Знайсці
30.04.2016 / 12:224РусŁacБел

Вакансіі красавіка: хто патрабуецца і на якія заробкі

Дзе ў нас сапраўды стабільнасць, дык гэта на рынку працы.

Сталіца: айцішнікі і дырэктары

У Мінску ўсё як звычайна: сталічным кампаніям людзі патрэбныя. Але, калі вы хочаце зарабіць добрыя грошы, то тут фактычна два шляхі: ці то ў айцішнікі, ці то ў дырэктары. На ваш густ.

Вакансій айцішнікаў сапраўды шмат. Звычайна патрабуюцца распрацоўнікі мабільных дадаткаў, заробак прапануюць 2—3,5 тысячы долараў. Але, у залежнасці ад вашых ведаў ці канкрэтных патрабаванняў, можна знайсці вакансіі дзе абяцаюць і да 5 тысяч.

Таксама, IT-кампаніі шукаюць менеджараў праектаў і менеджараў для прасоўвання сваіх прадуктаў. Заробак традыцыйна неблагі: да 3500 долараў.

Таксама патрэбныя кіраўнікі, які будуць весці беларуска-кітайскі бізнэс. Напрыклад, калі вы ведаеце кітайскую мову ў дасканаласці, ведаеце асаблівасці кітайскіх рынкаў тавараў і паслуг і згодныя на ненармаваны працоўны дзень, то можаце разлічваць на 70 мільёнаў рублёў.

Кіроўца-міжнароднік можа прывозіць дамоў 2 тысячы долараў штомесяц. Калі мае правы катэгорыі С і Е.

Галоўны інжынер праекта ў будаўнічай кампаніі — пры ўмове вопыту ад 6 гадоў — зможа зарабляць ад 30 мільёнаў.

Таксама, калі хтосьці не супраць стаць менеджарам па продажах бялковай сыравіны, то такому супрацоўніку абяцаюць плаціць ад 20 мільёнаў рублёў. І нават аплоцяць мабільную сувязь.

Нармальны заробак прапануюць і доктару-генетыку. Праўда, таму патрэбна быць «лідарам думак» (што б гэта ні значыла). Такому генетыку можна разлічваць на працу ў беларускай філіяі расійскай кампаніі. Плаціць будуць ад 15 да 25 мільёнаў.

Праўда, патрэбныя і тыя, хто ўмее добра працаваць рукамі. Можа вы маеце высокія навыкі паўаўтаматычнай / ручной або аргонавай зваркі, чытаеце і разумеце чарцяжы? А то тут абяцаюць ад 16 да 28 мільёнаў звычайнаму зваршчыку (калі аб’ява не хлусіць, канечне).

Але асноўная маса аб’яваў прапануюць заробкі зусім не такія. За апошнія 30 дзён у сталіцы з’явілася 522 вакансіі, дзе можна зарабіць больш за 20 мільёнаў. Ад 15 мільёнаў абяцаюць у 1023 вакансіях, ад 10 — у 2200. Але большасць — гэта аб’явы, дзе пазначаны заробак ад 4 да 10 мільёнаў. Гэта як звычайна, настаўнікі, будаўнікі, дактары. Сацыяльныя работнікі, як звычайна, знаходзяцца ў самым нізе — ім абяцаюць 2—2,5 мільёна рублёў. Прасцей ужо пайсці ў прыбіральшчыцы — тут можна зарабіць 3—3,5 мільёны. А калі сумяшчаць пасаду прыбіральшчыцы і мыць посуд, як гэта прапануюць у адным з мінскіх сушы-бараў, то можна зарабіць ажно 6 мільёнаў. Для параўнання, дырэктару дзіцячага садка ў Гомельскай вобласці, абяцаюць у два разы меншы заробак — 2,8 мільёна.

У абласцях: ізноў айцішнікі

У абласных цэнтрах лідары па заробку — таксама праграмісты і ншыя супрацоўнікі IT-сферы. Але тут ёсць і свае асаблівасці. Так, у Брэсце ўсяго толькі 16 вакансій, у якіх пазначаны заробак большы за 20 мільёнаў. Акрамя айцішнікаў у ім — кіроўцы-міжнароднікі. У Віцебску такіх аб’яваў 14: айцішнікі, кіроўцы-міжнароднікі і аддзелачнікі. У Гомелі — айцішнікі, намеснікі дырэктара і — праўда тут са сваёй машынай — кіроўца таксі (усяго 24 аб’явы). Прыкладна тое ж сама і ў Гродна і Магілёве. Паўсюль нармальныя грошы могуць зарабіць пераважна айцішнікі. І, часам, хто-небудзь іншы.

Дарэчы, часам «бюджэтнікі» могуць падзарабіць на прыватных курсах. Так, напрыклад, у Гомелі шмат вакансій для выкладчыкаў: гісторыя, фізіка, псіхалогія. Праўда, заробак для такіх спецыялістаў не ўказаны, пішуць: «па дамоўленасці».

Акцёр? Атрымай 120 долараў

Акцёры, артысты (драмы, хора, балета) — могуць разлічваць у асноўным на 2,5 мільёна. Тут у параўнанні з мінулым месяцам таксама нічога не змянілася. Тым, хто ўмее спяваць, — прасцей. Так, напрыклад, бэк-вакалістка ў начным каракое ў Мінску можа атрымліваць каля 7—8 мільёнаў у месяц. Працаваць прыйдзецца 2 дні праз 2. Плюс накормяць.

Паліглот на 8 мільёнаў

У маленькіх гарадах заробкі ўвогуле незразумелыя. Так, напрыклад, вэб-распрацоўшчыку ў Оршы прапануюць ад трох мільёнаў рублёў. Дырэктару вінаробнага заводу ў Полацку — 10 мільёнаў. А намеснік дырэктара на адным з прадпрыемстваў таго ж Полацка можа атрымаць 8 мільёнаў. Пры гэтым, веданне англійскай, азербайджанскай, турэцкай — абавязковае. А інжынер у Слуцку можа разлічваць на 4 мільёны (адзначым, што прыкладна столькі абяцаюць і трактарыстам).

Больш вакансій шукайце тут

Уладзіслаў Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930