Знайсці
29.11.2015 / 15:3911РусŁacБел

Згублены ў моры: чалавек, які правёў 438 дзён на дрэйфуючай лодцы ў Ціхім акіяне

У лістападзе 2012 года Сальвадор Альварэнга рыбачыў ля берагоў Мексікі. Праз два дні пачаўся шторм, і ён падаў адчайны SOS. Больш пра яго 438 наступных дзён нічога не было вядома.

Паліцыянты плылі на маторцы праз лагуну на Маршалавых выспах, што знаходзяцца пасярод Ціхага акіяна, і глядзелі на чалавека, які сядзеў на палубе. Было добра відаць, што ён доўга прабыў у моры. Ягоныя валасы тырчалі пасмамі, барада звалялася. Ногі былі паапухаўшы, рукі сталі як палкі: ён ледзь хадзіў. Калі на яго глядзелі, ён адводзіў вочы, а часта й закрываў твар рукамі.

Сальвадор Альварэнга, 36-гадовы рыбак з Сальвадора, адплыў з узбярэжжа Мексікі ў маленькім чоўне з маладым кампаньёнам 14 месяцаў таму. Цяпер жа яго везлі на атол Эбон на паўднёвым ускрайку Маршалавых выспаў, у найбліжэйшы горад ад месца, дзе яго прыбіла да берага. Ён быў за 6700 міль (10780 км) ад пачатковага пункта свайго падарожжа, прадрэйфаваўшы 438 дзён.

Плывучы праз Ціхі акіян, назіраючы за месяцам, прылівамі й адлівамі больш за год, Альварэнга змагаўся з адзінотаю, дэпрэсіяй і прыступамі самагубчых думак. Але нават выжыванне ў свеце дзікай прыроды, яркіх галюцынацый і крайняе адзіноты не зрабіла яго гатовым да таго, што ён стане міжнароднаю знакамітасцю й аб'ектам цікаўнасці.

Праз некалькі дзён да Альварэнга прыехаў натоўп рэпарцёраў. Футболка мяшком вісела на ягоным худым целе, і ён павольна, але самастойна выйшаў з паліцэйскай маторкі. Па натоўпе, які чакаў убачыць вымучаную й прыкаваную да ложка ахвяру, пракацілася хваля недаверу. Альварэнга ўсміхнуўся й памахаў рукою ў камеры. Некаторыя назіральнікі адзначылі ягонае падабенства да героя Тома Хэнкса з фільма «Выгнанец». Фота клыпаючага па беразе рыбака стала вірусным. Слова Альварэнга стала імем агульным.

Хто зможа выжыць у моры сам адзін 14 месяцаў? Казку, у якой такое падарожжа канчаецца шчасліва, мог бы напісаць толькі галівудскі сцэнарыст. Я быў настроены скептычна, але пачаў капаць. Як аказалася, ёсць дзясяткі сведкаў, якія бачылі, як Альварэнга выправіўся ў мора, і чулі ягоны SOS. Калі таго прыбіла да берага ў тым жа чоўне, у якім ён пакінуў Мексіку, за тысячы міль ад яе, ён цвёрда адмаўляўся ад інтэрв'ю — і нават павесіў на дзвярах сваёй бальнічнае палаты запіску, у якой прасіў прэсу пакінуць яго ў спакоі.

Пазней я правёў многа часу з Альварэнга ў ягоным доме ў Сальвадоры. Цягам больш чым сарака гутарак ён падрабязна апісваў жорсткія рэаліі свайго больш чым гадавога надзвычайнага выжывання. Вось ягоная гісторыя.

18 лістапада 2012, на наступны дзень пасля таго, як яго заспеў моцны шторм, Альварэнга стараўся не зважаць на тое, што ў лодцы набіралася ўсё больш вады. Недасведчаны чалавек мог бы запанікаваць, пачаць вычэрпваць ваду й забыць аб сваёй асноўнай задачы: каб лодка трымала раўнавагу. Аднак Альварэнга быў рыбаком дасведчаным і ведаў, што рабіць. Разам са сваім неспрактыкаваным кампаньёнам, Есэк'елем Кардобам, ён быў за 50 міль (80 км) ад берага, павольна прабіваючыся назад.

Пакуль Альварэнга кіраваў лодкай, Кардоба адчайна вычэрпваў ваду.

