Знайсці
30.11.2015 / 21:1413РусŁacБел

Школьніца выкінулася з акна, бо не перамагла на алімпіядзе?

У студзені Машы споўнілася б 15 гадоў.

— Гэта ваша дзіця выпала з акна? — з такім пытаннем міліцыянты пастукалі ў дзверы да жыхаркі Магілёва позна вечарам у суботу. Цётка Машы [імя дзяўчынкі зменена паводле этычных меркаванняў] кінулася на кухню і ўбачыла расчыненае акно … Яе пляменніца выскачыла з 9-га паверха.

Зараз следчыя высвятляюць, чаму дзяўчынка скончыла жыццё самагубствам. Што трывожыла ў апошні час і ці дзялілася яна праблемамі са сваімі блізкімі? Паводле інфармацыі kp.by, Маша вучылася ў 9-м класе магілёўскай гімназіі на выдатна, расла ў шчаслівай сям'і.

У суботу дзяўчынка выступіла на алімпіядзе, але, даведаўшыся вынікі, знервавалася. Школьніца разлічвала на перамогу, аднак апынулася ўсяго толькі ў сярэдзіне спісу ўдзельнікаў.

Паколькі дадому было ехаць позна, а жыве сям'я Машы ў прыгарадзе, дзяўчынка вырашыла заначаваць ў цёткі …

- Цяпер праводзіцца праверка па факце смерці 14-гадовай дзяўчыны. Прызначаныя судова-медыцынская, пасмяротная псіхіа-псіхалагічная экспертызы і іншыя віды экспертных даследаванняў. Паводле папярэдніх дадзеных, смерць падлетка наступіла ад цялесных пашкоджанняў, атрыманых ёю ад падзення з 9-га паверха, — каментуе Аксана Салянюк, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.

«Дзіця павінна ведаць: яно можа памыляцца, але яго заўсёды падтрымаюць»

На жаль, за мінулы тыдзень тры дзяўчынкі-падлеткі здзейснілі самагубства. У панядзелак, 23 лістапада, у Барысаве знайшлі павешанай 15-гадовую школьніцу. Літаральна праз некалькі дзён скончыла жыццё самагубствам дзесяцікласніца з Кобрынскага раёна. Напярэдадні школьніца пасварылася з мамай і вырашыла звесці рахункі з жыццём. А ў суботу не стала Машы.

— У падлеткавым узросце маладыя людзі яшчэ не дарослыя, але ўжо і не дзеці. Аднак бацькі часта жывуць уяўленнем аб тым, што выхоўваюць дзяцей, і яны не перабудоўваюцца, не гатовыя да таго, што ў падлетка з'яўляецца ўласнае меркаванне, здольнасць спрачацца, даказваць свой пункт гледжання. Бо гэта не паказчык таго, што ён становіцца непаслухмяным, некіравальным. Гэта сведчыць аб тым, што дзіця пачынае сталець, — распавядае kp.by намеснік галоўнага доктара, кіраўнік Мінскага гарадскога цэнтра памежных станаў Сяргей Давідоўскі. — Акрамя таго, часта дарослыя хочуць, каб дзеці былі лепшыя за іх. Гэта значыць, лепш вучыліся, больш ведалі. Пры гэтым не вельмі задумваюцца над тым: ці ёсць наогул у дзіцяці перадумовы для гэтага?

Многія бацькі максімалісты і сваімі жорсткімі правіламі, патрабаваннямі і суровым выхаваннем дамагаюцца толькі таго, што дзеці пачынаюць ад іх аддаляцца. Яны проста баяцца прызнацца ў сваіх памылках, промахах.

Важна, каб падлетак не баяўся распавядаць пра свае няўдачы. Ён заўсёды звяртае ўвагу на тое, як паводзяць сябе бацькі ў крытычнай сітуацыі.

Калі лаюць і караюць — падлетак аддаляецца, калі слухаюць і спрабуюць разам знайсці выхад, то ў наступны раз ён таксама звернецца па дапамогу.

Трэба даць зразумець: «Ты можаш памыліцца, але цябе зразумеюць, падтрымаюць. Галоўнае не тое, што здарылася, а тое, як нам разам выйсці з цяжкай сітуацыі».

Таму не варта казаць такіх асуджаючых фраз: «Як ты мог гэта зрабіць? Пра што ты думаў?» Гэта толькі ўзмоцніць пачуццё віны, і ў наступны раз падлетак зачыніцца ў сабе і нічога не раскажа.

Кацярына Барысевіч, kp.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера