Знайсці
31.12.2015 / 00:44227РусŁacБел

«Воіны Хрыста»: як асобныя святары і афіцэры на Гродзеншчыне рыхтуюць салдатаў «рускага свету»

Пад патранажам праваслаўнай царквы ў Беларусі дзейнічаюць сумнеўныя «вайскова-­патрыятычныя» клубы для моладзі.

Інструктары «Казацкага спасу» злева направа: Пятро Зубацкі, Пятро Шапко, Сяргей Зубацкі. Праваруч — лейтэнант міліцыі Дзяніс Мішкель. За спінаю Сяргея Зубацкага — маёр міліцыі Павал Найда.

Вось, з аўтаматамі, Сяргей і Пятро Зубацкія — магчыма, браты.

Абодва яны не хаваюць сваіх поглядаў — іх старонкі Укантакце заваленыя імперскімі і расійскімі сцягамі, тэкстамі ў падтрымку баевікоў Данбаса. І картамі, дзе Беларусь пазначаная часткаю Расіі.

Скрыншот фота на старонцы Пятра Зубацкага.

Яны падпісаныя на суполку «Белоруссія Северо-­Западный край Россіі», якая ўжо сваёй назваю цягне на крымінальны артыкул за заклікі да ліквідацыі Беларусі як дзяржавы.

Кантэнт гэтай суполкі складаюць беларусаненавісніцкія тэксты.

«Пазняк, Шушкевіч і Лукашэнка для мяне ў адным шэрагу — усе яны незалежнікі недаробленыя», — піша адзін з сяброў гэтай суполкі.

Іншы разважае пра беларускую мову: «Як часта вы карыстаецеся гэтым га.ном»?

Пятро Зубацкі адказвае, што «сапсаванай палякамі рускай мовай? Ніколі!».

Сяргей Зубацкі ж расказвае сваім сябрам пра тое, што дарма Лукашэнка «захапляецца ліцвінізмам» і што нібыта беларусы Гомельшчыны і Магілёўшчыны «воўкам вылі», калі іх «гвалтоўна» далучалі да БССР у 1926 годзе.

Словам, Зубацкія — патэнцыйныя сепаратысты, якія таго і не хаваюць.

Злева направа за кадэтамі: маёр міліцыі Павел Найда, «казакі» Пятро Зубацкі, Сяргей Зубацкі. 

Інструктары

А вось мы бачым Зубацкіх на фота сярод падлеткаў.

На некаторых дзецях — чорны берэт.

Гэта фота з палявых вучэнняў выхаванцаў клубаў «Славяне» і «Дружына» — гэтак званых «праваслаўных вайскова­патрыятычных» клубаў Гродзенскай епархіі.

Зубацкія тут — інструктары, якія прадстаўляюць структуру «Казацкі спас».

Мы сталі разбірацца, хто яшчэ з дарослых на гэтых фотах. І былі шакаваныя, калі выявілі прынамсі двух афіцэраў міліцыі.

Чаму ў Гродне?

Гродзеншчына — самы каталіцкі рэгіён Беларусі. Доля праваслаўных вернікаў тут меншая, чым у іншых абласцях. Але менавіта Гродзенская епархія лідзіруе ў іншым — актыўнасцю ў стварэнні гэтак званых «вайскова-­патрыятычных» клубаў.

Лейтэнант міліцыі Мішкель (злева) і протаіерэй Яўген Павяльчук (справа), стваральнікі клубаў «Славяне» і «Дружына».

У вобласці іх дзейнічае аж пяць.

Гэта «Дружына» пры храме Богаяўлення ў Шчучыне, «Славяне» пры Свята­-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна, «Віцязі» пры Свята-­Уладзімірскай царкве ў Гродне, «Белая Русь» пры храме Святога дабраславёнага князя Аляксандра Неўскага ў вёсцы Верцялішкі і клуб «Братэрства» пры храме ў гонар Сабора Усіх Беларускіх Святых горада Гродна.

Акрамя Гродна, праваслаўныя вайскова-­патрыятычныя клубы зафіксаваныя ў Віцебску, Слоніме, Брэсце, Тураве, Беразіне, Магілёве, Гомелі, Полацку, Бабруйску. Усяго іх 14.

Мы мірная, спакойная краіна. Ніякіх пагроз праваслаўю няма, у краіне ўжо сотні гадоў не было ніякай міжрэлігійнай варожасці. Нашто праваслаўным ваенізаваная падрыхтоўка?

Яўген Павяльчук прычашчае малалетняга ўдзельніка збораў

«Наша Ніва» датэлефанавалася да протаіерэя Яўгена Павельчука, які ў Гродзенскай епархіі адказны за супрацу з вайсковымі структурамі і з’яўляецца заснавальнікам «Славян» і «Дружыны». Першы раз, пачуўшы, адкуль яму тэлефануюць, Яўген сказаў «до свіданія», але пасля таго, як яму пазванілі з прэс­-службы епархіі, усё ж пагадзіўся пагаварыць.