Альварэнгаў 25-футавы човен быў удоўжкі як два легкавікі, ушыркі з адзін. У ім не было ні ўзвышэнняў, ні шкла, ні хадавых агнёў, таму ён быў практычна незаўважны ў моры. На палубе была скрыня са шкловалакна памерам з лядоўню, поўная свежае рыбы: тунец, акулы й дэльфінавыя рыбы — іхні ўлоў за два дні. 

У лодцы было 265 л бензіну, 60 л вады, 23 кілаграмы сардзін для прынады, 700 гачкоў, сотні метраў жылкі, гарпун, тры нажы, тры вядры для чарпання, сотавы тэлефон (у пластыкавым чахле, каб не намок), GPS-навігатар (неабаронены ад вады), двухбаковы радыёперадатчык з напаўзараджанаю батарэяй, некалькі ключоў для рухавіка і 91 кілаграм лёду.

Скрыня для лёду, у якой Альварэнга хаваўся ад сонца. Фатограф: Мэт Райдынг.

Альварэнга загружаў човен разам з Рэем Перэсам, сваім кампаньёнам і сябрам. Але Перэс не змог паплысці разам з ім. Таму Альварэнга, які хацеў выйсці ў мора, дамовіўся, што ў падмогу яму паплыве 22-гадовы Кардоба на мянушку Піньята, які жыў у далёкім канцы лагуны і быў вядомы як зорка абароны ў вясковай футбольнай камандзе. Альварэнга й Кардоба ніколі раней не размаўлялі і тым больш не працавалі разам.

Альварэнга напружана стараўся дабрацца да берага, лавіруючы сярод хваль, як сёрфер. Чым больш псавалася надвор'е, тым больш падаў духам Кардоба. Часам ён кідаў чэрпаць, хапаўся абедзвюма рукамі за поручні, плакаў і ванітаваў. Ён пайшоў у мора, каб зарабіць 50 даляраў. Ён быў здольны працаваць 12 гадзін запар без скаргаў, ён быў дужы. Але быць у чыстым моры ў шторм? Ён быў упэўнены, што іх чакае крушэнне, і іх з'ядуць акулы. Ён пачаў крычаць.

Альварэнга працягваў сціскаць руль. Урэшце паветра стала яснець, покрыва хмар паднялася: ён мог бачыць на мілі вакол. Каля 9-й раніцы Альварэнга заўважыў на даляглядзе гару. Яны былі прыкладна за дзве гадзіны ад зямлі, калі рухавік пачаў кашляць і захлынацца. Альварэнга выцягнуў радыё й звязаўся са сваім начальнікам:

— Вілі! Вілі! Вілі! Рухавік зламаўся!

— Супакойся, чувак, дай мне свае каардынаты, — адказаў Вілі з пляжных докаў Коста-Асуль.

— У нас няма GPS, ён не працуе.

— Кіньце якар, — загадаў Вілі.

— У нас няма якара, — адказаў Альварэнга.

Ён быў заўважыў гэта яшчэ перад выхадам у мора, але не думаў, што той можа спатрэбіцца на глыбокай вадзе.

— Добра, мы едзем вас шукаць, — адказаў Вілі.

— Не марудзьце, а то я тут сапраўды замудохаўся, — пракрычаў Альварэнга. Гэта былі ягоныя апошнія словы да берага.

Хвалі калашмацілі човен. Рыбакі ўпіраліся й прыхіналіся да борта лодкі, каб процідзеяць гайданцы.

Хвалі былі непрадказальныя, яны, сутыкаючыся ў паветры, злучаліся ў валы, на грэбнях якіх рыбакоў на момант падкідала на ўзровень трэцяга паверха, пасля чаго іх кідала ўніз, ствараючы адчуванне падаючага ліфта. Іхнія пляжныя шлёпнацы не давалі ніякага счаплення з палубаю.

Альварэнга зразумеў, што іхні ўлоў — амаль 500 кілаграмаў свежае рыбы — зніжаў устойлівасць лодкі. Ён асмеліўся прыняць самастойнае рашэнне: выкінуць за борт усю рыбу. Адну за адною яны выцягвалі тушы з маразільніка й выкідвалі іх у акіян. Скрываўленыя рыбіны прываблівалі акул.

