Знайсці
14.10.2015 / 18:2511РусŁacБел

Рада БНР: Прэзідэнцкія выбары не былі дэмакратычным волевыяўленнем беларускага народа

Выбары прэзідэнта Беларусі, праведзеныя 11 кастрычніка, «не могуць лічыцца справядлівым і дэмакратычным волевыяўленнем беларускага народа, а іх вынікі не маюць юрыдычнай сілы». З такой заявай выступіла Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 

Тэкст заявы змешчаны на старонцы Рады БНР у фэйсбуку.

Рада БНР звяртае ўвагу на такія фактары, як адсутнасць раўнапраўных умоваў для вядзення выбарчай кампаніі; непадкантрольнасць і непадсправаздачнасць цэнтральнай і мясцовых выбарчых камісій беларускаму грамадству; цалкам непразрысты для назіральнікаў працэс падліку галасоў; агульная атмасфера ў беларускім грамадстве, якая склалася на працягу дваццаці гадоў аўтарытарызму і ўключае далейшы націск на палітычныя і грамадскія арганізацыі, націск на недзяржаўныя СМІ, агульную адсутнасць дэмакратычнага палітычнага працэсу ў краіне.

Улічваючы гэтыя фактары, Рада БНР робіць выснову, што «грамадзянін Аляксандр Лукашэнка, які паводле афіцыйных вынікаў мае быць абвешчаны пераможцам прайшоўшых «выбараў», надалей не з'яўляецца законна абраным прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь». 

«Рэспубліка Беларусь надалей застаецца недэмакратычнай дзяржавай, дзе адсутнічае інстытуцыяналізаваная палітычная канкурэнцыя, а ўлада незаконна манапалізаваная групай людзей на чале з Аляксандрам Лукашэнкам», — адзначаецца ў заяве. 

Рада БНР заклікае ўлады Беларусі гарантаваць грамадзянам дэмакратычныя правы і свабоды, замацаваныя ў тым ліку ў дзейным заканадаўстве, а таксама стварыць у краіне перадумовы для правядзення паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў.

У прыватнасці, Рада БНР заклікае ўлады да правядзення парламенцкіх выбараў у 2016 годзе ў адпаведнасці з міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі і пад кантролем міжнародных назіральнікаў.

Першым крокам да нармалізацыі палітычнай атмасферы ў Беларусі Рада БНР лічыць вызваленне палітвязняў, якое адбылося напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. 

«Зважаючы на актуальную сітуацыю ў міжнароднай палітыцы і ў эканоміцы, Рада БНР заяўляе, што адсутнасць дэмакратычнага палітычнага працэсу ў Беларусі і манапалізацыя ўлады ў краіне з боку групы на чале з А.Лукашэнкам з'яўляюцца непасрэднай пагрозай незалежнасці Беларусі і дабрабыту беларусаў», — гаворыцца ў заяве. 

Рада БНР заклікае міжнародную супольнасць «спрыяць дэмакратызацыі Беларусі і ажыццяўляць націск на афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь з гэтай мэтай».

Рада БНР называе сябе беларускім урадам у выгнанні, «найвышэйшай установай і адзіным праўным прадстаўніцтвам суверэнных правоў беларускага народа‚ выяўленых у праватворчым Акце 25 сакавіка 1918 г.‚ зафіксаваным Трэцяй устаўной граматай БНР». Рада БНР працуе ў краінах, дзе ёсць яе прадстаўнікі: у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і інш.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера