Знайсці
29.11.2015 / 14:3717РусŁacБел

Клубы Мінска: на любы густ і бюджэт 

Студэнты ходзяць у адны клубы, мэнэджары і праграмісты — у іншыя, а ў замежнікаў ёсць свой спіс месцаў. Мы сабралі інфармацыю пра клубы ў Мінску, каб вы змаглі абраць той, які вам больш падыходзіць.

 1. Хуліган (вул. Кастрычніцкая, 16)

Месца тусовак прагрэсіўнай моладзі. Цяпер вечарыны праходзяць у вялікім памяшканні ЦЭХу, таму месца хопіць для усіх. Хоць «Хуліган» і мае статус бару, там заўсёды гучыць музыка, а моладзь танчыць. Сёння вуліца Кастрычніцкая з’яўляецца адным з самых папулярных месцаў для моладзі, таму ў «Хулігане» заўсёды шмат людзей. На кожных вечарынах ёсць кактэйлі ці напоі на зніжках. На большасці мерапрыемствах уваход вольны.

Фота poshyk.info

2. Пляцоўка-хол (Кастрычніцкая плошча, 1)

Адносна новае месца, якое прыйшло на змену клубу «Цэнтр». Яны яшчэ толькі пачынаюць працаваць, але ўжо па суботах Андрусь Такінданг праводзіць «Вышыванка-паці». У клубе абяцаюць цалкам беларускамоўнае абслугоўванне і акрэслены нацыянальны стыль. Цэны на ежу і алкагольныя напоі сярэднія для Мінску. Уваход вам абыдзецца не больш за 100 тысяч альбо ўвогуле бясплатна.

Фота sputnik.by.

3. Клуб «НЛА» (вул. Якуба Коласа, 37)

Адна самых вялікіх па плошчы клубных пляцовак. Шмат вечарынаў для студэнтаў, амаль штодзень тэматычныя вечарыны. Прыярытэтна грае папулярная замежная клубная музыка. Замовіць стол будзе каштаваць недзе 300 000, хлапцам уваход ад 50 000, а дзяўчатам да гадзіны ночы можна патрапіць бясплатна на большасць вечарынаў.

Фота nlo.by

4. Клуб «Тытан» (пр-т Дзяржынскага, 104)

Клуб каля станцыі метро «Пятроўшчына» і студэнцкай вёскі. Зноў-такі гэта месца правядзення студэнцкіх вечарын, пры гэтым на вечарынах яны збіраюць дастаткова людзей. Наведавальнікі сцвярджаюць, што ў клубе даволі высокія цэны. Для хлапцоў уваход звычайна каштуе каля 120 тысяч, жанчынам 100, але да 12-ці ночы ўваход бясплатны.

Фота titanminsk.by

5. «Джэк-клаб» (вул. Няміга, 12)

Клуб месціцца побач з «МакДональдсам» на Нямізе. «Джэк-клаб» займае падвальнае памяшканне, але гэта не псуе ўражання. Звычайны клуб, які славіцца жывой музыкай, футбольнымі трансляцыямі і ўтульнай атмасферай. Канцэрты «Нейра Дзюбеля» праходзяць там на ўра. Што тычыцца клубнай музыкі, то ўсё як у звычайным клубе. Складае ўражанне больш рок-клуба, чым папсовага.

Фота jackclub.restoran.360.by.

 6. «Графіці» (зав. Калініна, 16)

Паліна Рэспубліка, РСП, Аляксандр Саладуха, Dzieciuki — гэта малы спіс гуртоў, якія выступалі там. Сапраўднае беларускае месца, бо менавіта там нашыя андэграўндныя зоркі даюць выступы. Часта там бываюць акустычныя канцэрты пры аптымальных цэнах на білеты. Калі хочаце прыйсці паслухаць беларускую музыку ці патанчыць з сябрамі пад тых жа «дзюбеляў» — гэтае месца для вас. Уваход звычайна бясплатны. Бывае, што платны, але тады не больш за 100 тысяч.

Фота graffiti.by

7. Блэкхол-бар (вул. Кісялёва, 12)

3 гады таму, калі бар толькі адчыняўся, увесь байнэт абмяркоўваў стыль, у якім быў выкананы «Блэкхол». Сёння бар перажывае не найлепшыя часы, бо грошай было зрасходавана шмат, а з-за высокіх цэнаў людзі неахвотна хадзілі патусіць туды. Тут можна сустрэць беларускіх шоў-бізнэсоўцаў, прыйсці на канцэрт расійскіх поп-спявакоў. Тут выступаюць толькі дарагія зоркі, таму калі пойдзеце, рыхтуйце свае гаманцы. Квіткі могуць каштаваць аж цэлы мільён.

Фота dream-land.by.

