Знайсці
20.02.2016 / 14:0425РусŁacБел

Як выглядаюць мінскія катэджы, якія купілі за $500 тысяч і даражэй? Экстэр'еры і інтэр'еры

У каталогах агенцтваў нерухомасці дзясяткі прапановаў аб продажы элітных катэджаў. Гаспадары просяць за іх шалёныя грошы — часам нават больш за $2 мільёны. Прадаць жыллё за такія сумы маларэальна, аднак некаторым удаецца.

«Наша Ніва» прааналізавала інфармацыю Нацыянальнага кадастравага агенцтва за 2015 год: якія заключаныя ўгоды былі самымі дарагімі?

1. Вуліца Ржавецкая, 32, раён «Мінск-Арэны» — $2,2 мільёна

Плошча дома: 755 м2
Плошча надзела: 13 сотак.

Катэдж у раёне «Мінск-Арэны» дастаўся «Кітайскай карпарацыі па будаўніцтве дарог і мастоў». Гэта генеральны падрадчык на рэканструкцыі трасы Мінск—Гомель. Будынак выкарыстоўваецца як офіс кампаніі, пра што сведчыць шыльда на варотах.

2. Вуліца Крупецкая, Дразды — $1,3 мільёна

Плошча дома: 316 м2
Плошча надзела: 7,6 соткі.

У Драздах ёсць два тыпы дамоў. Першую палову складаюць катэджы чыноўнікаў на зямлі, атрыманай ад дзяржавы. Другую — жыллё бізнэсоўцаў, якія выкуплялі надзелы самі. На продаж пераважна выстаўляецца менавіта гэтая нерухомасць.

Катэдж на вуліцы Крупецкай прадаваўся за $1,8 мільёна, але ранейшы гаспадар скінуў цану.

«Падлогі — натуральны камень і дубовы паркет. Кіназала. Цёплы гараж на дзве машыны», — гаварылася ў аб’яве аб продажы. У двары дома бонус — басейн з падагрэвам.

3. Вёска Юхнаўка, 15 км ад Мінска — $1 мільён

Плошча дома: 410 м2
Плошча надзела: 25 сотак.

Катэдж у Юхнаўцы — унікальны сярод пералічаных катэджаў адразу па некалькіх пазіцыях.

Гэта адзіны дом на адлегласці ад Мінска. Ён таксама — адзіны драўляны.

Ну і ў дадатак, гэта адзіны з пералічаных катэджаў, уласнікам якога стаў грамадзянін Расіі.

4. Залаты завулак, 15, Дразды — $980 тысяч

Плошча дома: 485 м2
Плошча надзела: 9,4 соткі.

Здымкаў інтэр’ераў няма, бо хваліцца пакуль няма чым. Дом прадаваўся без зробленага рамонту, проста з чарнавой аддзелкай. Таму і цана ніжэйшая, чым на суседняй Крупецкай вуліцы. Зрэшты, стартавы кошт складаў $1,3 мільёна.

На Залатым завулку можна займець статусных суседзяў: побач жывуць былы міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў і вялікі прыхільнік сталінскай эканамічнай палітыкі Сяргей Ткачоў, былы дарадца Лукашэнкі.

5. Вуліца Пастаўская, 24, Цна — $560 тысяч

Плошча дома: 513 м2
Плошча надзела: 13 сотак

Катэдж арыгінальнага выгляду, набыты ў кастрычніку 2015 года, не прынёс радасці новай гаспадыні. Менш чым праз два месяцы на яе была заведзеная крымінальная справа, таму на дом цяпер накладзены арышт.

6. Вуліца Цяплічная, 36а, раён Нацыянальнай бібліятэкі — $550 000

Плошча дома: 378 м2
Плошча надзела: 7 сотак

З гэтым домам адбылася дзіўная гісторыя. У пачатку 2015 года яго набылі за $550 тысяч. А ў канцы года гаспадар змяніўся яшчэ раз, вось толькі кошт катэджа абваліўся да $180 тысяч. Праўда, пры рэгістрацыі дамовы можна ўказваць адвольныя сумы.

7. Вуліца Бурштынавая, 19, Зацань — $510 000

Плошча дома: 263,5 м2
Плошча надзела: 12,3 соткі

Дом нічым не адметны сярод суседніх, ды яшчэ і самы маленькі па памеры. Арыгінальная спроба дадаткова абараніць маёмасць: паводле дакументаў, гаспадары дома — двух- і трохгадовыя дзеці.

Бонус: вуліца Вяснінка, 3 — $450 тысяч

Плошча дома: пад знос
Плошча надзела: 11,4 соткі

Пацвярджэнне рэкордных цэн у «Драздах-2». Драўляную вясковую хату з некалькімі паветкамі набылі за $450 тысяч. Дом, вядома ж, пойдзе пад знос. Вялікія грошы плацяць за зямлю.

Ягор Марціновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930