Затым яны выкінулі лёд і дадатковы бензін. Альварэнга выпусціў з чоўна вяроўку з 50 буямі ў якасці імправізаванага «марскога якара», які плаваў на паверхні, запавольваючы рух і забяспечваючы большую ўстойлівасць. Але к 10 гадзінам раніцы радыё таксама перастала працаваць. Гэта было поўднем у першы дзень шторму, які, як ведаў Альварэнга, меў доўжыцца ля пяці дзён. Нават страта GPS ставіла іх у вельмі нязручнае становішча, а без радыёсувязі яны й наогул апынуліся сам-насам.

Шторм выпрабоўваў рыбакоў цэлы дзень, а яны сіліліся вычэрпваць ваду. Урэшце Альварэнга сарваўся. Ён схапіў цяжкую дубіну, якою забіваюць рыбу, і пачаў малаціць па зламаным рухавіку. Потым ён схапіў радыёперадатчык і GPS і злосна шпурнуў іх у ваду.

Сонца зайшло, шторм працягваў віраваць, тым часам як Кардоба й Альварэнга пачалі мерзнуць. Яны перакулілі скрыню для лёду, што была памерам з лядоўню, і забіліся ўнутр. Прамоклыя да ніткі й ледзь здольныя сціснуць у кулак свае скачанелыя рукі, яны абняліся, каб хоць трохі сагрэцца. Між тым вады ўсё прыбывала, і яны мусілі па чарзе вылазіць са скрыні, каб вычэрпваць яе. Праўда, па меры сціхання шторму вады пад нагамі паступова менела.

Цемра сціскала іхні свет, у той час як ураганны вецер зрываўся з берага й адносіў мужчын далей у мора. Ці не вярнуліся яны цяпер туды, дзе рыбачылі днём раней? А можа, іх пагнала на поўнач, у бок Акапулька, ці на поўдзень, у бок Панамы? Без звычайных сродкаў вылічвання адлегласці з арыенціраў ім заставаліся толькі зоркі.

Нягледзячы на адсутнасць прынады й рыбалоўных гачкоў, Альварэнга вынайшыў смелы спосаб лавіць рыбу. Ён клякаў на краі чоўна й правяраў, ці няма акул, а затым засоўваў рукі ў ваду да плеч. Шчыльна прыціснуўшыся грудзямі да барта, ён трымаў рукі нерухома, разведзенымі на некалькі цаляў. Калі між рукамі праплывала рыбіна, ён змыкаў іх, усмоктваючыся пазногцямі ў шурпатую луску. Кардоба ж чысціў рыбу сваім рыбацкім нажом, наразаў іх кавалкамі з палец шырынёю і пакідыў сушыцца на сонцы. Яны елі рыбіну за рыбінаю, сырыя і сушаныя. Часам ім удавалася злавіць чарапаху ці выпадковую лятучую рыбу, якая заскоквала ў човен.

Праз некалькі дзён Альварэнга пачаў піць сваю мачу, а за ім і Кардоба. Мача салёная, але не занадта агідная. Ён піў, мачыўся, піў і мачыўся зноў, і здавалася, што такі цыкл забяспечвае хаця б мінімальную колькасць вады. На справе ж, гэта толькі пагаршала абязводжванне. Альварэнга ведаў, што салёнай марской вады піць нельга.

«Я быў такі галодны, што еў свае пазногці, глытаючы ўсе маленькія кавалачкі», — расказвае Альварэнга. У нейкі момант ён паспрабаваў хапаць і есці мядуз. «Яны апальвалі мне горла», — кажа ён.

Недзе праз 14 дзён, калі яны спалі пад лядоўняй, Альварэнга пачуў гук дажджу. Яны з кампаньёнам кінуліся на палубу і рэалізавалі сістэму збору дажджавое вады, якую Альварэнга прадумваў тыдзень.

Уверсе сабраліся цёмныя хмары, і пасля некалькіх дзён піцця мачы й чарапашынае крыві на рыбакоў абрынуўся шторм. Падарожнікі раздзеліся й памыліся пад залевай. У пластыкавым вядры тым часам скапіліся дзве цалі прэснае вады. 

Альварэнгава падарожа з Мексікі да Маршалавых выспаў. Ілюстрацыя Гардыян грэфікс.

Пасля некалькіх тыдняў у моры Альварэнга й Кардоба сталі абазнанымі смецярамі. Яны навучыліся разрозніваць віды пласмасы, што боўталася ў акіяне. Яны хапалі й захоўвалі кожную пустую бутэльку з-пад вады, якую знаходзілі. Калі ў межах дасягальнасці праплываў зялёны смеццевы мяшок, яны выцягвалі яго ў човен і раздзіралі. У адным з такіх мяшкоў яны знайшлі шарык жавальнае гумкі й падзялілі яго.

У адным з мяшкоў са смеццем яны выявілі багацце: палову качана капусты, моркву й кварту малака. Яго выпілі адразу, хаця яно было ёлкае. 

Пасля злавілі й з'елі чарапаху.

«Мы гаварылі аб сваіх мамах, — узгадвае Альварэнга. — І як мы іх не слухаліся. Мы прасілі Бога дараваць нам, што былі такімі благімі дзецьмі. Мы ўяўлялі, як маглі б абняць ці пацалаваць сваіх маці, і абяцалі працаваць больш, каб ім больш не даводзілася працаваць. Але было запозна».

За два месяцы ў моры Альварэнга прывык да лоўлі й паядання птушак і чарапах, а вось у Кардобы пачаўся фізічны й псіхічны заняпад.

Кардобу нудзіла ад паядання сырых марскіх птахаў, і ён прыняў радыкальнае рашэнне — наогул адмовіцца ад ежы. Альварэнга прапаноўваў яму кавалкі птушынага мяса, кавалачкі чарапахі. Але Кардоба сціскаў рот. Дэпрэсія здушыла ягонае цела.

Мужчыны заключылі пагадненне. Калі выжыве Кардоба, то паедзе ў Сальвадор і наведае Альварэнгавых бацькоў. Калі ж выжыве Альварэнга, ён вернецца ў Ч'япас (у Мексіцы) і знойдзе Кардобаву пабожную маці, якая другі раз выйшла замуж за прапаведніка-евангеліста. «Ён папрасіў мяне расказаць ягонай маці, што ён не змог сказаць ёй да пабачэння, што ёй больш не давядзецца рабіць яму тамале, і што ён сышоў з Богам», — сказаў Альварэнга.

Аднойчы ранкам Кардоба памёр. 

«Я пасадзіў яго, каб трымаць далей ад вады. Я баяўся, што хваля змые яго з чоўна, — сказаў мне, Альварэнга. — Я некалькі гадзін плакаў».

Шэсць дзён пасля Кардобавае смерці Альварэнга перыядычна гутарыў з памерлым. І толькі пасля яго жахнула, што так ён можа звар'яцець. «Спачатку я вымыў яму ногі. Ягонае адзенне магло мне прыдацца, таму я зняў з яго шорты й футболку. Я апрануў яе — яна была чырвоная, з маленькімі чарапамі з касцямі, — а затым я ўтапіў яго. Сапхнуўшы яго ў ваду, я самлеў».

* * *

Апрытомнеў ён праз некалькі хвілін, апанаваны жахам. «Што мне рабіць адному?, — думаў ён. — І чаму памёр ён, а ня я? Гэта ж я запрасіў яго лавіць рыбу. Я вініў сябе ў ягонай смерці», — расказваў Альварэнга

Але ягоная воля да жыцця й страх самагубства (маці ў маленстве вучыла яго, што тыя, хто забівае сябе, ніколі не трапяць на нябёсы) змушала яго трымацца і старанна выглядваць караблі ў акіяне. Найлепш гэта ўдавалася пры ўзыходзе й захадзе сонца, бо размытыя фігуры на небакраі ператвараліся ў ясныя сілуэты, а сонца ня надта сляпіла. Альварэнгаў зрок палепшаў настолькі, што ён стаў здольны апазнаць карабель нават у маленькай кропцы на даляглядзе. Калі той набліжаўся, Альварэнга вызначаў ягоны тып — звычайна гэта быў акіянскі кантэйнеравоз — пакуль той з шумам праходзіў побач. Гэтыя марскія баржы рассякалі мора лёгка, без усякае заўважнае дзейнасці каманды на палубе — яны былі нібы марскія беспілотнікі. Кожнае з'яўленне карабля дадавала Альварэнгу сіл, што змушала яго скакаць і размахваць рукамі гадзінамі. На даляглядзе прайшло каля 20 розных кантэйнеравозаў. Штормы білі ягоны маленькі човен, але па меры таго, як яго адносіла ўсё далей у мора, яны ставалі ўсё карацейшымі.

