Назіральнік у Баранавічах паказаў перапісаны пратакол, у Караткевіч забралі больш за палову галасоў ФОТЫ
Відавочцы перакананыя, што на ўчастку №36 у Баранавічах адбылася фальсіфікацыя.
На пратаколе пасля падліку галасоў былі запісаныя адны лічбы, а ў «тым жа» пратаколе ў тэрытарыяльнай камісіі — зусім іншыя.
Карэспандэнт мясцовай газеты ў Баранавічах Макар Маліноўскі прысутнічаў на падліку галасоў на выбарчым ўчастку №36, што ў Палацы дзіцячай творчасці.
Былі агучаныя наступныя вынікі галасавання: Таццяну Караткевіч падтрымалі 230 з 1347 выбарцаў (17,1%), а Аляксандра Лукашэнку — 1014 з 1347 (75,3%).
Незалежныя назіральнікі Сяргей Марцінкевіч і Галіна Ярашэвіч сфатаграфавалі пратакол.
Макар Маліноўскі
Праз дзень пасля выбараў карэспандэнт завітаў да старшыні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Тамары Шукала і папрасіў азнаёміцца з пратаколамі ўчасткаў. Старшыня паказала ўсе 68 пратаколаў. Карэспандэнт зноў ледзь змог стрымаць сваё здзіўленне: на пратаколе ўчастка №36 былі зусім іншыя лічбы.
Яўка «вырасла» на 118 чалавек. Колькасць галасоў за Караткевіч зменшылася на 130, ёй пакінулі менш за 7%. А вось падтрымка Лукашэнкі вырасла на 269 галасоў. Цяпер у яго стала 88%.
Макар Маліноўскі
Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, заведама няправільны падлік галасоў ці іншае скажэнне вынікаў галасавання можа карацца пазбаўленнем свабоды да пяці гадоў.