Знайсці
30.11.2015 / 19:5214РусŁacБел

Антаніна Морава: «Мае словы перакруцілі! Тры гады ў дэкрэце — гэта добра»

Апошнімі днямі беларускія СМІ растыражавалі выказванні Антаніны Моравай, сустаршыні Беларускага саюзу жанчыны, былога міністра працы і сацыяльнай абароны. Паведамлялася, што на канферэнцыі, прысвечанай сацыяльнай абароне, Морава заявіла, што трохгадовы дэкрэтны адпачынак для жанчын — гэта марнатраўства. Аднак сама яна сцвярджае, што такога не казала і яе словы перакруцілі.

Антаніна Морава. Фота belgazeta.by. 

«Наша Ніва»: Вы казалі, што жанчынам трэба выходзіць з дэкрэту раней?

Антаніна Морава: Я так не казала, вось у чым рэч! Мае словы сказілі і так далі. Сяджу сёння цэлы дзень і тлумачу, што гэта не мае словы. Я не ведаю, хто гэта сказаў. Я нікому не давала ніякага інтэрв’ю і не разумею, што гэта за выпады ў мой бок. Я не ведаю, што там за дзяўчына была, якая задала мне правакацыйнае пытанне. Я пачала адказваць, але ж дэкрэт і выплаты — гэта сацыяльная гарантыя, якая вызначаная дзяржавай. А я казала, што трэба ісці далей, трэба развіваць сямейную інфраструктуру: садкі, яслі. Вось мая думка, мае словы, за гэта я адказваю.

«НН»:То бок, вы лічыце, што не трэба змяншаць гэты трохгадовы тэрмін?

АМ: Чаму вы ўзяліся за мяне? Што, больш няма аб чым пісаць, ці што? Пяты званок за сёння!

Я ў прынцыпе не магла гэтага сказаць! Я сказала, што перыяд дэкрэту ў нас вялікі — тры гады. Такое толькі ў нас і ў Расіі. Прычым там аплачваюць 1,5 гады, а ў нас усе 3. Да таго ж, мы нядаўна павялічылі памер дапамогі і гэта добра, бо за кошт гэтага павялічылі нараджальнасць, плюс ільготы на жыллё паўплывалі… Гэта я адзначала. А пра адмену ці скарачэнне тэрміну я не казала.

Так, я узгадвала, што жанчыны нярэдка выходзяць з дэкрэту раней па розных прычынах. Хтосьці заклапочаны кар’ерай, ці не хапае грошай сям’і – ёсць і такая нагода.

«НН»:Дык можа трэба неяк павялічыць тыя выплаты? Вы ж самі прызнаяце, што бракуе грошай. Што такое сёння тры мільёны? Менш за 200 даляраў.

АМ: Для гэтага павінны быць сродкі ў дзяржавы. А тры мільёны — дык за тры мільёны сёння і на працу не так проста ўладкавацца, калі вы ведаеце! Сёння рынак працы дастаткова напружаны.

«НН»:Вы лічыце, што гэта дастатковая сума?

АМ: Я кажу, што ёсць такія сем’і, якія вырашаюць, што жанчына павінна пайсці на працу, каб кар’ера яе не спынялася. І каб больш грошай было ў сям’і, бо і кватэру хочацца, і хочацца мець і іншыя даброты, тут нічога дрэннага няма. А вось каб далей дапамагчы гэтым людзям, калі жанчына раней хоча выйсці на працу, трэба развіваць сямейную інфраструктуру.

«НН»:Дык ці можа дзяржава павысіць гэтыя выплаты?

АМ: Гэта вы не ў мяне пытайцеся. Можа і можна, але яны павінны быць адраснымі. Можна зрабіць кампенсацыі, калі набылі штосьці для дзіця, прынеслі квіток, і людзям вяртаюць грошы. Гэта складаны механізм, але яго можна стварыць.

«НН»:Вы казалі, што крызісу сям’і сёння няма… Але ў сёлетнім інтэрв’ю газеце «Звязда» ўзгадвалі, што 40% шлюбаў сканчаюцца разводам, а 40% сем’яў — няпоўныя. Ці гэта не крызіс?

АМ: Трэба глядзець, што разумець як крызіс. У нас крызісу няма ў тым плане, што нараджальнасць павысілася. А няпоўныя сем’і – гэта дрэнна, канечне.

Гутарыў Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930