Каб застацца ў сваім розуме, Альварэнга даў волю ўяве. Ён уявіў сабе настолькі праўдападобную іншую рэчаіснасць, што пазней мог цалком сумленна сказаць: будучы адзін у моры, я каштаваў найлепшыя стравы ў сваім жыцці й меў найлепшы сэкс. Ён авалодваў мастацтвам ператварэння свае адзіноты ў мроепадобны свет. Ягоны ранак пачынаўся з доўгае прагулянкі. «Я хадзіў туды-сюды па чоўне і ўяўляў, што хаджу па зямлі. Робячы гэта, я мог змусіць сябе паверыць, што й на справе нешта раблю, а не проста сяджу тут, думаючы аб смерці».

Альварэнга адгарадзіўся ад змрочнае рэчаіснасці мроямі.

Калі ён быў малы, дзед навучыў яго адсочваць час па месяцы. Цяпер, адзін у адкрытым акіяне, ён заўсёды ведаў, колькі месяцаў правёў на вадзе. Ён быў перакананы, што ягоным наступным прыпынкам будуць нябёсы.

Яго хутка несла плынь, і раптам неба запоўнілі берагавыя птахі. Альварэнга ўзіраўся, напружыўшы шыю. З туману выплыла трапічная выспа — зялёны ціхаакіянскі атол, невялікі пагорак, акружаны калейдаскопам бірузовых вод.

Відзежы не маглі доўжыцца столькі часу. Можа, неба нарэшце пачула ягоныя малітвы? Альварэнга імгненна ўявіў кучу сцэнароў бедства. Яго магло знесці з курса ці панесці назад — як ужо здаралася. Ён глядзеў на зямлю, стараючыся высветліць, што было на беразе. Па ўсёй бачнасці, гэта была маленькая выспа, ня большая за футбольнае поле. Яна здавалася дзікаю — на ёй не было ні дарог, ні машын, ні дамоў.

Ён адрэзаў нажом патрапаную нізку буёў. Гэта быў рашучы крок. У адкрытым акіяне, без марскога якара, ён мог лёгка перакуліцца нават пры невялікім трапічным шторме. Але Альварэнга ясна бачыў берагавую лінію, і вырашыў, што хуткасць тут важнейшая за ўстойлівасць.

Праз гадзіну яго прыбіла да пляжа. За метраў дзесяць ад берага, Альварэнга нырнуў у ваду, затым паплыў па-сабачаму, пакуль вялікая хваля не падхапіла яго й ня вынесла на бераг, як трэску. Калі хваля схлынула, Альварэнга застаўся ляжаць ніцма на пяску. «Я трымаў жменю пяску так, нібы гэта быў пясок залаты», — казаў ён мне.

Радыёперамовы пасля высадкі на атоле Эбон. Фатограф: Оля Фельдстад.

Згаладнелы рыбак прапоўз галяком па дыване з мокрага пальмавага лісця, вострых шкарлупін какосавых гарэхаў і пахкіх кветак. Ён не змог прастаяць больш за пару секунд. «Я быў цалком знішчаны й худы як дошка, — расказвае ён. — Адзінае, што засталося — кішкі, скура й косткі. На маіх руках больш не было мышцаў».

Альварэнгу прыбіла да берага на Чарапічнай Выспе, маленькай частцы атола Эбон, які месціцца на паўднёвым ускрайку групы з 1156 выспаў, з якіх складаецца Рэспубліка Маршалавы Астравы, адзін з самых аддаленых куткоў зямлі.

Гэта за 6400 км ад Аляскі, за 4000 км ад Брысбэна ў Аўстраліі. Калі б не Эбон, Альварэнгу панесла б на поўнач ад Аўстраліі. Магчыма, ён выйшаў бы на сушу ў Папуа Новай Гвінеі ці на ўсходнім ўзбярэжжы Філіпін.

Калі Альварэнга прабраўся праз падлесак, ён раптам апынуўся ля невялікага канала, што ідзе да прыбярэжнае хаціны Эмі Лібакмета ды ейнага мужа Расэла Лайкідрыка. «Я глянула на той бок канала і ўбачыла там гэтага белага, — кажа Эмі. — Ён галасіў. Ён быў слабесенькі. Я спачатку падумала, што ён выпаў з аднаго з караблёў».

Эмі й Расэл, якія жывуць са збору і перапрацоўкі арэхаў, пасля асцярожнага знаёмства, прытулілі Альварэнгу. Ён прасіў лекаў і доктара. «Мы не разумелі адно аднаго, але я ўсё гаварыў і гаварыў, — расказвае Альварэнга. — Чым больш я гаварыў, тым больш мы рагаталі. Не ведаю, чаму мы смяяліся. Я смяяўся, бо быў уратаваны».

Расэл паплыў праз лагуну да галоўнага горада й парта на выспе Эбон папрасіць дапамогі ў мэра. Праз некалькі гадзін да Альварэнга прыбыла група, што ўключала ў сябе паліцыянтаў і медсястру. Яны ўгаворвалі яго сесці да іх у човен і выправіцца ў Эбон. Пакуль яны выхаджвалі здзічэлага чалавека й спрабавалі выцягнуць з яго падрабязнасці ягонага падарожжа, адзін нарвежскі антраполаг, які ў той час быў на Маршалавых выспах, апавясціў Marshall Islands Journal.

Першы артыкул, напісаны Гіфам Джонсанам, выйшаў пад лагатыпам Агенцтва Франс-Прэс (AFP) 31 студзеня. Журналісты з Гаваяў, Лос-Анджэлеса й Аўстраліі змагаліся, каб прабрацца на выспу ды першымі ўзяць інтэрв'ю ў меркаванага ўратаванца. Яны прабіваліся званкамі на адзіную на Эбоне тэлефонную лінію. Факты пацвярджалі праўдзівасць гісторыі Альварэнга: знікненне, ратавальная аперацыя каля берагоў Мексікі, супадзенне ягонага шляху з вядомымі акіянскімі цячэннямі.

Альварэнгаў начальнік пацвердзіў, што рэгістрацыйны нумар чоўна, на якім таго прыбіла да берага, супадае з нумарам чоўна, на якім ён пакінуў порт 17 лістапада 2012 года перад знікненнем. А прадстаўнік мексіканскае пошукава-ратавальнае службы Хаймэ Мароквін апісаў адчайныя пошукі Альварэнгі й Кардобы. «Дзьмуў моцны вецер, — сказаў Мароквін, — і праз два дні нам давялося спыніць пошукавыя вылеты з-за кепскае бачнасці»..

Зноў дома ў Сальвадоры. Цягам месяцаў ён быў у шоку, баючыся вады. Фатограф: Оскар Мэчан.

На Маршалавых выспах стан Альварэнгавага здароўя няўхільна пагаршаўся. Ногі й рукі паапухалі. Тканкі былі настолькі доўга пазбаўленыя вады, што цяпер усмоктвалі ўсё… Толькі праз 11 дзён Альварэнгава здароўе дазволіла яму падарожжа дамоў у Сальвадор.

Там у яго выявілі малакроўе. Дактары таксама падазравалі, што ў выніку харчавання сырымі чарапахамі й птахамі ў ягонай печані маглі пасяліцца паразіты.

Былі ў яго і псіхічныя праблемы.

Не адразу ён змог пабываць у Мексіцы, каб выканаць апошнюю волю Кардобы.

У Альварэнга развіўся глыбокі страх ня толькі перад акіянам, але нават перад відам вады. Ён спаў з уключаным святлом, і яму ўвесь час было патрэбная нечая кампанія. У хуткім часе пасля свайго вяртання ён прызначыў юрыста, які б займаўся медыйнымі запытамі, што прыходзілі з усяго свету. Пазней ён змяніў прадстаўніка, і былы юрыст падаў на яго ў суд, запатрабаваўшы мільён даляраў за нібыта парушэнне дамовы.

Толькі праз год Альварэнга пачаў вяртацца да нармальнасці. 438 дзён ён пражыў на мяжы вар'яцтва. «Я галадаў, смягнуў, але не забіў сябе, — кажа Альварэнга. — Вам дадзена толькі адно жыццё — дык цаніце яго».

* * *

Гэта адрэдагаваная вытрымка з кнігі Джонатана Франкліна «438 дзён», надрукаванай выдавецтвам Macmillan.

Джонатан Франклін, «Гардыян»; пераклаў Алег Жлутка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930