Знайсці
30.11.2015 / 20:204РусŁacБел

Мальдзіс перакананы, што другі том «Каласоў» Караткевіча існаваў, Верабей — што не

Падчас сьвяткаваньня 85-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча зноў актыўна стала абмяркоўвацца пытаньне, ці дапісаў пісьменьнік другі том «Каласоў пад сярпом тваім».

У прыватнасьці, днямі ў Горадні на імпрэзе, прысьвечанай Караткевічу, малады дасьледчык Дзяніс Марціновіч выказаў меркаваньне, што «Каласы пад сярпом тваім» мелі працяг і што адной зь яго частак магло быць апавяданьне, вядомае сёньня пад назвай «Сіняя-сіняя». Гарадзенскі прафэсар Аляксей Пяткевіч, які сябраваў зь пісьменьнікам, лічыць, што раман быў завершаны, але рукапіс выкралі «адпаведныя службы».

Радыё Свабода зьвярнулася да двух дасьледчыкаў творчасьці Караткевіча — прафэсара Адама Мальдзіса і кандыдата філялягічных навук, укладальніка 25-томнага збору твораў Караткевіча Анатоля Вераб’я. Яны выказалі супрацьлеглыя меркаваньні.

Прафэсар Адам Мальдзіс перакананы, што другі том Караткевіч дапісаў:

«Гэта не мая вэрсія, гэта словы самога Ўладзімера Караткевіча. Калі ў выдавецтва «Мастацкая літаратура» дырэктарам прыйшоў Міхась Дубянецкі, ён пасябраваў з Караткевічам, і яны склалі плян другога выданьня твораў Уладзімера Караткевіча. Караткевіч у той плян паставіў тое, што існавала ў натуры. Дык вось, Дубянецкі сказаў, што Караткевіч уставіў туды ўжо завершаны другі том «Каласоў пад сярпом тваім».

Потым я быў у Караткевіча летам 1982 году, калі ён вярнуўся з Крыма. Яны там разам у чэрвені 1982 года з Валянцінай Браніславаўнай, сваёй жонкай, адпачывалі ў Кактэбэлі. Караткевіч палез, здаецца, на Аю-Даг, а можа, і на іншую гару, але гэта дакладна было — зваліўся, праляжаў пэўны час у шпіталі ў Сімфэропалі. А ключы ад менскай кватэры Караткевічаў былі ў родзіча жонкі Валянціны Браніславаўны, які павінен быў паліваць кветкі, прыглядаць за кватэрай. Я ягонае прозьвішча не называю наўмысна, бо поўнай гарантыі, што ён быў саўдзельнікам гэтай акцыі абрабаваньня кватэры, я не магу даць. Трэба, каб гэтым заняліся юрысты.

Дык вось, калі Караткевіч вярнуўся з Крыму, я быў у яго ў гасьцях. Караткевіч жыў тады на Карла Маркса, хоць гэта і далекавата ад майго дому, мы сябравалі, часьцяком бывалі адзін у аднаго ў гасьцях. І Валянціна Браніславаўна тады лямантавала, што кватэру абрабавалі, пакралі залатыя лыжачкі, яшчэ сёе-тое каштоўнае. А Валодзя тады сказаў: маўляў, лыжачкі — гэта дробязь, глупства, гэта ўсё можна купіць. «Яны ведалі, што браць, і ўдарылі мяне пад дых». Прычым Валодзя гэта з націскам сказаў. Валянціна Браніславаўна тады не запратэставала, хоць чалавекам, які меў ключы ад кватэры, быў яе родзіч, а не яго. Хто там адчыняў дзьверы? Фактычна гэта быў рабунак, крадзеж. Інакш я б пра гэта не пісаў у сваёй кніжцы, калі б не прысутнічаў пры такой размове. Гэта азначае — ведалі, што браць, ударылі па самаму дарагому. Канечне, мэтай абрабаваньня былі ня нейкія матэрыяльныя каштоўнасьці, а менавіта рукапісы.

Ці захаваліся яны дагэтуль, ці існуюць на сьвеце, ці былі зьнішчаны з-за няведаньня каштоўнасьці, ці зь нейкай іншай прычыны — я не магу сёньня сказаць. Але мне верыцца, што мы некалі знойдзем другі том «Каласоў…», і ён увойдзе ў амаль поўны збор 25-томны, які цяпер рыхтуе Анатоль Верабей і які выходзіць у той жа «Мастацкай літаратуры»».

— Адам Ёсіпавіч, на вашу думку, каму гэта было трэба? Гэта справа рук чэкістаў, «пільных органаў»?

«Не абавязкова! Ёсьць людзі, якія крадуць рукапісы, ведаючы, што праз гады яны змогуць прадаць іх значна даражэй, чым гэтыя залатыя лыжачкі. Гэты чалавек, які нёс вахту ў кватэры Караткевічаў, ён таксама з інтэлігенцыі, але хто яго ведае… Я ўсё ж такі аптыміст, і думаю, што альбо ў першым варыянце, пра які вы гаварылі, ці ў другім, пра які я казаў, гэты рукапіс знойдзецца. Рукапісы не гараць, як казаў клясык».

Дасьледчык творчасьці Ўладзімера Караткевіча, укладальнік 25-тамовага выданьня твораў Караткевіча Анатоль Верабей у сваёй кнізе «Ўладзімер Караткевіч. Жыцьцё і творчасьць» сваю пазыцыю выказаў яшчэ ў 2005 годзе і паўтарае цяпер — архіўныя матэрыялы, дасьледаваньні не дазваляюць сьцьвярджаць, што раман быў завершаны:

«Я выказваю думку, што ён раман не напісаў. Магчыма, іншыя творы занялі яго час: ён пачаў пісаць «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», пісаў сцэнары. Дарэчы, ёсьць і іншая прычына, гэта ёсьць і ў дзёньніках, і я ў сваёй кніжцы выказваў меркаваньне — што трэба было знайсьці іншыя падыходы і паказаць паўстаньне Каліноўскага: там і разгромы, і падлогі, і здрады, і іншае… Нейкія новыя мастацкія сродкі трэба было шукаць. І я сьцьвярджаю, што Караткевіч у пэўнай ступені гэтыя задачы выканаў у п’есе «Кастусь Каліноўскі», дзе паказаў само паўстаньне, і адно з такіх глябальных пытаньняў — сяляне і шляхта, маўляў, «мужыкі не падтрымалі шляхту». Дарэчы, яно закранаецца і ў рамане «Каласы пад сярпом тваім».

І ўсё ж такі, я лічу, што ён не напісаў другі том. У 1981 годзе Караткевіч напісаў расьпіску тагачаснаму дырэктару выдавецтва «Мастацкая літаратура» Міхасю Дубянецкаму: «Абавязуюся здаць канец «Каласоў» М. Ф. Дубянецкаму ў канцы сьнежня 1982 года. Ул. Караткевіч. 5 сакавіка 82 года. Плян выхаду — 84 год (83 — рэдпадрыхтоўка). 44 аркушы. На машынцы 1000 старонак. 4 ст. на дзень».

Але і ягоная ўласная хвароба, і сьмерць жонкі не дазволілі дапісаць раман. Гэта мая пазыцыя, маё перакананьне. «Палеская хроніка» Іванам Мележам ня скончаная. А лёс тых жа раманаў 1930-х гадоў, але там неспрыяльныя ўмовы былі — «На чырвоных лядах» Міхася Лынькова ці «Мядзьведзічы» Кандрата Крапівы.

Так, хацелася б, каб Караткевіч скончыў раман, калі скончыў — каб знайшоўся рукапіс. Але я лічу, што асноўная прычына творчая была, і раман Караткевіч ня скончыў».

svaboda.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера