Знайсці
04.02.2016 / 17:027РусŁacБел

У Бруселі ідуць дыскусіі па пытанні санкцый у дачыненні да Беларусі

У Еўрасаюзе актывізавалася дыскусія пра далейшы лёс абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі. Такую выснову можна зрабіць з адказаў знешнепалітычных ведамстваў краін ЕС на просьбу БелаПАН паведаміць аб пазіцыі сваіх дзяржаў па гэтым пытанні.

Так, прэс-сакратар МЗС Латвіі Райманд Янсанс паведаміў, што на гэтым тыдні ў Бруселі пачаліся дыскусіі па пытанні санкцый у дачыненні да Беларусі. Латвія, паводле яго слоў, пазітыўна ацэньвае захады, зробленыя беларускім бокам па паляпшэнні адносін з ЕС. «Саспела сітуацыя для перагляду санкцый у дачыненні да Беларусі. Гэты пункт гледжання мы будзем адстойваць і ў Бруселі», — сказаў Янсанс.

У дэпартаменце інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю МЗС Літвы падкрэслілі: «Вызваленне палітвязняў у Беларусі ўжо дазволіла прыпыніць і, хочацца верыць, у самай найбліжэйшай перспектыве зробіць магчымай адмену абмежавальных мер у дачыненні да фізічных і юрыдычных асобаў Беларусі (за выключэннем мер у дачыненні да асоб, якія датычныя да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999—2000 гадах, і эмбарга на пастаўкі ўзбраення)».

Літва, адзначылі ў МЗС, цэніць «збалансаваны падыход беларускіх уладаў па непрызнанні расійскай анексіі Крыма і «незалежнасці» сепаратысцкіх рэжымаў у Паўднёвай Асеціі і Абхазіі», ролю Беларусі ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, а таксама захады, прынятыя Мінскам у апошнія гады па ўмацаванні адносін з ЕС. Да такіх захадаў літоўскае МЗС аднесла «пачатак перамоваў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, партнёрстве па мабільнасці, падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве ў механізме ранняга папярэджання ў энергетычным сектары і далейшы ініцыятыўны ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве».

Аднак, на думку Літвы і многіх іншых дзяржаў — членаў ЕС, «гэтыя захады не вырашаюць усіх праблем Беларусі ў галіне правоў чалавека», падкрэслілі ў літоўскім МЗС. «Яшчэ не рэабілітаваныя былыя палітвязні; выбары (прэзідэнцкія выбары 11 кастрычніка 2015 года), паводле ацэнак БДІПЧ, не адпавядалі міжнародным дэмакратычным стандартам; да гэтага часу ў краіне прымяняецца смяротнае пакаранне; строга абмяжоўваецца і прама кантралюецца з боку ўладаў дзейнасць няўрадавых арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, палітычнай апазіцыі», — канстатуе знешнепалітычнае ведамства Літвы. ЕС чакае далейшых пазітыўных крокаў з боку Беларусі ў галіне адкрытасці і дэмакратызацыі, падкрэслілі ў МЗС.

Там таксама адзначылі, што «канструктыўныя адносіны паміж ЕС і Беларуссю спрыяюць умацаванню двухбаковага дыялогу Літвы і Беларусі». «Аднак на сённяшні дзень ёсць нявырашаныя сур'ёзныя праблемы, звязаныя з будаўніцтвам Астравецкай АЭС у непасрэднай блізкасці ад літоўскай сталіцы і парушэннем міжнародных стандартаў атамнай бяспекі, з дамовай па малым прыгранічным руху, якая не ўвайшла ў сілу, з ігнараваннем прапаноў заключэння Тэхнічнага пратакола аб супрацоўніцтве ў галіне аховы і выкарыстання водных рэсурсаў трансгранічнага басейна ракі Нёман, і па шэрагу іншых пытанняў. Літва разлічвае ў найбліжэйшай будучыні дасягнуць зрухаў ва ўсіх гэтых галінах», — гаворыцца ў адказе літоўскага МЗС.

У сваю чаргу ў МЗС Польшчы адзначылі, што праца па падрыхтоўцы праекта рашэння Савета ЕС па беларускіх санкцыях толькі пачалася. «Гэта значыць любое рашэнне, якое тычыцца працягу, прыпынення або адмены абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі, яшчэ не прынятае. Польшча з'яўляецца актыўным удзельнікам гэтых абмеркаванняў і хацела б знайсці тое рашэнне, якое пойдзе на карысць і ЕС, і Беларусі», — заявілі у прэс-службе польскага МЗС.

Прадстаўнік дэпартамента па камунікацыях МЗС Эстоніі Сандра Камілава паведаміла, што Эстонія знаходзіцца «ў працэсе фінальнага фарміравання сваёй пазіцыі». «У той жа час мы можам пацвердзіць, што адносіны паміж Эстоніяй і Беларуссю паляпшаюцца, і мы сканцэнтраваны на практычным супрацоўніцтве ў розных галінах. Са свайго боку мы спадзяемся, што адносіны паміж Беларуссю і ЕС будуць працягваць паляпшацца і супрацоўніцтва стане больш актыўным», — сказала яна.

У прэс-службах знешнепалітычных ведамстваў Славакіі і Чэхіі адзначылі, што не лічаць магчымым абнародаваць нацыянальную пазіцыю сваіх краін, паколькі выніковае рашэнне Савета ЕС будзе прымацца калектыўна ўсімі краінамі-членамі і на аснове кансенсусу.

«Было б няправільна прадугледжваць рашэнне, робячы нацыянальную пазіцыю публічнай, — заявіў прэс-сакратар МЗС Славакіі Петэр Стана. — Але я магу вас запэўніць, што Славакія надае належную ўвагу сітуацыі ў Беларусі і гатова іграць актыўную ролю ў фарміраванні пазіцыі ЕС па гэтым пытанні».

У прэс-службе МЗС Чэхіі адзначылі: «Мы не можам паведаміць вам нашу пазіцыю загадзя. Тым не менш мы можам запэўніць, што падчас перамоваў мы прымем да ўвагі тыя пазітыўныя крокі, якія зроблены Беларуссю, асабліва вызваленне палітвязняў у жніўні і канструктыўны падыход Беларусі да аднаўлення дыялогу па правах чалавека з ЕС. Аднак адсутнасць далейшых канкрэтных захадаў і захаваныя Беларуссю абмежаванні па павазе правоў чалавека таксама павінны быць прыняты пад увагу».

Нагадаем, да канца лютага ЕС павінен вызначыцца наконт абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі. Цяпер дзейнічае рашэнне аб прыпыненні санкцый супраць 171 фізічнай і 10 юрыдычных асобаў Беларусі, прынятае Еўрасаюзам 31 кастрычніка 2015 года тэрмінам на чатыры месяцы.

15 лютага ў Бруселі пройдзе пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін ЕС, у парадак дня якога ўнесена пытанне па Беларусі. Прадстаўнікі афіцыйнага Мінску неаднаразова заяўлялі, што Беларусь разлічвае на поўную адмену санкцый.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера