Знайсці
29.04.2016 / 15:139РусŁacБел

Дзмітрый з будаўнічага крана: «Мяне зразумелі і адпусцілі дадому»

Раніцай 29 красавіка адчайны віцебскі будаўнік Дзмітрый Сталяроў вяртаецца цягніком дадому. За дзень да гэтага на будаўніцтве стадыёна «Дынама» ён ладзіць дзёрзкую і эфектную акцыю пратэсту: лезе на высачэзны вежавы кран і патрабуе выплаты заробку. Увечары Сталяроў спускаецца на зямлю, яго затрымліваюць пераапранутыя сілавікі і вязуць у Ленінскае РУУС Мінска. Што адбывалася далей, герой гісторыі расказвае Еўрарадыё.

«Паставіліся да мяне з разуменнем. Я ім перадаў дакументы і расказаў аб сваёй праблеме ў падрабязнасцях. Некаторыя факты адразу ж пацвердзіліся. І мяне адпусцілі, паабяцалі, што разбяруцца, прымуць меры. Сеў на цягнік і раніцай быў ужо ў Віцебску. Сёння мне тэлефануюць з разнастайных праваахоўных органаў, збіраюць інфармацыю і паперы, каб аказаць мне юрыдычную дапамогу і прыняць меры».

Еўрарадыё: Учора вы не змаглі расказаць журналістам, што падштурхнула вас да такога ўчынку. Было вядома толькі пра выйграны вамі суд і што вам так і не вярнулі грошы.

Дзмітрый Сталяроў: Праблема ў тым, што будаўнічыя фірмы падманваюць людзей, якія працуюць не першы дзень і робяць справу якасна, сумленна. З ААТ «ДзвенскБуд» я судзіўся каля сямі месяцаў. Там было шмат пытанняў, спачатку справу пакідалі без разгляду. У выніку па адной з заяваў было рашэнне (брыгадзе Сталярова пастанавілі сплаціць 64 мільёны — Еўрарадыё). Але мер па выняцці гэтых грошай не праводзілася. Інвестар не плаціў генпадрадчыку. Генпадрадчык, у сваю чаргу, не плаціць мне. Фірма падала на ліквідацыю. Судовыя выканаўцы разводзілі рукамі. 

Еўрарадыё: Гэта адзіная прычына, чаму вы паехалі ў Мінск?

Дзмітрый Сталяроў: З фактамі несправядлівасці мы сутыкнуліся і ў ТАА «Зорбуд». Грошы выплацілі, але не ўсе. Я працу сваю выканаў добра, а яны не палічылі патрэбным нармальна расплаціцца, скарысталіся цяжкім часам, калі няпроста весці бізнес. Але і гэта не ўсё… Больш за месяц я і яшчэ адзін таварыш працавалі з ААТ «Юніт-Альянс». І там з намі не разлічыліся, звольнілі вельмі дзіўным чынам. Карацей, у маім жыцці была вельмі працяглая чорная паласа.

Еўрарадыё: З падачы мінскай міліцыі разышлася інфармацыя, што вы — раней судзімы.

Дзмітрый Сталяроў: Гэта няпраўда. Судзімы — гэта калі ёсць рашэнне суда. У мяне яшчэ суда не было. Я зараз праходжу па справе як абвінавачаны. Мяркую, што тыдні праз два пачнецца суд.

Еўрарадыё: У чым акалічнасці гэтай крымінальнай справы?

Дзмітрый Сталяроў: Гэта звязана з фірмай «Зорбуд», пра якую я вам ужо расказваў.

Еўрарадыё: Наколькі вядома, вам не выплачвалі зарплату, і вы вырашылі прыхапіць іх будаўнічы інструмент…

Дзмітрый Сталяроў: Калі быць дакладным, то здзейсніў крадзеж. Гэты ўчынак кваліфікавалі па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса.

Еўрарадыё: Упершыню чуем, каб абвінавачаны вось так проста казаў, што здзейсніў крадзеж.

Дзмітрый Сталяроў: Гэта ўжо ўстаноўлена. Ёсць пэўныя факты. Што тут утойваць? Жыццё не такое доўгае, каб я вас падманваў. Аднак самі разумееце, што мяне падштурхнула здзейсніць гэтае правапарушэнне, нават злачынства, можна сказаць.

Еўрарадыё: Ці праўда, што вы служылі ў АМАПе?

Дзмітрый Сталяроў: Пасля войска чатыры месяцы быў там на стажыроўцы. Уладкоўваўся на службу, але ў выніку туды не трапіў. Потым жыццё з міліцыяй вырашыў не звязваць і пайшоў у будаўнічую сферу.

 

Яўген Валошын, Еўрарадыё

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930