Знайсці
24.02.2016 / 12:212РусŁacБел

«Дзеяслоў» апублікаваў невядомы твор Васіля Быкава, як з ім змагаўся КДБ

24 лютага ў кнігарні «Галіяфы» адбудзецца прэзэнтацыя невядомага твору Васіля Быкава — апавяданьня «У тую вясну…» Рукапіс перадала ў часопіс «Дзеяслоў» удава народнага пісьменьніка Ірына Міхайлаўна Быкава.

Галоўны рэдактар «Дзеяслову», старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, апавёў, што рукапіс быў бяз назвы:

«На ім чыёйсьці рукой, мажліва, і самога Быкава, была толькі пазначаная дата: «89 г.». Расповед у тэксце вёўся ад самога героя, прычым вельмі шчыра, асабіста, і можна было падумаць, што гэта быў першы падыход Васіля Ўладзімеравіча да напісаньня біяграфічных успамінаў, якія сталі потым кнігай «Доўгая дарога дадому».

У 2000-я гады «Дзеяслоў» рэгулярна друкаваў спадчыну Васіля Быкава. Асабліва гэты працэс актывізаваўся ў часе падрыхтоўкі збору твораў клясыка ў 14 тамах. Да гэтага моманту лічылася, што ўся напісаная Быкавым проза апублікаваная. Але знайшоўся яшчэ адзін твор — аповед «У тую вясну…», які апублікаваны ў № 80 «Дзеяслова».

Асновай апавяданьня зьяўляецца расказ выпадкова сустрэтага героем гарадзенскага кадэбіста. Знаходзячыся за пару крокаў ад сьмерці, кадэбіст вырашае даверыцца санаторнаму знаёмцу і апавесьці пра сваё колішняе змаганьне з гарадзенскімі дысыдэнтамі Аляксеем Карпюком і Васілём Быкавым.

Апублікаванае ў «Дзеяслове» апавяданьне стваралася падчас перабудовы, калі Васіль Быкаў яшчэ не пачынаў задумвацца пра напісаньне мэмуараў. Магчыма, пісьменнік хацеў зрабіць забароненыя старонкі сваёй гарадзенскай біяграфіі асновай для мастацкага твору. Але штосьці спыніла Быкава на паўдарозе, мяркуе Барыс Пятровіч.

«Вельмі шкада, што Васіль Уладзімеравіч, пачаўшы пісаць гэты тэкст яшчэ ў 1989 годзе, так да яго больш і не вярнуўся, ня скончыў, — адзначае Барыс Пятровіч. — Цікава, што яшчэ расказаў яму той «супрацоўнік» і якія былі ягоныя камэнтары. І ўва што потым, пасьля дапрацоўкі, ператварыўся б гэты запіс: у мастацкі твор ці ўсё ж перамагла б дакумэнтальнасць? Па вялікім рахунку, сёньня ўжо гэта няважна. «Дзеяслоў» друкуе тэкст бязь зьменаў, у такім выглядзе і правапісе, як напісаў яго Васіль Уладзімеравіч. І справа дасьледчыкаў-літаратуразнаўцаў рабіць высновы, што гэта ёсьць і што магло б быць».

Сьвежы нумар часопіса «Дзеяслоў» зь невядомым апавяданьнем Васіля Быкава будзе прэзэнтаваны падчас уручэньня традыцыйнай «дзеяслоўскай» літаратурнай прэміі «Залаты апостраф» у кнігарні «Галіяфы» 24 лютага. Пачатак імпрэзы — а 19-й гадзіне.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930