленны чалавек, мяне выставілі расісткай», — звяртаецца старая жанчына да расійскага журналіста, прагледзеўшы сваё інтэрв'ю.

Інтэрв'ю гэтай пенсіянеркі, былой супрацоўніцы мэрыі Нуазі-Лё-Сэк, з дванаццаці хвілін сюжэту займае амаль шэсць. Арыгінальны тэкст добра чуваць пад перакладам, пажылая жанчына спрабуе растлумачыць журналісту палітыка-эканамічную сітуацыю, якая склалася ў небагатым прыгарадзе Парыжа.

Антон Лядаў, які працуе для праграмы «Весті» на прыблізнай французскай мове накіроўвае размову ў патрэбнае яму рэчышча: «Колькі ў вас тут мячэцяў?», «Вы ж павінны плаціць за гэтых людзей вашымі падаткамі?», і настойвае, каб яго суразмоўніца ацаніла колькасць мігрантаў, якія пражываюць у горадзе.

У адказ у сюжэце праграмы пажылая жанчына «кажа»: «Мяне накіравалі на пенсію, і ў гэты ж час нанялі траіх мігрантаў, з Алжыра, Турцыі…». Пасля ўбачанага расійскага сюжэту, пенсіянерка была здзіўленая. «Гэта хлусня і вельмі няправільная інтэрпрэтацыя маіх словаў», — патлумачыла яна журналісту Le Petit Journal. У сюжэце, які можна знайсці на сайце «Россіі-24», гэтых слоў ужо няма.

У той частцы, дзе журналіст пытаецца пра мігрантаў, яна згадвае і выхадцаў з Магрыба, і ўраджэнцаў Партугаліі і Іспаніі. Le Petit Journal сцвярджае, што пасля іх публікацыі «Россія-24» спачатку зусім зняла сюжэт з сайта, а затым паставіла зноў, але ўжо з выпраўленнямі.

Яшчэ ў адным эпізодзе ідзе гаворка пра будынак ліцэя ў 19-й акрузе Парыжа, які, па словах журналіста, занялі «мігранты», так што ўладам давялося выселіць адтуль школу. Мэр 19-й акругі, да якога звярнуўся Le Petit Journal, паведаміў, што будынак «пуставаў з 2011 года, гэта значыць задоўга да міграцыйнага крызісу».

Акрамя «звычайных французаў», для сюжэту былі праінтэрвюіраваны два палітыкі. Прагледзеўшы «пераклад» сваіх слоў, былы міністр Бруно Лё Мэр выказаў пажаданне, каб расейскія тэлеканалы не выразалі яго слоў і перадавалі іх дакладна. Паказанае «не падобна да таго, што я сказаў», — заявіў ён журналістам Le Petit Journal. У перакладзе асаблівы акцэнт робіцца на фразе «Мы павінны больш супрацоўнічаць з Расеяй». Перад з'яўленнем яшчэ аднаго палітыка — Жана-Мары Ле Пена — вядучы кажа: «Ужо цяпер у гэтай выснове няма ніякіх сумневаў».

І заключае: «Пасыл ясны. З-за Еўропы ў Францыі людзі ламаюць усё запар на вуліцах, дэмакратыі больш няма, мігранты ўсіх трымаюць у страху, займаюць французскія працоўныя месцы і французскія школы. Застаецца адно выйсце — гэта Расея».

rfi.fr

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930