8. Рок-клуб «TNT» (вул. Рэвалюцыйная, 9)

TNT хоць і рок-клуб, але толькі рокер з заробкам у 1000 долараў можа туды прыйсці. Усё вытрымана ў рок-стылі, у цэнтры горада, рок-атмасфера. Але дорага. Вядома, вы можаце ўзяць некалькі піваў за вечар і паслухаць любімы AC/DC, але ці так адпачываюць сапраўдныя рокеры? Сам клуб нечым нагадвае Hard Rock Cafe. Часам там праходзяць і канцэрты беларускіх альтэрнатыўных музыкаў. Калі хочаце цалкам акунуцца ў атмасферу рока — вам туды. І не забудзьцеся пашпарт, бо там яго заўсёды правяраюць.

Фота whereminsk.by.

9. Клуб «Re:Public» (вул. Прытыцкага, 62)

Клуб, які знакаміты сваімі поўнымі заламі. У гэтым клубе штораз выступае гурт Akute, святкуе юбілеі «Нейра Дзюбель», а фанатаў брытанскага гурту Enter Shikari сабралося столькі, што на канцэрце не было чым дыхаць. Канцэрты і вечарыны тут праходзяць амаль штодзень. Паколькі клуб знаходзіцца ў памяшканні былога кінатэатра, то гук тут заліковы. Сюды лепей прыходзіць з кампаніяй, каб адарвацца разам з сябрамі. Сярэдняя цана квітка на канцэрт — 100 000.

Фота budzma.by

10. Клуб «Dozari» (пр-т Незалежнасці, 58)

Самы папулярны клуб сярод замежнікаў. Тут нашыя беларускія дзяўчаты пераўтвараюцца ў феяў, а на іх пяшчотныя вочы павядзецца любы. Пры гэтым гэта адзін з самых дарагіх клубаў Мінска. Туды ходзяць па знаёмствы, бо там мужчыны маюць вялікі шанец. Хлапцам квіток будзе каштаваць 100—200 тысяч, а дзяўчатам на большасць мерапрыемстваў уваход вольны.

Фота restaurants.by.

11. Клуб «Blondes and brunettes» (вул. Камсамольская, 38)

Бландынкі і брунэткі з самага адкрыцця абзавяліся скандалам — з мужчынскай прыбіральні можна было назіраць за дзяўчатамі ў жаночай прыбіральні. Сёння тут шмат праходзіць закрытых вечарынаў. Тут апошні раз адпачываў Джарэд Лета, саліст гурту 30 Second to Mars. Таксама тут вельмі строгі дрэс-код і цэны прэміум-класа. Месца тусоўкі бізнэсоўцаў і свецкіх людзей. Калі вы дастаткова багаты чалавек, то можаце паспрабаваць туды трапіць.

Фота kyky.org.

12. Клуб «Madison Royal Club» (вул. Ціміразева, 9)

Клуб знаходзіцца побач з ГЦ «Карона» на ст.м. «Маладзёжная». Звычайна тут праходзяць студэнцкія вечарыны, аднак часта ладзяцца і свае. Памяшканне невялікае, як і танцпол, таму прыйдзецца ўвесь час ціснуцца. Інтэр’ер выкананы ў дарагім стылі, хоць клуб і не мае статус прэміум-класа. Цэны сярэднія па Мінску.

Фота priehali.by

13. Клуб «Юла» (вул. Сурганава, 26)

Кожную пятніцу тут праходзяць рэтра-вечарыны, якія ёсць і ў шмат якіх іншых клубах. Тут можна і паесці і выпіць, па раніцах тут нават сняданкі ёсць. Што тычыцца цэнаў, то дзяўчыны могуць прайсці бясплатна да 24:00. Пасля ж прыйдзецца заплаціць, як і хлапцам — 120 тысяч. Пасуе для таго, каб проста адпачыць сябрамі, а пасля патанчыць пад старыя хіты.

Фота websmi.by

14. Prime Hall (пр-т Пераможцаў, 65)

Менавіта тут даў свой першы канцэрт гурт Trubetskoy. Тады народу сабралося нямала, што, у прынцыпе, тычыцца і іншых канцэртаў у гэтым клубе. Дастаткова вялікае памяшканне дазваляе праводзіць канцэрты знакамітых гуртоў. Вось і зараз (праўда, канцэрт перанесены на наступны год) прыедзе ўкраінскі гурт Onuka, які грае ў жанры электра-фолк. Памяшканне адносна новае, акустыка добрая, таму і за квіткі на сваіх любімых гуртоў прыйдзецца аддаць шмат, нават і мільён.

Фота korona.by

* * *

У Мінску досыць клубаў на любы густ і настрой. А ў якія клубы ходзіце вы?

Мікіта Недаверкаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930