Сенатар Паўлоўскі выйшаў пад хатні арышт
Заснавальнік гродзенскай кампаніі «Біякам», сенатар Андрэй Паўлоўскі знаходзіцца пад хатнім арыштам. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Камітэце дзяржбяспекі, супрацоўнікі якога затрымалі бізнэсмэна ў канцы кастрычніка.
«У ходзе расследавання крымінальнай справы выявіліся новыя акалічнасці, якія дазволілі змяніць яму меру стрымання», — сказаў прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын. Ён пацвердзіў, што Паўлоўскі цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Па словах крыніцы, «яго выпусцілі, каб ён кіраваў прадпрыемствам, запусціў завод і шукаў грошы для пакрыцця шкоды дзяржаве ў поўным памеры». «Такая форма ўзаемаадносін цяпер агульнапрынятая: заплаціў — выйшаў, не заплаціў — не выйшаў. У каго ёсць ўплывовыя заступнікі і досыць свабодных рэсурсаў на доўга там [СІЗА КДБ] не затрымліваюцца», — мяркуе інфармаваны суразмоўца.
Нагадаем, што 30 кастрычніка савет рэспублікі пазбавіў недатыкальнасці сенатара Андрэя Паўлоўскага. Перад парламентарыямі выступіў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, які распавёў пра ўтойванне падаткаў структурамі Паўлоўскага. Бізнэсмэна абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў на 144 млрд рублёў пры пастаўках харчовых дабавак, ветэрынарных прэпаратаў, а таксама матэрыялаў і тэхналагічнага абсталявання для аграпрамысловага комплексу. У КДБ адзначылі, што злачынная схема рэалізоўвалася па ініцыятыве кіраўніцтва групы кампаній «Біякам» з задзейнічаннем шэрагу падкантрольных замежных камерцыйных структур з васьмі краін.
«Пасля прыбыцця прадукцыі ў пункты мытнага афармлення Беларусі прадстаўнікі злачыннай групы ажыццяўлялі замену міжнародных таварасуправаджальных дакументаў (інвайсаў) на фіктыўныя. Адпраўнікамі замест фірмаў-вытворцаў ўказваліся падкантрольныя афшорныя кампаніі, а кошт тавару павялічваўся у тры разы. На ўнутраным рынку названыя тавары прадаваліся прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу з мінімальнай гандлёвай надбаўкай, што дазваляла зламыснікам заяўляць пра мінімальныя даходы і тым самым выплачваць сумы падаткаў толькі з нязначнай часткі рэальнай прыбытку. Асноўная яе частка вярталася ў замежнай валюце за мяжу лжэпастаўшчыкам», - патлумачылі ў ведамстве.
Пазней кампанія «Біякам» распаўсюдзіла паведамленне аб тым, што затрыманне Паўлоўскага можа негатыўна адбіцца на працы 700 прадпрыемстваў Беларусі. Там таксама нагадалі, што бізнэсмэнам былі ініцыяваныя і сёння рэалізуюцца «тры маштабныя інвестыцыйныя праекты». Праекты па будаўніцтве завода па перапрацоўцы сыроваткі і выпуску сыроватачна-тлушчавага канцэнтрату, а таксама завода па выпуску дзіцячага харчавання знаходзяцца ў высокай ступені завершанасці, сказана ў паведамленні.
Зараз у кампаніі «Біякам» ад каментароў адмовіліся.