«Мы вучым дзяцей патрыятызму, патрыятызму беларускаму, — сказаў Павяльчук, — і калі вы ацэньваеце гэтую працу толькі па карцінках у інтэрнэце, то гэта не правільна. Трэба ведаць працу клубаў знутры. Нам крыўдна, што вы вінаваціце нас у тым, у чым мы не вінаватыя. Мы рыхтуем веруючых грамадзян Беларусі».

На пытанне, ці не бачыць ён пагрозы беларускаму патрыятызму ў тым, што з дзецьмі займаюцца адкрытыя расійскія шавіністы, Павяльчук сказаў, што такога няма, і абвінаваціў нас у хлусні. Аднак змяніў тон, калі мы прыгадалі яму фотасправаздачы, змешчаныя на сайце арганізацыі «Казацкі спас».

«Ну было, так, яны [інструктары Шапко] адзін раз бралі ўдзел у палявым выхадзе, і што? Не бачу абсалютна нічога адмоўнага», — сказаў Павяльчук.

«Вырасцеце воінамі Хрыста»

У мілітарызаваныя суполкі набіраюць у тым ліку «цяжкіх», агрэсіўных падлеткаў. Дзеці 4 разы на тыдзень наведваюць заняткі, дзе з імі праводзяць духоўныя гутаркі, але таксама вучаць рукапашнаму бою, стральбе з аўтаматаў і пісталетаў, навыкам выжывання, асновам медычнай дапамогі.

Проста 13-гадовыя пацанчыкі з аўтаматамі.

Непаўналетніх сяброў гэтых «клубаў» больш за 100 чалавек.

Адзін-­два разы на месяц дзеці разам з інструктарамі выпраўляюцца ў лес, каб праверыць тэорыю на практыцы — пад выбухі штучных гранат яны гуляюць у страйкбол і адпрацоўваюць паводзіны ў баявых сітуацыях.

«Мы чакаем плёну, спадзяёмся, што ўсе вы вырасцеце годнымі воінамі Хрыста», — такія словы благачыннага Шчучынскай акругі іерэя Аляксандра Пастарняка на адрас кадэтаў прыводзіць сайт Church.by. (на момант публікацыі спасылка не працавала і старонка захавалася толькі ў кэшы гугла. Таму вось яшчэ і скрыншот)

Чорныя берэты

 У «клубах» епархіі ёсць і свае званні, аналагічныя вайсковым, а таксама найвышэйшая форма прызнання здольнасцяў — права насіць «чорны берэт».

Каб атрымаць «чорны берэт», выхаванец г.зв. «вайскова­патрыятычнага» клуба мусіць прайсці выпрабаванні накшталт спрошчанай здачы на «крапавы»: прабегчы 10 кіламетраў у поўнай выкладцы, прайсці паласу перашкодаў і адстаяць тры раўнды ў рукапашным баі з інструктарам.

Апроч таго, «чорныя берэты» бясплатна скачуць з парашутамі на базе Гродзенскага аэраклуба.

«Яны непаўналетнія, таму мы з іх грошай не бяром, мы ж бюджэтная арганізацыя», — сказалі «Нашай Ніве» ў аэраклубе.

Форма, харчаванне, пнеўматычная зброя — на ўтрыманне гэтых клубаў cыходзіць велізарная сума. Да прыкладу, кошт найтаннейшага патрыманага страйкбольнага аўтамата Калашнікава пачынаецца ад 120 даляраў.

Падчас прысягі дзеці клянуцца быць «вернымі чадамі Святой Рускай Праваслаўнай Царквы».

Кадр з «прысягі». Хлопцу з аўтаматам на выгляд гадоў дзесяці.

«Хто твае куміры?» — «Мікалай ІІ і Дзёмушкін»

Хто кіруе «Славянамі» і «Дружынай» — узгаданымі клубамі, на трэніроўкі якіх запрашаюць братоў Зубацкіх і іншых падобных «інструктараў»?

Клуб «Дружына» заснавалі святар Яўген Павяльчук і супрацоўнік Шчучынскага дэпартамента аховы Дзяніс Мішкель.

Потым протаіерэя Яўгена перавялі ў Гродна, дзе ён заснаваў яшчэ адзін клуб, «Славяне». Неўзабаве ў Гродна перабраўся і Дзяніс Мішкель, стаўшы адначасова і інструктарам новага клуба, і старшым інспектарам аддзялення ідэалагічнай работы Гродзенскага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы МУС.

Яшчэ адзін інструктар клуба «Дружына» — начальнік аператыўна­-дзяжурнай службы Шчучынскага РАУС маёр міліцыі Павел Найда.

Мішкель і Найда ў міліцэйскай форме разам з кадэтамі

Хтосьці можа не адшукаць у гэтых клубах нічога кепскага. Усё ж фізічная нагрузка для падлеткаў. Але для чаго тыя расійскія сцягі? Чаму няма папулярызацыі поспехаў нашай краіны — Беларусі, праслаўлення нашых герояў — беларускіх, ушанавання нашай сімволікі — нацыянальнай ці дзяржаўнай, каму як падабаецца?

Вось, да прыкладу, скрыншоты са старонак выхаванцаў Дзяніса Мішкеля Укантакце.

«Хто твае куміры?» — пытаюцца ў аднаго з выхаванцаў Мішкеля на старонцы ў сацсетках. «Мікалай ІІ і Дзёмушкін», — адказвае хлопец. (Зміцер Дзёмушкін — расійскі скінхэд, ідэолаг рускага нацыяналізму.)

Іншы хлопец змяшчае расійскі імперскі сцяг на сваёй старонцы побач з уласнымі фотаздымкамі.

Хто заклаў такія ідэі ў галовы падлеткаў, якія яшчэ не скончылі і школы? 

І рэклама РНЕ

Адміністратары суполкі «Праваслаўных вайскова­-патрыятычных клубаў Гродзенскай епархіі» Укантакце не саромеюцца выкладаць на сценцы суполкі расійскія сцягі. 

А на інтэрнэт­-старонцы клубаў «Славянін» і «Дружына», якімі кіруе лейтэнант-­ідэолаг гродзенскай міліцыі Дзяніс Мішкель і маёр Найда, увогуле змешчаная рэклама… баевікоў РНЕ! У ёй добраахвотнікаў запрашаюць на вайну «ў абарону рускіх на тэрыторыі былой (!) Украіны».

Афіцыйнай беларускай сімволікі ў суполках няма ўвогуле.

Ад каго «спасаць» збіраюцца?

Зубацкія належаць да дарослай арганізацыі «Казацкі спас».

З кантэнту ў суполцы «Казацкага спасу» ў сацсетках вынікае, што гэтыя людзі проста прагнуць далучыцца да Расіі. Хоць арганізацыя падае сябе як «беларускіх казакоў», у іх суполцы толькі расійскія і імперскія сцягі, да якіх далучаныя запісы накшталт «Мы — рускія, з намі Бог».

На іх сайце з'яўляюцца і справаздачы аб удзеле сяброў «Казацкага спасу» ў маскоўскіх семінарах. 

Карэспандэнты «Нашай Нівы» яшчэ дзесяць гадоў таму, робячы журналісцкія расследаванні, назіралі, як на аналагічныя сустрэчы масава вазілі і будучых кіраўнікоў баевікоў Данбаса.

Дарэчы, кіраўнік «Казацкага спасу» Пятро Шапко — часты госць на ток-­шоу Гігіна. Праўда, у Вадзіма Францавіча яго прэзентуюць не як «казака», а як кіраўніка ініцыятывы «Горад без наркотыкаў».

Адзіныя казакі ў беларускай гісторыі 

У старадаўняй Беларусі казакоў ніколі не было, у даўнія часы яны былі ва Украіне, а нашы продкі лічылі іх бандзюгамі, якія сеюць хаос. 

Адзіным мясцовым выключэннем сталі казакі палкоўніка Паклонскага на Магілёўшчыне, што ўзніклі пад уплывам казацтва Багдана Хмяльніцкага ў часе вялікіх войнаў Рэчы Паспалітай, Масковіі, Швецыі і Запарожскай Сечы у 1648—1667 гадах. Спачатку яны дапамаглі маскоўскаму цару захапіць Магілёў, а калі раскусілі характар саюзнікаў, уначы перарэзалі расійскі гарнізон да апошняга чалавека.

Хто такія сённяшнія «казакі»?

Сучасныя «казацкія» арганізацыі Беларусі — гэта сумнеўнага паходжання мілітарызаваныя суполкі. Іх некалькі: «Усебеларускае казацтва», «Нёманскае казацтва», «Казацкі спас» ды іншыя.

Нядаўні хросны ход сучасных «казакоў» у Сапоцкіне.

Ні адна з іх не мае дачынення да сапраўднага, гістарычнага казацтва. Але мэты найбольш радыкальных з іх мала розняцца ад мэт колішніх баевікоў РНЕ — радыкальнай арганізацыі, дзейнасць якой беларускія спецслужбы спынілі ў сярэдзіне 2000-­х.

Небяспечныя сувязі

Бачылі кадры з Данбаса, у што там ператварылі багаты край? Тое самае зробяць і з Беларуссю, калі мы будзем дурнямі.

Ці звязаныя нечым між сабой, акрамя ідэйнай блізкасці, кіраўнік «Казацкага спасу» Шапко і афіцэры беларускай міліцыі Мішкель і Найда? Ці гэта проста выпадковасць і магчымасць такім чынам «асвойваць» сродкі, што паступаюць ад няясных расійскіх структур па каналах РПЦ? Мы не маем адказу на гэтае пытанне.

Дзяніс Мішкель падчас размовы з журналістам «НН» сказаў толькі, што «не разумее, пра што ідзе гаворка», і кінуў трубку.

Калі беларускіх дзяцей у 10 гадоў аддаюць на «выхаванне» інструктарам, якія не прызнаюць беларусаў за нацыю, якія былі б рады ліквідацыі Беларусі як дзяржавы, то што гэта калі не бомба запаволенага дзеяння? Прыкра, што гэтаму свядома ці несвядома спрыяюць і асобныя праваслаўныя святары, і дзейсныя супрацоўнікі беларускай міліцыі.

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера